Да вынікаў менскага паседжаньня Сыноду РПЦ.
Гэтага мы чакалі, і ніякай сэнсацыі ў Менску не адбылося.
Сынод Маскоўскай царквы на тэрыторыі Кіеўскай мітраполіі Ўсяленскага патрыярхату 15 кастрычніка заявіў аб разрыве адносін з гэтым патрыярхатам.
Пастанова, якая зьмяшчаецца ў сынадальным журнале № 71, уражвае нелягічнасьцю.
Спачатку прымаецца рашэньне аб разрыве эўхарыстычных дачыненьняў з Канстантынопальскім патрыярхатам, потым прымаецца заява з гэтай прычыны, і нарэшце сынадалы просяць Кірыла інфармаваць прадстаяцеляў іншых Памесных цэркваў аб пазыцыі РПЦ у сувязі з рашэньнямі, якія 11 кастрычніка прыняў Сынод Канстантынопальскай царквы.
Апошні пункт я ў сваім пераказе адмыслова скараціў, бо так ён мусіў гучаць, калі б РПЦ не навязвала сваю думку, свой погляд на наступствы канстантынопальскага рашэньня іншым цэрквам. А вярхі РПЦ чамусьці лічаць, што намер Канстантынопаля даць аўтакефалію Украінскай царкве вядзе да «разрушения единства мирового Православия».
Калі б Сынод РПЦ сапраўды быў зацікаўлены ў вядзеньні дыялёгу, яго пастанова зьмяшчала б два пункты: прыняць заяву, інфармаваць прадстаяцеляў іншых цэркваў аб пазыцыі РПЦ у сувязі з канстантынапольскай пастановай ад 11 кастрычніка і заклікаць іх да супольнага вырашэньня ўзьніклай праблемы. Але Сынод РПЦ лічыць неабходным яшчэ і прыгразіць разбурэньнем еднасьці сусьветнага Праваслаўя.
Што тычыцца заявы Сыноду РПЦ, дык перш-наперш трэба адзначыць, што ў сынадалаў няма разуменьня спэцыфікі жанру. Заява вельмі доўгая, ня кожны адмысловец здольны прачытаць яе з аднаго разу. Тым часам усе аргумэнты супраць рашэньняў Сыноду Канстантынопальскай царквы ад 11 кастрычніка, якія ў ёй ёсьць, можна было выкласьці ў дадатку.
Самы ж вялікі агрэх менскай заявы Сыноду РПЦ — непаважлівае, зьняважлівае стаўленьне да апанэнта.
Пішучы аб пацьвярджэньні Сынодам Канстантынопальскай царквы намеру «предоставить автокефалию Украинской церкви», аб адкрыцьці ў Кіеве «ставропигии» Канстантынопальскага Патрыярха, аб «восстановлении в архиерейском или иерейском чине» Філарэта Дзенісенкі і Макарыя Малетыча ды іхных пасьлядоўнікаў і аб «возвращении их верующих в церковное общение», аб «отмене действия» Саборнай граматы Канстантынопальскага патрыярхату 1686 г., якая тычыцца перадачы Кіеўскай мітраполіі ў склад Маскоўскага патрыярхату, аўтары заявы лёгка маглі абысьціся бяз гэтых двукосьсяў, бо гэта не цытаты. У гэтым выпадку двукосьсі замяняюць прыняты ў палеміцы выраз «так званы» і падобныя да яго.
Калі нехта хоча весьці дыялёг, то ня кідаецца ў палеміку, не вінаваціць свайго апанэнта ў крывадушнасьці, не называе ягоныя рашэньні «безрассудными».
І вось, пасьля ўсіх інвэктываў у адрас свайго апанэнта, Сынод РПЦ заклікае Памесныя цэрквы: а) даць належную ацэнку «антиканонических деяний Константинопольского патриархата» і б) супольна шукаць шляхі да выхаду зь цяжкога крызісу, які разьдзірае праваслаўе.
Гэта значыць, што Маскоўская царква чакае і нават патрабуе ад Памесных цэркваў прыняць яе погляд, яе ацэнку дзеяньняў Канстантынопаля як некананічных. Вярхі РПЦ чамусьці ўпэўненыя, што іх разуменьне канонаў самае правільнае, што іншай думкі быць ня можа. А іхны заклік да супольнага пошуку шляхоў азначае: прыміце наш погляд, наш падыход да праблемы — і крызіс будзе пераадолены.
У менскіх сынадальных пастанове і заяве так і прачытваюцца прэтэнзіі Масквы на званьне гегемона сусьветнага праваслаўя. І разам з тым чуецца відавочная гістэрыка, бо ня ўсе Памесныя цэрквы хочуць прызнаваць РПЦ за гегемона. Можна нават сказаць: ніводная Царква ня бачыць у ёй правадыра праваслаўя.
Канфлікт Масквы з Канстантынопалем цяпер і цэрквамі разглядаецца праз палітычную прызму. Расейская агрэсія супраць Украіны востра актуалізавала пытаньне аб незалежнасьці Ўкраінскай праваслаўнай царквы ад Масквы. Калі б Расея не захапіла Крыму і не справакавала вайны на паўднёвым усходзе Ўкраіны, пытаньне пра аўтакефалію Ўкраінскай царквы яшчэ доўга вісела б у паветры, не знайшоўшы сабе спрыяльнай глебы. Крэмль пастараўся такую глебу стварыць.
Страта Ўкраінскай царквы азначае, што РПЦ ня зможа прэтэндаваць на званьне самай буйной праваслаўнай Царквы.
Гэта нейкая дзіўная расейская звычка: лічыць сваю краіну вялікай таму, што ў яе вялікая тэрыторыя і нямала народу, і не разумець, што з тэхналягічна і эканамічна адсталай Расеяй лічацца толькі таму, што ў яе ёсьць атамная бомба і вялікае войска. І не павагу гэтая краіна выклікае, а боязь. І пагарду. Бо якая павага можа быць да краіны, якая тэхналягічна і фінансава залежыць ад перадавых краін Эўропы, Амэрыкі ды Азіі, зьяўляецца пэрыфэрыяй сусьветнай эканомікі і пры гэтым прэтэндуе за званьне вялікай?
Такое ж стаўленьне ў праваслаўным сьвеце і да РПЦ, якая магла траціць немалыя рэсурсы, у тым ліку дзяржаўныя, на падтрымку свайго ўплыву, але так і не дамаглася гегемоніі. У маскоўскім Сынодзе ня могуць зразумець: РПЦ стваралася Сталіным дзеля таго, каб ажыцьцяўляць «шэфства» над Праваслаўнымі цэрквамі на падкантрольных Крамлю тэрыторыях. Спроба ў 1948 годзе перавесьці пад кантроль Масквы ўсё праваслаўе скончылася правалам. З распадам «сацыялістычнага лягеру», з распадам СССР, па меры таго, як Крэмль выпускае з-пад свайго кантролю адну тэрыторыю за другой, падобныя страты зь неабходнасьцю павінна несьці і РПЦ.
Гэтак жа, як і Крэмль, які дзеля захаваньня сваіх пазыцыяў кідаецца ў авантуры, РПЦ, не сувымяраючы свае магчымасьці са сваімі прэтэнзіямі, паводзіць сябе неадэкватна. Страчваючы свае пазыцыі ў сусьветным праваслаўі, ня здольная пазбыцца сьвербу гегеманізму, яна ня можа весьці дыялёг і стаць сапраўды сястрою іншым Праваслаўным цэрквам і супольнасьцям.
Як на маю думку, за апошнія 24 гады РПЦ другі раз наступіла на тыя самыя граблі. У 1994 годзе пачалося аднаўленьне Эстонскай апостальскай праваслаўнай царквы (ЭАПЦ), якую пасьля захопу Эстоніі Савецкім Саюзам адарвалі ад Канстантынопальскай царквы і далучылі да Маскоўскай. Тады таксама ўзьнік канфлікт паміж РПЦ і Канстантынопалем. Вынік? У Эстоніі цяпер дзейнічаюць і ЭАПЦ, і ЭПЦ Маскоўскага патрыярхату. Канфлікт «разышоўся». Паміж Масквою і Канстантынопалем наступіла часовае замірэньне.
Цяперашняя царкоўная вайна, распачатая Масквою, больш маштабная, бо гаворка ідзе не пра дзясяткі парафіяў, а пра тысячы. І пра мільёны вернікаў. Гэта будзе працяглы канфлікт. Але і цяпер РПЦ у змаганьні з Канстантынопалем, як і ў эстонскім выпадку, не атрымае падтрымкі сусьветнага праваслаўя, бо яна, нягледзячы на ўсе высілкі і патрачаныя рэсурсы, ня можа і ня зможа стала гегемонам. Але ўчыніць крызіс, скандал — можа. Занадта шмат у яе паводзінах эмацыйнасьці і мала рацыянальнасьці.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.