Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Віцебску тая «Рыбка»?


Дасьціпнікі-рыбаловы сьцьвярджаюць, што гэта — бронзавы карась. А дасьціпнікі, абазнаныя ў мастацтве, — што гэта вобла да піва, якое асацыяльныя асобы расьпіваюць у бліжэйшым хмызьняку. І што падобныя арт-аб’екты — гэта ганьба для гораду мастакоў, і адзнака дрэннага густу.

1. У Віцебску паставілі помнік рыбе

А што да афіцыйных зьвестак, то скульптура «Рыбка» з кампазытнага матэрыялу бронзавага колеру вышынёй 2, 3 мэтры стала «падарункам Віцебску да ягонага 1043-годзьдзя». Праўда, ляканічнасьць казённай фармулёўкі ня толькі не зьняла ўсе спадарожныя «рыбныя» пытаньні, але спарадзіла іх у разы болей.

Самае распаўсюджанае — гэта «Навошта Віцебску тая «Рыбка»? З падтэкстам «Навошта марнаваць бюджэтныя грошы, калі ў горадзе не хапае школ, паліклінік і дзіцячых садкоў...»

Алена Сьцяпанава
Алена Сьцяпанава

Але раптам яна ўсё-ткі жыцьцёва неабходная гораду? І вось ужо хто-ніхто спрабуе асэнсаваць сымбалізм скульптурнай выявы. Прыкладам, можна ўявіць сабе, што гэты карась з каронай на галаве — тая самая пушкінская Залатая рыбка. Пушкін, між іншым, ажно двойчы праяжджаў цераз Віцебск. Лягічна? Ну, каму як...

А можа, рыбка нездарма трымае ў роце ключ з надпісам «Віцебск» і гербам гораду? Падступная здрадніца, гатовая «здаць» яго любому варагу, які прыплыве па Дзьвіне на чоўне ці акіянскім ляйнэры! Скульптуру ж паставілі на самым беразе, а дакладней, у вусьці Віцьбы — дзе маленькая рэчулка поўніць больш магутную дзьвінскую плынь...

2. Ці то «Рэпка», ці то «Рыбка»

Пэрсанажы тэатральнай дзеі — тыя самыя пушкінскія Стары і Старая, хіба толькі без разьбітых начовак. Затое з алюзіяй да казкі пра рэпку — калі блакітны покрыў са скульптуры цягнулі цэлай талакой. Адно за аднаго трымаліся Стары, Старая і хлопец-жаніх у шлюбным гарнітуры, бо на адкрыцьцё «Рыбкі» запрасілі сапраўдную пару маладых. Разам з работнікамі віцебскага ЗАГСу — у гонар таго, што сёлета гэтай установе споўнілася 100 год. Тут зноўку сачыце за лёгікай: рыба — гэта ікра, ікра — гэта дзеткі, а дзеткі — наша ўсё, амаль што як Пушкін...

3. Маладыя і «старыя»

Кажуць, са спробамі знайсьці падставовыя тлумачэньні абсурду трэба своечасова завязваць, калі хочаш застацца ў здаровым розуме. Таму спынюся на моманце, які выглядае адзіным рацыянальным тлумачэньнем зьяўленьня «Рыбкі» ў нашым горадзе

Непасрэдна падчас адкрыцьця было абвешчана, што яна будзе рабіць традыцыйныя амаль для кожнай гарадзкой скульптуры цуды. Вы ж, напэўна, ведаеце: варта толькі нешта недзе пацерці, каб грашовы дабрабыт адразу палепшыўся са страшнай сілай. І адным зь першых да «Рыбкі» памкнуўся старшыня Віцебскага аблсавету Ўладзімер Цярэнцьеў. Яно й зразумела: вобласьці надта ж патрэбныя грошы, бо «не хапае школ, паліклінік і дзіцячых садкоў» (гл. вышэй па тэксьце)

4. Уладзімер Цярэнцьеў спраўджвае прыкмету

Потым па прыкладзе кіраўніцтва скульптуру атачылі і шараговыя грамадзяне. Хтосьці старанна націраў рыбе бакі, хтосьці прылашчваў хвост, а хтосьці й ключ — імаверна, у спадзевах на жыльлёвы крэдыт ці на доўгачаканае ўласнае жытло, хоць нейкім цудам...

5. Гараджане ў спадзяваньнях

І цуд здарыўся! Аказваецца, віцебская «Рыбка» шматфункцыянальная: яна ня толькі прарочыць багатыя ўловы мясцовым рыбакам ды шукальнікам халяўных здабыткаў, але й зьбірае ахвяраваньні. У самым нізе, дзе скульптар Іван Казак разьмясьціў гаршчочак, поўны казачных манэтак, пачалі зьяўляцца і сапраўдныя! Праўда, дробненькія — па 1, 2 і 5 капеек...

6. Скарбы і грошы

Не ведаю, адкуль такая завядзёнка, але ў Віцебску прынята пакідаць капейкі, калі ў скульптурнай кампазыцыі прысутнічае ці то гаманец, ці то гаршчок са скарбамі. Але ж мэханізм запрацаваў! Хтосьці пакінуў дробязь, а камусьці ўжо й на піва хопіць, дзякуючы ці то вобле, ці то карасю. Шкада, абласны бюджэт такім чынам не напоўніш...

7. Яшчэ адна карысць ад «Рыбкі» — сфатаграфавацца

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG