Маці салдата, які загінуў у Печах, просіць выклікаць на працэс зьніклага саслужыўца сына і чакае паказаньняў лекараў з мэдроты.
Суд па справе Коржыча. Коратка
Абвінавачанымі ў «справе Коржыча» прызнаныя трое сяржантаў зь ягонай роты, якія, паводле сьледзтва, давялі салдата да самагубства. Антона Вяжэвіча і Ягора Скуратовіча вінавацяць ва злоўжываньні ўладай, атрыманьні хабару і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Яўгена Бараноўскага ў дадатак да гэтага ў крадзяжы.
Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана лічыць, што яе сын стаў ахвяраю забойства. Прычынай злачынства, перакананая яна, стала нежаданьне сына плаціць сяржантам грошы за знаходжаньне ў мэдычнай роце. Саслужыўцы загінулага салдата, апытаныя пракурорам і суддзёй, таксама ня вераць у самагубства.
Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.
Сьвятлана Коржыч — адзіная з амаль 60 пацярпелых па справе аб гібелі яе сына, хто мае прэтэнзіі і пытаньні да абвінавачаных. Яна ўжо падала некалькі хадайніцтваў, у тым ліку аб выкліку ў залю суду афіцэраў і лекараў. Суд гэтыя хадайніцтвы задаволіў. Допыт камандзіра роты Паўла Сукавенкі і прапаршчыка Артура Вірбала, якія цяпер пад вартай на «Валадарцы», можа адбыцца ўжо на наступным тыдні. Саму Сьвятлану апыталі ў першыя дні працэсу. Яна коратка расказала пра сваю вэрсію гібелі сына. На думку маці загінулага салдата, яе сын цярпеў ад вымагальніцтва.
«Сын казаў, што грошы патрэбныя на экскурсіі»
«У Сашы грошы заўсёды былі, калі ішоў у армію, меў 600 рублёў на картачцы, — сказала на працэсе Сьвятлана Коржыч. — Але на пачатку чэрвеня праз тэлефон мне сказаў, што грошай няма і яму трэба яшчэ. Прыехаў багаценькі хлопчык. Па словах Сашы, самы неадэкватны быў Бараноўскі. Пастаянна патрабаваў грошы. Зь іншымі можна было яшчэ дамовіцца. Я пералічвала сыну 50 рублёў кожны тыдзень. Спачатку сын казаў мне, што гэта на экскурсіі розныя, а потым расказаў праўду. Гэта не абаронцы Айчыны, гэта злачынная групоўка. Дзе кіраўніцтва часткі на лаве падсудных? Я згодная была плаціць любыя грошы, абы яны не чапалі майго сына. Усё пачалося пасьля таго, як Саша адмовіўся плаціць 15 рублёў за суткі, праведзеныя ў мэдроце».
Абвінавачаныя сяржанты Бараноўскі, Вяжэвіч і Скуратовіч адмовіліся даваць паказаньні першымі. Магчыма, яны пачнуць гаварыць пасьля паказаньняў сьведак. Сьвятлана Коржыч папярэдзіла сакратарку суду, што абавязкова хоча прысутнічаць падчас іх допыту, бо мае да сяржантаў шмат пытаньняў.
«Бараноўскі мне званіў у апошнія дні жыцьця сына. Пытаўся, ці расказвае мне Саша нешта пра службу ў арміі, — сказала Сьвятлана Коржыч. — А ўжо на пахаваньні да аднаго зь сяброў Сашы падышоў нейкі саслужывец. Ён сказаў, што нібыта Коржыч быў вінаваты сяржантам 150 рублёў за час, праведзены ў мэдроце. Магчыма, за гэтыя грошы яго і забілі. Я хачу спытацца ў Бараноўскага пра гэта. Я думаю, што яны яго ў тую пятлю запіхнулі, а потым павесілі. Такая мая вэрсія».
Па словах дапытаных на працэсе саслужыўцаў Аляксандра Коржыча, ён ніколі ня скардзіўся ім на ўмовы службы. Сяржанты ня білі яго мацней і часьцей за іншых, нараканьняў на іх ад Коржыча ніхто ня чуў. Некаторыя з салдат на судзе нават казалі, што Коржыч амаль сябраваў з Бараноўскім. Сьвятлана кажа, што чула ад сына зусім іншае.
«Пра праблемы ён мне расказаў першы раз 3 ліпеня, калі я прыехала ў Печы, — сказала Сьвятлана Коржыч падчас свайго выступу на працэсе. — Сказаў, што там усе замбаваныя на грашах. Сын папрасіў больш не прыяжджаць, а класьці грошы яму на картку. Сказаў, што будзе сам разьбірацца. Прасіў, каб я ня ўмешвалася. Я ня скардзілася кіраўніцтву часткі, бо баялася, што будзе горш. Цяпер я разумею, што трэба было адразу пісаць у адміністрацыю Лукашэнкі. Патлумачце, што мне трэба было яшчэ зрабіць, каб уратаваць сына? Кінуць працу і ехаць целаахоўнікам да яго?»
«Саша са мной не разьвітваўся»
Ніхто з апытаных за першыя два тыдні працэсу саслужыўцаў Коржыча не казаў пра яго суіцыдальныя настроі. А некалькі чалавек адкрыта заявілі, што ня вераць у вэрсію пра яго самагубства. Па словах салдат, Коржыч, наадварот, вельмі перажываў за сваё здароўе і баяўся памерці. Яго маці таксама настойвае, што сапраўдная прычына сьмерці сына адрозьніваецца ад той, якую разглядае суд.
«Мяне ў Сьледчым камітэце запэўнівалі, што сын павесіўся сам, — кажа маці загінуўшага салдата. — Вы мне скажыце, псыхічна здаровы чалавек за два тыдні да канца вучэбкі будзе вешацца? Я ніколі ня бачыла, каб мой сын плакаў. Калі б я западозрыла нешта незвычайнае, я б пачала дзейнічаць, зрабіла б нешта. Але Саша не разьвітваўся са мной падчас апошняй размовы, нічога такога нават у кантэксьце не было. Спытаў, як у мяне справы. Сказаў, што пра свае раскажа пазьней. „Засталося два тыдні пратрымацца“, — вось яго апошнія словы».
У першыя ж дні разгляду справы Аляксандра Коржыча высьветлілася, што зь сярэдзіны верасьня ён неаднаразова скардзіўся саслужыўцам на моцны боль у сэрцы. 17 верасьня Коржыч нават ня змог устаць са свайго ложка ў казарме, пасьля чаго трапіў у мэдроту, адкуль больш не вярнуўся. Сьвятлана Коржыч зьвярнулася да суду з хадайніцтвам аб выкліку на працэс лекараў і мэдсясьцёр мэдроты.
«Напісала заяву (хадайніцтва. — РС), каб лекараў выклікалі на працэс у якасьці сьведак, — сказала Сьвятлана Коржыч. — Хай раскажуць, што з Сашам адбывалася. Яны ж хлопца адпраўлялі ў шпіталь у Барысаў і Менск. Калі тут усе саслужыўцы яго расказваюць пра скаргі Сашы на сэрца. А яны думалі, што ён сымулянт. Хай расказваюць пра гэта на судзе. Мне ён у апошніх размовах тэлефонных ні слова не гаварыў пра гэта, ня скардзіўся на боль. Каб сказаў мне: прыяжджай, я хворы, — я б паехала, вядома. Два тыдні заставалася пратрымацца».
Па словах Сьвятланы, у яе сына насамрэч было захворваньне сэрца — праляпс мітральнага кляпана. Але яно не перашкодзіла яму пайсьці ў армію, пра гэтае захворваньне быў запіс у мэдкарце.
«Нешта адбылося ў мэдпункце»
«Я паслухала паказаньні салдат, саслужыўцаў. Думаю, што ўсё пачалося ў мэдпункце, — кажа Сьвятлана Коржыч. — Як ён картачку сваю пайшоў забіраць. Нешта там адбылося. Вось адзін салдат жа расказаў, што Саша ротнаму (камандзіру роты Паўлу Сукавенку. — РС) сказаў, што калі ён не разьбярэцца, то ўсіх выведзе на чыстую ваду».
Агулам па справе Коржыча пацярпелымі прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў. Апытаньне кожнага зь іх на працэсе займае ад адной гадзіны да трох. Салдаты часта супярэчаць паказаньням, дадзеным падчас сьледзтва. Некаторыя кажуць, што ўвогуле ня могуць узгадаць падзеі лета 2017 году. А таму нічога суду пра акалічнасьці службы ў войску паведаміць ня могуць. Сьвятлана Коржыч кажа, што ня вельмі верыць гэтаму.
«Ад паказаньняў уражаньні розныя. Салдаты блытаюцца, то адно гавораць, то іншае, — кажа Сьвятлана. — Нічога канкрэтнага амаль не расказваюць. Нібыта ўсё забылі. Каманду ім такую далі, ці што? Пра сьмерць Сашы ўсе гавораць — нічога ня чуў, нічога ня ведаю. Як так? Хай шукаюць тады іншых, хай Аліхаджаева шукаюць, чаму яго няма на судзе? (Аляксандар Аліхаджаеў, саслужывец Коржыча, зь якім ён падтрымліваў самыя блізкія стасункі падчас службы ў Печах. Празь некалькі дзён пасьля сьмерці Коржыча Аліхаджаеў зрабіў спробу самагубства на вайсковым палігоне. Пасьля гэтага яго адвезьлі ў Навінкі і камісавалі. Дзе Аліхаджаеў цяпер, невядома. — РС)».
23 жніўня ў працэсе па справе Аляксандра Коржыча абвешчаны першы кароткі перапынак. Паседжаньні адновяцца з 24 чысла. У панядзелак 27 жніўня на судзе, верагодна, выступіць былы ротны камандзір Аляксандра Коржыча і адзіны афіцэр, затрыманы па справе аб яго сьмерці, — Павал Сукавенка.
Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць
3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.
5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.
Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?
Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.
У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.
Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.
Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча
Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.
Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.
У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.