Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдыянны заробак беларусаў — 709 рублёў, сярэдні — 944. Куды падзеліся 235?


Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у траўні 2018 году мэдыянны заробак у Беларусі склаў 709,3 рубля. У тым жа месяцы сярэдні заробак склаў аж 943,9 рубля.

Зьвестак пра мэдыянны заробак за летнія месяцы няма, апошнія на момант публікацыі лічбы сярэдняга заробку — за чэрвень, калі ён быў роўны 953,7 рубля.

Найвышэйшыя заробкі — у IT-сфэры, найніжэйшыя — у творчых людзей і працаўнікоў спартовай галіны. Некаторыя лічбы заробкаў за травень такія:

  • ІТ: мэдыянны — 2345,8 р., сярэдні — 3717,2 р.;
  • Фінансы і страхаваньне: мэдыянны — 1050,4 р., сярэдні — 1516,0 р.;
  • Дзяржаўнае кіраваньне: мэдыянны — 968,4 р., сярэдні — 1428,1 р.;
  • Навуковыя дасьледаваньні: мэдыянны — 876,5 р., сярэдні — 1281,2 р.;
  • Транспарт: мэдыянны — 863,8 р., сярэдні — 1039,1 р.;
  • Будаўніцтва: мэдыянны — 851,7 р., сярэдні — 1002,4 р.;
  • Прамысловасьць: мэдыянны — 823,3 р., сярэдні — 1026,8 р.;
  • Гандаль: мэдыянны — 671,6 р., сярэдні — 878,6 р.;
  • Сельская гаспадарка: мэдыянны — 606,8 р., сярэдні — 710,2 р.;
  • Здароўе і сацыяльныя паслугі: мэдыянны — 572,8 р., сярэдні — 708,8 р.;
  • Адукацыя: мэдыянны — 520,4 р., сярэдні — 657,3 р.;
  • Творчасьць, адпачынак, спорт: мэдыянны — 493,6 р., сярэдні — 678,8 р.

Што такое мэдыянны заробак?

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

​Афіцыйныя лічбы мэдыянных заробкаў публікуюцца ня часта, але яны заўсёды адчувальна меншыя за лічбы сярэдніх заробкаў.

Калі сярэдні налічаны заробак — гэта сума ўсіх заробкаў у краіне, падзеленая на колькасьць тых, хто атрымаў заробак (да выманьня падаткаў і збораў), то мэдыянным заробкам лічыцца не «сярэдні па грошах», а як «сярэдні па людзях».

Мэдыянны заробак — такі, які атрымаў умоўны чалавек «зь сярэдзіны рэйтынгу», калі палова людзей зарабіла больш за яго, а палова менш за яго. То бок, калі б у краіне працаваў 101 чалавек і быў бы рэйтынг іхных заробкаў, то мэдыянным быў бы заробак 51-га ў рэйтынгу. Мэдыянны заробак заўважна ніжэйшы за сярэдні, бо заробкі разьмяркоўваюцца ня роўна на ўсіх і не паводле разьмеркаваньня Гаўса (так званага нармальнага разьмеркаваньня).«Багатых» па беларускіх мерках значна меней, чым бедных. Больш за 1000 рублёў мае толькі кожны чацьвёрты беларус (25% — далёка не палова), а 15% беларусаў маюць заробкі меншыя за 400 рублёў.

Тыя «па пяцьсот» даляраў (або 1000 рублёў), якія Аляксандар Лукашэнка абяцае ўжо больш за 10 гадоў, гэта менавіта сярэдні, а не мэдыянны заробак.

Сярэднія заробкі ў Беларусі ў далярах у 2004–2018 гадах і абяцаньні Лукашэнкі «па пяцьсот»
Сярэднія заробкі ў Беларусі ў далярах у 2004–2018 гадах і абяцаньні Лукашэнкі «па пяцьсот»

І гэтыя лічбы — намінальныя налічаныя заробкі, да выманьня падаткаў і збораў. «На рукі» выходзіць меней. Колькі менавіта, Белстат не паведамляе.

Але вядомыя лічбы сярэднедушавых наяўных рэсурсаў хатніх гаспадарак (усе рэальныя заробкі і выплаты як працоўных, так і беспрацоўных, дзяцей і пэнсіянэраў). Чвэрць беларусаў — 26,3% — мае 300–400 рублёў такіх рэсурсаў. Яшчэ пятая частка — 21,1% — мае 400–500 рублёў. Больш маюць 30,9%, у тым ліку 7,9% маюць больш за 800 рублёў тых рэсурсаў. А 5,9% маюць тых рэсурсаў менш за пражытковы мінімум.

Публікацыі пра мэдыянныя заробкі будуць двойчы на год

Такое абяцаньне кіраўніца Белстату Іна Мядзьведзева дала журналістам 20 жніўня. Адказваючы на пытаньне Свабоды, ці будзе часьцей статыстычны камітэт друкаваць адпаведныя дадзеныя на дадатак да сярэдняга налічанага заробку, які агучваецца штомесяц, яна заявіла:

«Так, будзем рабіць гэта двойчы на год, — сказала Мядзьведзева. — Чаму не часьцей? Гэта вялікая праца, дый структура зьмяняецца ня часта. Нашы калегі з Расеі і Казахстану прыводзяць аналягічныя дадзеныя толькі адзін раз на два гады. У мінулую пятніцу на нашым сайце зьявіліся зьвесткі за травень».

Кіраўніца Белстату пагаджаецца, што сярэдні заробак не зусім дакладна адлюстроўвае сапраўдную сытуацыю.

«Некаторыя людзі, калі яны чуюць памер сярэдняга заробку, рэагуюць на гэтую лічбу так: „Я столькі не зарабляю“, — разважае Мядзьведзева. — Сапраўды, сярэдні заробак — гэта сярэдняя велічыня, бо ў нас ёсьць людзі, якія маюць на месяц па 300 рублёў, а ёсьць і такія, чый прыбытак — 8000 рублёў. Мы дзелім фонд заробку на сьпісавую колькасьць занятых. У пэўнай ступені гэта сапраўды нагадвае сярэднюю тэмпэратуру па лякарні», — сказала кіраўніца Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG