Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 22 кастрычніка зноў заявіў, што Вашынгтон мае намер дэнансаваць дамову 1987 году аб ліквідацыі ракет сярэдняга і меншага радыюсу дзеяньня з прычыны парушэньня яе расейскім бокам.
Трамп адзначыў, што ЗША гатовыя павялічыць свой ядзерны арсэнал.
«Амэрыка будзе нарошчваць свой ядзерны арсэнал, пакуль краіны сьвету, такія, як Расея, Кітай або любая іншая, не ўсьвядомяць, што ня могуць беспакарана пагражаць нашай бясьпецы або бясьпецы нашых саюзьнікаў. Расея не прытрымлівалася ні духу, ні літары дамовы аб ракетах сярэдняга і меншага радыюсу дзеяньня», — сказаў Дональд Трамп.
Кітай не падпісаў аналагічнага пагадненьня з ЗША і таму не абмежаваны ў стварэньні такога тыпу ракет.
Новую заяву Трампа агучылі напярэдадні заплянаванай на 23 кастрычніка сустрэчы ягонага дарадцы ў нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Чакаецца, што Джон Болтан абвесьціць Уладзіміру Пуціну рашэньне Дональда Трампа аб адмове ЗША ад дамовы 1987 году.
Дамова, падпісаная Рональдам Рэйганам і Міхаілам Гарбачовым, ліквідавала цэлую клясу ракет наземнага базаваньня, як звычайных, так і ядзерных, з радыюсам дзеяньня ад 500 да 5,5 тысячы кілямэтраў. Аднак, як заяўляе Вашынгтон, Масква парушыла дамоўленасьці і стварыла ракету сярэдняй далёкасьці «Наватар 9М729», здольную нанесьці вокамгненны ўдар па краінах NATO.