Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фіналісты «Лістапада» зьняліся з конкурсу, пратэстуючы супраць цэнзуры Міністэрства культуры


Абвінавачаньні з боку дырэкцыі кінафэстывалю «Лістапад» на адрас Міністэрства культуры, што сёлета яно таемна адбірала фіналістаў нацыянальнага конкурсу, атрымалі працяг.

Удзельніца і ляўрэатка міжнародных кінафэстываляў, рэжысэрка Ева-Кацярына Махава паведаміла, што разам з прадусарам і суаўтарам Дзянісам Пуцікавым зьвярнулася ў аргкамітэт фэстывалю з просьбай зьняць з конкурсу іх стужку «Перазімаваць», таму што яны выступаюць «за свабоду ад цэнзуры Мінкульту» і ня хочуць удзельнічаць у конкурсе, дзе ігнаруюцца правы і свабоды творчасьці.

Як паведамляла Свабода, гэтая стужка была сярод васьмі прэтэндэнтаў на ўзнагароды ў намінацыі «Дакумэнтальны фільм».

Намесьніца міністра асабіста адхіляла мае фільмы, — рэжысэрка

Напярэдадні каардынатар нацыянальнага конкурсу Мікалай Лаўранюк сказаў, што ня першы год адборам фіналістаў займаецца адмысловая камісія пры Міністэрстве культуры, аднак сёлета туды ўпершыню не запрасілі прадстаўнікоў дырэкцыі фэстывалю. Як вынік, аргкамітэт меў толькі дарадчы голас, які не заўсёды нават улічваўся.

Дырэктарка фэстывалю Анжаліка Крашэўская папярэдзіла, што дзяржаўная апека можа каштаваць Беларусі месца ў Міжнароднай фэдэрацыі асацыяцыі кінапрадусараў (FIAPF), а менавіта гэтае сяброўства дазваляе «Лістападу» мець міжнародны статус.

«Гэтая гісторыя — не пачатак, а працяг пэрыяду, пачатага з прыходам намесьніцы міністра культуры Дрыгі, — кажа рэжысэрка Ева-Кацярына Махава. — Шмат у каго яна свая. Я здымала на „Летапісе“, мае тэмы пачалі адхіляцца асабіста ёй. На апошнім фільме пра Быхаўскі замак (мэтраж 12:59, ні сэкундай больш, загадалі, каб менш плаціць), давялося супрацьдзейнічаць адміністрацыйнай сыстэме, якая не давала тварыць. На жаль, адміністрацыя „Летапісу“ да таго часу стала толькі працягам сыстэмы. З горам папалам фільм быў зроблены. Я яшчэ больш за месяц пасьпела паляжаць у шпіталі, бо здымала ў вельмі халодным павільёне — дырэкцыя эканоміла на ацяпленьні».

​Ева-Кацярына Махава сьцьвярджае, што на здачы фільму пра Быхаўскі замак калегі пачалі яе «тапіць», чаго дагэтуль не было. Заўсёды мелася на ўвазе: пры людзях зь міністэрства і дэпартамэнту па кінэматаграфіі адзін аднаго не чапаюць.

«Раней мы спрабавалі зь „Летапісам“ адстаяць правы ўсіх. Але, як выявілася, толькі на паперы, — працягвае Ева. — Ліст, падпісаны ўсімі, так і ня быў нікуды аднесены. Замест гэтага рэжысэры хадзілі і кулюарна дамаўляліся з Дрыгай наконт фільмаў для сябе. Несьці пэтыцыі ўжо не было неабходнасьці. Кантракт са мной падоўжаны ня быў. Усялякія зносіны перарваліся, хоць за 9 гадоў працы ў калектыве з многімі ў мяне былі добрыя адносіны. Ці мне так здавалася. Разумею, што жыць цяжка, але можна заставацца чалавекам у любых абставінах. Я вельмі стамілася і ўжо не магу маўчаць...»

Паводле рэжысэркі, дакумэнтальны фільм «Перазімаваць» яны стварылі зь Дзянісам Пуцікавым без аніякай фінансавай падтрымкі на ўсіх этапах.

Цэнзуры ў нас няма, — намесьніца міністра Дрыга

Ірына Дрыга
Ірына Дрыга

Першая намесьніца міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга, якая кіруе кінаадборам, абвяргае заявы пра цэнзуру. Яна сказала, што камісія існуе ўжо некалькі гадоў і нараканьняў наконт яе абʼектыўнасьці не было. Паводле яе словаў, галоўная мэта экспэртаў — пакінуць такія стужкі, якія ня сорамна паказаць як беларускім гледачам, так і на міжнародным узроўні.

«Няма ніякага прыярытэту зыходзячы зь месца стварэньня таго ці іншага фільму: зьняты ён на дзяржаўным „Беларусьфільме“ ці маладым і малавядомым рэжысэрам. Тут галоўнае: а) майстэрства; б) здольнасьць глыбока зазірнуць у праблему, закласьці пасланьне да гледача. Нацыянальны конкурс — як пранікненьне ў куфар са скарбам. Адчыняеш і ня ведаеш, што дастанеш. Было 87 фільмаў. З аднаго боку, радасна, што столькі людзей, якія лічаць сябе рэжысэрамі, а зь іншага, вельмі розны ўзровень», — кажа Ірына Дрыга.

Удар па беларускім кіно, — крытык

Андрэй Расінскі
Андрэй Расінскі

Адрэагаваў на скандальную сытуацыю і кінакрытык Андрэй Расінскі. Яго абурыла, што канчатковай сэлекцыяй на нацыянальны конкурс цяпер займаецца не дырэкцыя фэстывалю, а «чыноўніца-ідэалягіца», якая і без таго ўжо шмат чым «праславілася».

«Беларускаму кіно, якое толькі-толькі пачало падымацца, наносіцца чарговы ўдар, падразаюцца крылы, каб акунуць яго ў смуродную дрыгву. Я проста дзіву даюся, як можна ненавідзець кіно — і асабліва кіно беларускае. Беларускае кіно можа прад’явіць адно простае патрабаваньне: проста — не замінайце. Але Дрыгу — вон!», — кажа Андрэй Расінскі.

У сваю чаргу, ён прапанаваў кінэматаграфістам Дар’і Жук, Раману Падаляку, Мітрыю Сямёнаву-Алейнікаву, Мары Тамковіч, Андрэю Крывецкаму ды іншым, чые фільмы трапілі ў сьпіс намінантаў нацыянальнага конкурсу, зьняць свае працы, пакуль Ірына Дрыга ня будзе звольненая з пасады намесьніцы міністра культуры. «Або беларускае кіно, або чыноўніца», — кажа Расінскі.

Акрамя таго, на ягоную думку, фэстывалю належыць вярнуць ягоныя функцыі адбору, а кінэматаграфістам — права самім вызначаць правілы ўласнай прафэсіі.

«Беларускае кіно здольнае падняцца само — безь дзяржаўных грошай і насуперак чыноўнікам, калі тыя катэгарычна не разумеюць, што гэта такое», — безапэляцыйны Андрэй Расінскі.

Згодна зь міжнародным рэглямэнтам любы кінафорум павінен быць па-за цэнзурным кантэкстам. У выпадку дзяржаўнага ўмяшаньня краіну могуць пазбавіць права праводзіць фэстывалі, якія атрымліваюць міжнародную акрэдытацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG