Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кур’ёзная гісторыя заўчаснай незалежнасьці 


Пясочная выява першага прэыздэнта Чэхаславаччыны Томаша Гарыга Масарыка
Пясочная выява першага прэыздэнта Чэхаславаччыны Томаша Гарыга Масарыка

Горад Пісэк у Паўднёвай Чэхіі абвясьціў у 1918 годзе незалежнасьць на два тыдні раней, чым уся рэспубліка.

Мне расказалі пра гэта ў самім Піску, куды мы прыехалі з унукам Ларысы і Янкі Геніюшаў Міхасём здымаць фільм пра турму, дзе ў 1948 трымалі ягоных бабку і дзеда.

Рака Атава ў Піску. На заднім пляне - турма, дзе сядзелі Ларыса і Ян Геніюшы
Рака Атава ў Піску. На заднім пляне - турма, дзе сядзелі Ларыса і Ян Геніюшы

На набярэжнай аж спынілася: ля вады велізарныя пясочныя скульптуры. Пазнала Масарыка, «чэскага льва». Дапусьцім, інсталяцыя прымеркаваная да ўгодкаў незалежнасьці? Але што азначае паравоз, хто трое мужчынаў у аўтамабільчыку? Даведалася такую гісторыю.

Леў ад 13 стагодзьдзя сымбалізаваў усе землі Чэскай Кароны. Сёньня ён і на дзяржаўным гербе краіны
Леў ад 13 стагодзьдзя сымбалізаваў усе землі Чэскай Кароны. Сёньня ён і на дзяржаўным гербе краіны

Восень 1918-га, у Празе рыхтуецца ўсеагульны страйк з дэкляраваньнем незалежнасьці. Дакладная дата прызначаная, і ў Пісэк з радаснай весткай выправіўся праскі рэдактар Францішак Ганзьлічак. Аднак пакуль паравоз дастаўляў яго ў Пісэк, са страйкам у сталіцы не заладзілася.

На пярэднім пляне - пясочная скульптура таго гістарычнага паравозу
На пярэднім пляне - пясочная скульптура таго гістарычнага паравозу

Ганзьлічка своечасова не папярэдзілі і ён, прыбыўшы ў Пісэк 14 кастрычніка, абвясьціў шматтысячнаму натоўпу, які сабраўся ля мясцовай ратушы: «Акурат у гэтыя хвіліны на Старамесцкай плошчы ў Празе абвяшчаюць Чэхаславацкую рэспубліку! І я, па ўсёй форме, устанаўліваю Чэхаславацкую рэспубліку ў Піску!»

Грымнулі воклічы, залуналі сьцягі, незалежнасьць на некалькі гадзінаў стала ў горадзе зьдзейсьненым фактам.

Зь пяску выляпілі ня толькі будынак ратушы, але і колішні натоўп ля яе
Зь пяску выляпілі ня толькі будынак ратушы, але і колішні натоўп ля яе

Пасьля абеду высьветлілася памылка. У горад увайшлі аўстра-вугорскія войскі, і ўсё стала на ранейшае месца.

Неўзабаве з Прагі ў Пісэк на аўтамабілі паслалі каманду сьледчых, каб разабрацца зь незалежнікамі. Аднак кіроўца сымуляваў у дарозе паломку і пакуль даводзіў машыну да ладу, у цэнтры давялі да ладу самастойнасьць дзяржавы.

Вось тая машына з кемлівым кіроўцам і сьледчымі
Вось тая машына з кемлівым кіроўцам і сьледчымі

Кастрычніцкі кур’ёз 1918 году ўвайшоў у гісторыю Піску: тутэйшыя зь яго і кпяць, і ганарацца. Неафіцыйным дэвізам гораду стала: «Пісэк — заўсёды на крок наперадзе».

Пісэк над Атавай
Пісэк над Атавай

Багацьце Піску — прыбярэжныя пяскі ракі Атавы. Менавіта яны прынесьлі гораду славу — у сярэднявеччы зь іх здабывалі золата. Штогод тут адбываецца сьвята «Піскавішча», калі на набярэжнай узводзяцца недаўгавечныя, але грандыёзныя скульптуры зь пяску.

Гэты каменны мост над Атавай - самы старажытны з тых, што захаваліся ў Чэхіі. Так, старажытнейшы за Карлавы мост у Празе
Гэты каменны мост над Атавай - самы старажытны з тых, што захаваліся ў Чэхіі. Так, старажытнейшы за Карлавы мост у Празе

Сёлета мясцовым юбілейным мерапрыемствам далі загаловак: «Як мы ў Піску абвяшчалі рэспубліку». На набярэжнай ўзьвялі пяць трохмэтровых пясочных скульптураў: першага прэзыдэнта Чэхаславаччыны Томаша Гарыга Масарыка; «чэскага льва» — сымбалю дзяржавы; мясцовай ратушы, ля якой прагучалі крыху заўчасныя словы Францішка Ганзьлічка; не забыліся і на паравоз, які прывез са сталіцы праскага рэдактара з гістарычнай навіной, а таксама на аўтамабіль, які так дарэчна не давез у Пісэк сьледчых для разьбіральніцтва.

Пясочная інсталяцыя на набярэжнай
Пясочная інсталяцыя на набярэжнай

Сотыя ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці ў Чэхіі з размахам адзначаць 28 кастрычніка. Пісэк будзе прытрымлівацца гістарычнай праўды і адсьвяткуе на два тыдні раней.

А тое, што сымбалі пясочныя, тут успрымаюць як сымбалічны кантраст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG