У пасёлку Балбасава Аршанскага раёну, былым вайсковым гарадку № 20, аўрал. Шмат што зьмянілася тут апошнімі тыднямі: пасёлак рыхтуюць да візыту Аляксандра Лукашэнкі, які мае прыехаць днямі і праверыць выкананьне свайго загаду «зрабіць Балбасава шыкоўным месцам».
Лукашэнка сам праверыць
Пераўтварэньні пачаліся ў Балбасаве пасьля мінулага прыезду Аляксандра Лукашэнкі ў ліпені гэтага году. Тады ён наведаў тутэйшы авіярамонтны завод, заявіўшы пра яго нацыяналізацыю, а таксама прайшоўся па пасёлку і загадаў да 7 лістапада правесьці тут добраўпарадкаваньне.
Жыхары гавораць, што візыту з праверкай мясцовыя ўлады чакаюць раней, і таму ўсе работы загадана завяршыць ужо да 31 кастрычніка.
«А можа, гэта знарок загадалі, каб у апошні тыдзень завяршыць усе недаробкі? Бо, вядома ж, да 31-га не пасьпеюць. На месцы начальства я загадала б тое-сёе і перарабіць: асфальту накаталі, а з ходнікаў саступіш — і адразу ў лужыну! Асфальт, дарэчы, клалі пад дажджом. Што зь ім будзе пасьля зімы?» — разважае мясцовая пэнсіянэрка Таіса Ўладзімераўна.
Жыхары Балбасава прагульваюцца па пасёлку, не зважаючы на кепскае надвор’е: глядзяць, што і дзе перамянілася. У дварах выкарчавалі старыя дрэвы, прывезьлі зямлю, зрабілі новыя газоны і клюмбы. Адрамантавалі гаўбцы, на дамах уздоўж цэнтральнай вуліцы Грыцаўца разьмясьцілі малюнкі — партрэты лётчыкаў, герояў Савецкага Саюзу. Але пераўтварэньні закранулі выключна цэнтар, па якім Аляксандар Лукашэнка шпацыраваў мінулым разам.
Людзі кажуць: паказуха
Пасьля ліпеньскага візыту Аляксандра Лукашэнкі на добраўпарадкаваньне Балбасава было выдаткавана каля 7,5 мільёна рублёў. Аднак выглядае, што «ўкладзена» куды болей: прыкладам, абсталяваньне для дзіцячых пляцовак падарылі спонсары, а помнік Грыцаўцу добраўпарадкавалі за кошт мясцовага бюджэту. Зрэшты, наконт апошняга ёсьць сумнёвы, лічыць 30-гадовая жыхарка Балбасава Ганна, беспрацоўная:
«Навялі прыгажосьць! Але ж адразу відаць, што паказуха: то не было нічога, то раптам зьявілася ўсё — усе гэтая новыя гаўбцы, клюмбы, дарожкі, цэлы парк каля самалёта... А працаваць няма дзе. Зразумела, што ў пасёлку жывуць пераважна вайскоўцы-адстаўнікі, якія засталіся тут пасьля расфармаваньня авіяцыйнага палка ў нашым гарадку. Ім, можа, гэта ўсё і падабаецца, а моладзі — не!»
Калісьці насельніцтва Балбасава сягала пад 9 тысяч чалавек, цяпер няма і 4 тысяч. У савецкія часы тутэйшы авіярэмонтны завод забясьпечваў працай усіх ахвотных, а цяпер колькасьць яго работнікаў скарацілася ўтрая. Мясцовыя ўлады спадзяюцца на тое, што мясцоваму аэрапорту нададзены статус міжнароднага грузавога, а на ім, а таксама ў будучым прамыслова-лягістычным цэнтры зьявяцца новыя працоўныя месцы. Але ўсё гэта — у аддаленай пэрспэктыве.
Рамонт пад міліцэйскім наглядам
21 красавіка 2017 году, выступаючы са штогадовым пасланьнем парлямэнту і беларускаму народу, Лукашэнка даручыў «падняць з руін і попелу ў найбліжэйшы час» населеныя пункты Барань, Балбасава і Воршу. Але праз год мусіў канстатаваць, што ягоныя загады ня выкананыя.
Пасьля паўторнага «разгону» мясцовыя кіраўнікі распачалі ліхаманкавую працу. Прыкладам, у Барані ачысьцілі завод, дзе Лукашэнка бачыў «дохлых пацукоў, прэзэрватывы і наркату» — вывезлі сьмецьце за горад, утварыўшы несанкцыянаваную звалку. У Балбасаве будаўнічы «аўрал» апошніх адбываецца пад наглядам міліцыі.
«Штораніцы на ўезьдзе ў горад зьяўляецца цывільная машына, у ёй — людзі ў гарнітурчыках, гальштуках і з рацыямі. Ці ня ў кожным двары таксама па міліцэйскай машыне. Учора гляджу — помнік Грыцаўцу „вартуюць“ ажно чацьвёра! Адны працуюць, другія глядзяць. Можа, каб мармур ня скралі, а можа, баяцца, каб нехта бомбу не падклаў», — жартуе прадавачка мясцовай крамы.
Балбасава, а таксама пасёлак Езярышча, што ў Гарадоцкім раёне, былі ўключаны ў адмысловую рэспубліканскую праграму добраўпарадкаваньня мястэчак. Старшыня Віцебскага аблвыканкаму Мікалай Шарсьнёў паабяцаў зрабіць і там, і там «другую Копысь» — вядомы прыклад абнаўленьня населеных пунктаў на малой радзіме Аляксандра Лукашэнкі.
На сёньняшні дзень пра добраўпарадкаваньне ў Езярышчы не чуваць, Лукашэнка туды не зьбіраецца.