З нагоды правядзеньня ў Менску сустрэчы Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы беларускія дзяржаўныя мэдыі дэманструюць эўфарыю. Маўляў, вось яно, пацьвярджэньне таго, што Менск стаў міжнародным цэнтрам міратворчасьці, «Хэльсынкі-2». Ці сапраўды гэта так?
Канфэрэнцыя па бясьпецы
Пасьля Крыму, Менскіх пагадненьняў па Ўкраіне Беларусь сапраўды вярнулася ў эўрапейскі палітычны парадак дня. Тут пачалі рэгулярна праводзіцца міжнародныя форумы. Мінулым годам адбылася сустрэча міністраў замежных спраў краін-удзельніц Цэнтральна-Эўрапейскай Ініцыятывы, пасяджэньне Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, іншыя форумы ў рамках АБСЭ.
І вось цяпер праходзіць выязная сэсія Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы. Кожны год з 2009-га такія сэсіі праводзяцца ў розных краінах і нават на розных кантынэнтах.
Чаму менавіта Менск абралі для правядзеньня гэтага форуму? Па-першае, проста дайшла чарга.
Па-другое, рэгіён Усходняй Эўропы становіцца цяпер асабліва важным з гледзішча бясьпекі. Канфрантацыя, рост напружаньня паміж НАТО і Расеяй, расейска-ўкраінскі канфлікт выліваюцца ў мілітарызацыю гэтай часткі Эўропы. Магчымае зьяўленьне «Форту Трамп» у Польшчы, абвешчаная праграма пераўзбраеньня Расеі толькі дадаюць рызыкі ваеннага сутыкненьня.
Па-трэцяе, мае значэньне, што менавіта Менск стаў цэнтрам урэгуляваньня канфлікту вакол Украіны.
Канфэрэнцыя даволі прадстаўнічая. У ёй удзельнічаюць тры прэзыдэнты, два прэм’еры, чатыры міністры замежных спраў, генэральны сакратар АБСЭ Томас Грэмінгер, эўракамісар па Эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні ЭЗ Ёганэс Ган. Таксама шмат адстаўных палітыкаў.
Цікава, што ў афіцыйнай праграме канфэрэнцыі, падрыхтаванай МЗС Беларусі, прэзыдэнт Косава Хашым Тачы пазначаны як «палітычны дзеяч Косава». Бо афіцыйны Менск не прызнаў Косава як дзяржаву. Нават у паведамленьні БелТА пра тое, што «на палях» сустрэчы Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы адбыліся перамовы прэм’ер-міністра Сэрбіі Аны Брнабіч і Хашыма Тачы, апошні зноў названы проста «палітычным дзеячам».
А спэцыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі францужанку Анаіс Марэн назвалі ў той жа праграме проста «прафэсарам „Collegium Civitas“ з Варшавы». Бо беларускія ўлады не прызнаюць яе мандату, выдадзенага Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый.
Выпраўленьне балянсу
Аляксандру Лукашэнку гэтая канфэрэнцыя аказалася вельмі дарэчы. Справа ў тым, што апошнім часам намеціўся відавочны зрух цэнтру цяжару зьнешняй палітыкі Менску ў бок Расеі. З 19 чэрвеня па 12 кастрычніка кіраўнікі Беларусі і РФ вялі перамовы сам-насам чатыры разы. 24 кастрычніка ў Менску міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу прыгразіў адказам на магчымае разьмяшчэньне ў Польшчы дывізіі ЗША. Да таго ж 15 кастрычніка сынод Расейскай праваслаўнай царквы, які засядаў у Менску, рэзка асудзіў курс на аўтакефалію праваслаўнай царквы ва Ўкраіне. Усё гэта трохі папсавала вобраз Беларусі як самастойнага міжнароднага суб’екта, мадэратара ўрэгуляваньня расейска-ўкраінскага канфлікту.
Таму афіцыйнаму Менску важна цяпер выправіць балянс, нахіл на Ўсход, рэабілітаваць шматвэктарнасьць зьнешняй палітыкі краіны. Першым хістаньнем ківача ў другі бок стаў нядаўні Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны ў Гомлі, перамовы Аляксандра Лукашэнкі з украінскім прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам.
І вось наступны крок у гэтым кірунку — правядзеньне ў Менску сустрэчы Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, выступ там Лукашэнкі. Тэзісы, прапанаваныя кіраўніком Беларусі, нельга назваць новымі. Ён канстатаваў рэзкае абвастрэньне міжнароднай напружанасьці, пахваліў сам сябе за ідэю запусьціць новы міжнародны перамоўны працэс (Хэльсынкі-2), якую вылучыў год таму, нагадаў пра асаблівую ролю Беларусі ва ўрэгуляваньні «ўкраінскага канфлікту».
Адносіны з ЗША
Новым у выступе Лукашэнкі быў хіба што кансьпіралягічны канструкт пра тое, што «сёньня ў нашым рэгіёне відавочны буйны палітычны і эканамічны заказ на эскаляцыю напружанасьці». Заказчыка ён не назваў. Але можна меркаваць, што намёк быў на ЗША.
Гэта выглядае тым больш дзіўным, што якраз за некалькі гадзін перад тым ён сустрэўся з памочнікам дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Ўэсам Мітчэлам. Упершыню з прыходам да ўлады ў ЗША адміністрацыі Дональда Трампа чыноўнік такога ўзроўню наведвае Менск. Гэта значыць, што нарэшце Беларусь зьявілася на радарах замежнай палітыкі ЗША.
«Асабіста я вельмі разьлічваю, што гэта будзе сапраўды гістарычны візыт, зь якога пачнецца, хай паступовы і павольны, выхад з таго стану, у якім знаходзяцца беларуска-амэрыканскія адносіны», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
Нагадаю, што тыдні два таму гэты самы Ўэс Мітчэл расказаў пра стратэгію ЗША ў адносінах да Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Паводле яго, перад Злучанымі Штатамі стаіць задача «ўмацаваць Захад, каб супрацьстаяць росту ўплыву супернікаў». «Сёньня нацыянальны сувэрэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасьць памежных дзяржаў, такіх як Украіна, Грузія і нават Беларусь, зьяўляюцца тым надзейным бастыёнам, які абараняе ад расейскага нэаімпэрыялізму», — сказаў памочнік дзяржсакратара. Гэта азначае, што ЗША вяртаюцца ў рэгіён Усходняй Эўропы ў якасьці актыўнага гульца. Злучаных Штатаў практычна не было тут з 2009 году, калі скончылася прэзыдэнцтва Джорджа Буша-малодшага.
Пра тое, што Менск моцна зацікаўлены ў размарожваньні адносін з Вашынгтонам, сьведчыць рэпліка Лукашэнкі на перамовах, што «калі мы дамовімся і ў Беларусі нешта вам паабяцаем, нават на шкоду сабе мы гэта выканаем». З гэтай нагоды адзін з камэнтатараў на нашым сайце дасьціпна заўважыў: няхай бы паабяцаў правесьці свабодныя выбары.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.