Беларуска-польскія дачыненьні ў зьменлівай геапалітычнай сытуацыі — дыскусія пад такой назвай адбылася ў менскім «Прэс-клюбе» 5 кастрычніка.
Былі прэзэнтаваныя вынікі двух дасьледаваньняў: «Перазагрузка і працяг. Палітыка ўраду „Права і справядлівасьці“ ў дачыненьні да Беларусі» (Кшыштаф Мрозэк, Фонд імя Стэфана Баторыя, Варшава) і «Міграцыя паміж Польшчай і Беларусьсю: тэндэнцыі і пэрспэктывы» (Андрэй Елісееў, EAST Center, Менск/Варшава)
«Самае важнае:не забывацца пра каштоўнасьці»
Кшыштаф Мрозэк распавёў, што павінна рабіць Варшава, каб адначасова разьвіваць адносіны з афіцыйным Менскам і не псаваць імідж Польшчы як партнэра грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі:
— працягваць падтрымку грамадзянскай супольнасьці, але пры гэтым шукаць новыя трэнды і арганізацыі ў сфэры разьвіцьця беларускай мовы і культуры, якія змагаюцца са стэрэатыпамі, у тым ліку наконт ЛГБТ.
— абмяркоўваць магчымасьць пераносу Польскіх дамоў у рэгіёнах пад кантроль «Польскага школьнага таварыства», якое існуе ў Беларусі афіцыйна, адрозна ад Зьвязу палякаў у Беларусі.
— абавязкова падтрымліваць тэлеканал «Белсат», хаця ёсьць розныя погляды на якасьць яго матэрыялаў і ён працуе ў структуры польскай дзяржаўнай тэлевізіі. Скасаваньне ці зьмяншэньне фінансаваньня «Белсату» дрэнна паўплывала б на імідж Польшчы. У цяперашніх умовах Польшча сабе гэтага ня можа дазволіць.
— Варшава можа паспрыяць перамовам на агульнаэўрапейскім узроўні — ці пра аднабаковую адмену візавага рэжыму для Беларусі, ці пра выданьне бясплатных візаў для беларусаў. Польшча магла б ініцыяваць перамовы на эўрапейскім узроўні аб абнаўленьні візавага кодэксу. Трэба максымальна спрасьціць і палегчыць візавы рэжым для беларусаў.
— І найважнейшае: не забывацца на каштоўнасьці. Прагматычны падыход польскага ўраду да Беларусі і разьвіцьцё дачыненьняў трэба ацаніць станоўча. Адмоўна трэба ацаніць тое, што каштоўнасьці не зьяўляюцца ў афіцыйных словах Варшавы наконт Менску. За апошнія тры гады мы чулі шмат пра разьвіцьцё эканамічнае супрацы, але мы ня чулі пра тое, што Беларусь павінна скасаваць сьмяротнае пакараньне, ня чулі публічных пытаньняў да беларускага кіраўніцтва наконт абароны правоў чалавека, свабоды слова і сумленных выбараў. І гэта адрозьнівае Польшчу ад іншых краін ЭЗ.
Рызыка для дачыненьняў
Алдказваючы на пытаньне адносна рызыкі для беларуска-польскіх адносінаў Кшыштаф Мрозэк сказаў, што «вельмі сур’ёзны выклік у нашых адносінах — гэта Расея».
«Ці будзе момант калі Расея пачне ціснуць на Менск, каб спынілася паляпшэньне стасункаў з Польшчай і Эўразьвязам. І другі важны выклік, што Польшча не зможа ўтрымліваць тое, што мы называем ігрой на многіх фартэпіяна. Занадта моцна будзе супрацоўнічаць з афіцыйным Менскам, а занадта слаба падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць».
«Гэта палітычнае самазабойства, калі сказаць, што мы будзем набываць электраэнэргію з АЭС»
Паводле Кшыштафа Мрозэка, Польшча атрымала прапанову ад Беларусі набываць электраэнэргію з Астравецкай АЭС, але гэты запыт застаецца без адказу.
«Афіцыйна не было сказана, што мы ня будзем набываць электраэнэргію, але ніякага станоўчага адказу таксама не было. Мне цяжка ўявіць, што Польшча можа стаць нейкім пасярэднікам у продажы беларускай электраэнэргіі з Астравецкай АЭС у Эўразьвяз. Я думаю, гэта палітычнае самазабойства, калі сказаць цяпер, што мы будзем купляць электраэнэргію з АЭС, якая знаходзіцца даволі блізка ад польскай мяжы, якая пабудавана з выкарыстаньнем расейскіх тэхналёгій. Наша грамадзтва не будзе згодна. Ёсьць вялізныя сумневы наконт рызыкі».
Беларусы пачалі больш езьдзіць на працу ў Польшчу, чым у Расею
Польшча выдавала і выдае найбольш шэнгенскіх візаў для беларусаў. Гэта прыкладна дзьве траціны ад агульнай колькасьці. Польскія консульствы самыя лібэральныя што да выдачы доўгатэрміновых візаў — на год і больш.
Што да часовай працоўнай міграцыі, то колькасьць запрашэньняў беларусам ад польскіх працадаўцаў у спрошчаным парадку за апошнія 3-4 гады вырасла ў 10-15 разоў. У 2017 годзе польскія консульствы выдалі каля 40 тысяч менавіта працоўных візаў. Частка жанчын сярод часовых працоўных мігрантаў невялікая і складае 10-15%.
Калі раней беларусы часьцей шукалі працу ў Расеі, то зь першай паловы 2016 году сытуацыя зьмянілася, і цяпер колькасьць запытаў на працу ў Польшчы ад беларусаў у пошукавіках утрая большая параўнальна з Расеяй. Істотна павялічылася колькасьць уладальнікаў картаў паляка. На жнівень 2017 году іх выдадзена больш за 100 тысяч.
Дамова пра малы прыгранічны рух ад 2010 году ня ўведзеная ў дзеяньне.
«На жаль, тут ніякіх зьменаў. Няма нават аптымістычных намёкаў з боку беларускіх афіцыйных асобаў пра намер запусьціць гэтае пагадненьне ў бліжэйшы час. Фактычна яго блякуе беларускі бок. Беларусь ня выканала апошні крок, які патрабуецца, не накіравала ў польскі МЗС дыпляматычную ноту аб гатоўнасьці запусьціць гэтае пагадненьне», — сказаў Андрэй Елісееў.
Польска-беларускія стасункі доўгі час былі замарожаныя — ад разгону Плошчы ў Менску ў 2010-м да 2016 году, калі ў сакавіку Беларусь наведаў міністар замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. У кастрычніку Варшаву наведаў Уладзімер Макей. Беларусь таксама наведалі дзьве парлямэнцкія дэлегацыі з Польшчы: на чале са сьпікерам Сэнату Польшчы Станіславам Карчэўскім у сьнежні 2016 года і на чале зь віцэ-сьпікерам Сэйму Рышардам Тэрлецкім у жніўні.