Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дылема Кіеву адносна Беларусі: караць ці дараваць?


Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка, Чарнобыль, 26 красавіка 2017
Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка, Чарнобыль, 26 красавіка 2017

Пра рэакцыю ўкраінскіх уладаў на пасяджэньне Сыноду РПЦ у Менску мы запыталіся аглядальніка ўкраінскай службы нашага радыё Расьціслава Хоціна.

Расьціслаў Хоцін
Расьціслаў Хоцін

— Сынод РПЦ, які прыняў рашэньне пра спыненьне адносінаў з Канстантынопальскім патрыярхатам, прайшоў у Менску, упершыню ў гісторыі. Якой будзе рэакцыя Кіеву, украінскіх уладаў, на тое, што Аляксандар Лукашэнка дазволіў правесьці ў Менску пасяджэньне Сыноду з такім парадкам дня і з такім канчатковым рашэньнем, відавочна скіраваным супраць палітыкі ўкраінскіх уладаў?

Патрыярх Кірыл і Аляксандар Лукашэнка, Менск, 15 кастрычніка 2018
Патрыярх Кірыл і Аляксандар Лукашэнка, Менск, 15 кастрычніка 2018

Папрокаў з Кіеву на адрас Менску апошнім разам гучыць усё больш. Але тут пэўная дылема.

Кіеў пакрыўджаны на Менск. І натуральная рэакцыя — паказаць Менску сваё незадавальненьне, неяк пакараць. Але зь іншага боку, у Кіеве ж умеюць лічыць. А каму будзе на карысьць пагаршэньне адносінаў паміж Кіевам і Менскам, хай для Кіеву і абсалютна абгрунтаванае тым, што Лукашэнка падпарадкоўваецца Маскве і праводзіць яе палітыку?

У канцы кастрычніка ў Гомлі павінен адбыцца Форум регіёнаў Беларусі і Ўкраіны. Кіеў можа зладзіць дэмарш — мы не паедзем на форум, калі вы, беларусы, даеце ў Менску пляцоўку для антыўкраінскіх дэманстрацыяў РПЦ. У Маскве на гэта будуць пляскаць у ладкі. Якое для Ўкраіны выйсьце з гэтай палітычнай пасткі?

— Так, ва Ўкраіне ёсьць і заўсёды было разуменьне, што Беларусь знаходзіцца ў вельмі складаным геапалітычным становішчы. Беларускае кіраўніцтва ўвесь час вымушанае манэўраваць, балянсаваць. Вось той жа Сынод РПЦ у Менску. Там не было ніводнага беларуса. Нават патрыяршы экзарх БПЦ Павал — з Расеі.

— Затое быў там як мінімум адзін украінец — кіраўнік Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату Ануфрый.

— Так, нават два — Ануфрый і Лука, мітрапаліт Запароскі і Мэлітопальскі УПЦ МП. Два ўкраінцы і ніводнага беларуса.

Ва Ўкраіне ёсьць разуменьне, што яна не павінна адварочвацца ад Беларусі, што б Беларусь ні рабіла. Якія б дэмаршы ні рабіліся, як бы Расея ні выкарыстоўвала Беларусь, як пляцоўку, каб укалоць Украіну, нашкодзіць ёй (што Масква любіць рабіць) — ёсьць разуменьне, што Беларусь вельмі важная для Ўкраіны. І Ўкраіна для Беларусі вельмі важная.

Дзякуючы таму, што ёсьць працоўныя адносіны паміж Кіевам і Менскам, Беларусь ня трапіць у поўную ізаляцыю, як таго хацела б Расея. З Эўразьвязам у Беларусі ёсьць праблемы і Расея хацела б, каб Беларусь была цалкам ізаляванай. Для Масквы было б добра, калі б атрымалася цалкам пасварыць Беларусь з Украінай.

Украіна гэтага ня можа дапусьціць. Таму яна даруе Беларусі і з разуменьнем ставіцца.

Руская царква цісьне Ўкраіну за тое, што сама ж зрабіла 570 гадоў таму
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:24 0:00

— Але ці ёсьць нейкая мяжа дараваньня? Ня ўсё ж можна дараваць.

— Зразумела. Але ёсьць таксама разуменьне, што ў Беларусі глядзяць, сочаць за Ўкраінай. Украінцы здолелі нешта зрабіць — можа і ў нас калісьці гэта атрымаецца. Украінцы ў нечым прасунуліся — можа і нам гэты досьвед запазычыць, скапіяваць. Можа нават не цяпер, а праз 5-10-20 гадоў. У тых жа царкоўных пытаньнях: я мяркую, шмат беларускіх сьвятароў, шмат беларускай інтэлігенцыі, маладых вернікаў уважліва глядзяць — а як ва ўкраінцаў атрымаецца з аўтакефаліяй?

Можа гэта і наш шлях — кажуць гэтыя беларусы. У праваслаўі ўсё робіцца няхутка. І ў такім кансэрватыўным грамадзтве, як беларускае — асабліва. Але ўпэўнены, што шмат беларусаў жадаюць Украіне дабра і каб у яе ўсё атрымалася, бо гэта добрая школа і для іх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG