Эўрапейскі Зьвяз заклікаў Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў з нагоды выкананьня двух сьмяротных прысудаў і адмовы ў апэляцыі яшчэ двум сьмяротнікам.
Што важна ведаць
- Пра сьмяротнае пакараньне Віктара Лётава і Аляксея Міхалені стала вядома 29 траўня падчас разгляду ў Вярхоўным судзе апэляцыі Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухаркі, якім прысудзілі вышэйшую меру пакараньня за забойства трох чалавек.
- 30-гадовы Віктар Лётаў быў асуджаны да сьмяротнага пакараньня за трэцяе забойства, якое ўчыніў у Глыбоцкай турме, дзе ўжо адбываў пакараньне за забойства.
- 32-гадовы Аляксей Міхаленя — неаднаразова судзімы жыхар Нароўлі, які ў сакавіку 2016 году забіў суседзяў-пэнсіянэраў.
- 29 траўня Рада Эўропы заклікала Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне. Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
- 30 траўня Вярхоўны суд адхіліў апэляцыю Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухаркі, асуджаных на сьмерць.
- Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.
Эўрапейская служба зьнешніх дзеяньняў заклікала Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне. Сьцьвярджаецца, што выкананьне сьмяротных прысудаў супярэчыць гатоўнасьці Беларусі да ўзаемадзеяньня зь міжнароднай супольнасьцю і Эўразьвязам.
Паводле заявы, Эўразьвяз выступае супраць сьмяротнага пакараньня, таму што яно:
- парушае права на жыцьцё, замацаванае ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека;
- «зьяўляецца жорсткім, бесчалавечным і зьневажаючым годнасьць пакараньнем»;
- ня стрымлівае злачынства;
- памылковы прысуд ня можа быць выпраўлены.
300 сьмяротных выракаў за часы незалежнасьці. 10 фактаў пра сьмяротнае пакараньне ў Беларусі
Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю. Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў. Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня. Нядаўна дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэй Навумовіч заявіў, што «Беларусь павольна і дакладна ідзе да адмены сьмяротнага пакараньня» і ён «не выключае паўторнага рэфэрэндуму ў гэтым пытаньні».
Улады Беларусі традыцыйна не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.