Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валэнса-малодшы супраць пасьлядоўнікаў Качыньскага: хто выйграе мясцовыя выбары ў Польшчы


Гданьск.
Гданьск.

21 кастрычніка ў Польшчы пройдуць мясцовыя выбары. Экспэрты называюць іх рэпэтыцыяй парлямэнцкіх выбараў, якія прызначаны на наступны год, і прадказваюць жорсткую барацьбу.

Пазыцыі «Грамадзянскай плятформы»

Кіруючая кансэрватыўная партыя «Права і справядлівасьць» сыходзіцца ў двубоі з праэўрапейскай «Грамадзянскай плятформай», дзе балятуецца сын Леха Валэнсы Ярослаў.

Валэнса-малодшы вылучаецца ў мэры Гданьску, шостага па велічыні гораду Польшчы. На брашуры Валэнсы-малодшага зя яго перадвыбарнымі абяцаньнямі красуюцца легендарнае прозьвішча і фатаграфія з бацькам, першым кіраўніком прафсаюзу «Салідарнасьць» і прэзыдэнтам Польшчы ў 1990–1995 гадах.

Але сымпатыі выбаршчыкаў Валэнса-малодшы спрабуе заваяваць ўласнымі ідэямі, галоўная зь якіх: Польшча, якую апошнія некалькі гадоў ўзначальваюць нацыяналісты і кансэрватары, ідзе ў няправільным кірунку.

«Для нас вельмі важна заваяваць падтрымку. Мы робім усё, што можам, каб паказаць: шлях, па якім ішла Польшча, каб стаць сучаснай краінай — вось шлях, па якім мы павінны ісьці далей. І гэта наш галоўны пасыл», — кажа Валэнса-малодшы.

Пазыцыі «Права і справядлівасьці»

Галоўны апанэнт Ярослава Валэнсы за пасаду мэра — Каспэр Плажыньскі, прадстаўнік кіруючай партыі «Права і справядлівасьць», якую ўзначальвае Ярослаў Качыньскі.

«Мы бачым, што на мясцовым ўзроўні рыторыка апанэнтаў не заснаваная на канкрэтнай праграме, не заснаваная на дэталях, — крытыкуе ён Валэнсу-малодшага. — Гучыць толькі:» Не аддамо «Праву і справядлівасьці» мясцовыя ўрады, не аддамо «Праву і справядлівасьці» Гданьск або нейкі іншы горад!»

Звычайна кандыдаты на мясцовых выбарах сапраўды больш кажуць пра паркі, дарогі, паркоўкі, інфраструктуру. Але цяпер на выбарах значна больш размоў пра ідэалёгію, адзначаюць экспэрты. І Гданьск — толькі адзін з прыкладаў, як на мясцовых выбарах счапіліся два прынцыповыя ідэалягічныя супернікі.

Партыя «Грамадзянская плятформа» лічыцца прадэмакратычнай і праэўрапейскай. У той жа час курс партыі ўлады «Права і справядлівасьць» нярэдка называюць залішне кансэрватыўным і нацыяналістычным, ён выклікае адкрытае раздражненьне ў Брусэлі, дзе Варшаву вінавацяць у адыходзе ад дэмакратычных працэдураў.

Экзамэн для абовух галоўных канкурэнтаў

Мясцовыя выбары — магчымасць для «Права і справядлівасьці» праверыць на трываласьць падтрымку іхных ідэяў. Посьпех дазволіць ім заявіць аб легітымнасьці праведзенай рэформы судовай сыстэмы (празь яе Брусэль падаў на польскі ўрад у суд, сьцьвярджаючы, што праведзеныя зьмены пагражаюць вяршэнству права ў краіне).

У той жа час калі перамогу атрымае «Грамадзянская плятформа» — гэта прымусіць многіх сумнявацца ў правільнасьці кансэрватыўнага курсу, якому Польшча верная апошнія гады.

«Гэта будзе своеасаблівы экзамэн для абодвух бакоў», — заўважае Анджэй Скіба, кандыдат у гарадзкую раду Гданьска ад «Права і справядлівасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG