Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанскую хату Караткевіча прадалі, але не мясцовым актывістам


Далёкая сваячка пісьменьніка — апошняя гаспадыня хаты, у якой некалі жыла сям’я Караткевічаў, адмовілася прадаць маёмасьць тым, хто хацеў стварыць там грамадзкі цэнтар.

Абвестка пра продаж знакамітай хаты зьявілася на сайце Realt.by сёлета ў ліпені. Паводле яе, гаспадыня зьбіралася прадаць аднапавярховы драўляны будынак плошчай 44,5 мэтра з прысядзібным участкам памерам 13 сотак, без вады і цэнтральнага ацяпленьня, за 33,8 тысячы рублёў (17 тысячаў даляраў).

Хата зь мэмарыяльнай шыльдай
Хата зь мэмарыяльнай шыльдай

Моладзевае аб’яднаньне «Зьвяз» з Воршы абвясьціла, што гатовае выкупіць гістарычны будынак, каб зладзіць у ім грамадзка-культурніцткую пляцоўку для гараджан. Але гаспадыня тады адмовілася прадаць яе, не захацеўшы «зьвязвацца з апазыцыяй».

Паводле супрацоўнікаў аршанскага музэя Караткевіча, хату набыў буйны бізнэсовец, які ня хоча афішаваць свайго імя. Зносіць будынак, на якім ёсьць мэмарыяльнаяя шыльда ў памяць пра пісьменьніка-земляка, ён нібыта не зьбіраецца. Менавіта гэтага баяліся грамадзкія актывісты: вуліца імя Караткевіча, на якой стаіць хата, — гэта практычна цэнтар Воршы, і некаторыя з ахвотных набыць будынак гаварылі пра тое, што іх цікавіць гэтае месца для пашырэньня бізнэсу.

Пакуль на падворку ўсё па-ранейшаму

Новага гаспадара суседзі яшчэ ня бачылі, і ніякіх зьменаў за плотам не заўважылі: хата стаіць пустая, як і пунька, у якой Караткевіч некалі напісаў аповесьць «У сьнягах драмае вясна», шмат вершаў і першую вэрсію «Дзікага паляваньня караля Стаха» — аднаго з самых вядомых сваіх твораў.

Гісторыя хаты на колішняй вуліцы Касманаўтаў, перайменаванай напрыканцы 1980-х у вуліцу Караткевіча, налічвае не адзін дзясятак гадоў. Яна зьявілася тут у пасьляваенным 1946 годзе. Грошай на будаўніцтва ў бацькоў пісьменьніка не было, і яны набылі хату ў вёсцы ды перавезьлі ў Воршу.

Вуліца Караткевіча, былая вуліца Касманаўтаў
Вуліца Караткевіча, былая вуліца Касманаўтаў

Уладзімер Караткевіч жыў у ёй у школьныя гады да пераезду ў Кіеў на навучаньне, і ў час працы ў школе. Пасьля, у 1956-58 заяжджаў туды ў госьці да бацькоў, пераважна ўлетку, сюды ж вярнуўся і за паўгода да сьмерці.

Да цяперашняга часу хата зьмяніла некалькі гаспадароў — гэта былі сваякі пісьменьніка. Спачатку ягоная пляменьніца Раіса Барабаш з мужам Юрыем, якія з задавальненьнем пускалі на падворак экскурсантаў і цікаўных гасьцей гораду. Агульных дзяцей яны ня мелі, і пасьля іхнай сьмерці дом перайшоў дачцы Юрыя Барабаша, якая жыве ў Адэсе. Пэўны час у хаце жылі кватаранты, але ўрэшце гаспадыня вырашыла, што аршанская маёмасьць ёй без патрэбы.

Паводле біёграфаў, у гэтай пуньцы было напісана «Дзікае паляваньне караля Стаха»
Паводле біёграфаў, у гэтай пуньцы было напісана «Дзікае паляваньне караля Стаха»

Хата Караткевіча магла стаць музэем

Напрыканцы 1990-х, калі ў Воршы паўстала пытаньне пра стварэньне музэю Караткевіча, гарадзкія ўлады былі гатовыя зрабіць яго ў гэтай хаце. Бо гэта адзіны будынак у горадзе, зь якім лёс пісьменьніка быў зьвязаны самым непасрэдным чынам. Аднак згоды не дала сястра пісьменьніка Натальля Сямёнаўна: яна прапаноўвала зрабіць кватэру-музэй у Менску, і на той час гэта выглядала больш пэрспэктыўным.

Тады было прынята рашэньне аддаць пад музэй будынак па вуліцы Леніна: там некалі мясьцілася радзільня, у якой прыйшоў на сьвет Уладзімер Караткевіч. А хату, якая знаходзіцца за лічаныя сотні мэтраў, экскурсантам прапаноўвалі паглядзець у прыватным парадку.

Гарэльеф у пачатку вуліцы Караткевіча
Гарэльеф у пачатку вуліцы Караткевіча

Паводле інфармацыі Эўрарадыё, новы гаспадар мае намер перадаць хату музэю Караткевіча. Але дырэктарка музэю Ліна Гатоўская ўжо заявіла, што гэты аб’ект ня мае вялікай каштоўнасьці для Воршы. Актывісты мелі супрацьлеглае меркаваньне: яны хацелі зрабіць у гістарычным будынку грамадзкую арт-прастору для правядзеньня культурніцкіх імпрэзаў.

Старшыня моладзевага аб’яднаньня «Зьвяз» Ігар Казьмярчак патлумачыў Радыё Свабода:

«У Воршы вельмі бракуе грамадзкай пляцоўкі, дзе можна было б ладзіць імпрэзы незалежна ад тутэйшага аддзелу культуры. Прыкладам, у горадзе забаранілі канцэрт Сержука Доўгушава, і мы былі вымушаны зьбірацца на прыватнай кватэры... Мы ня маем куды запрасіць артыстаў, літаратараў, дзе зладзіць выставу. Наяўнасьць грамадзкай арт-пляцоўкі вырашыла б гэтую праблему, і было б асабліва прыемна, што яна — у знакавым для Воршы месцы, у хаце нашага славутага земляка. Мы ўжо раіліся, што можна там зрабіць, каб адну частку пакінуць мэмарыяльнай, прысьвечанай Караткевічу, а другую ператварыць у залю для сустрэч».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG