У горадзенскім лямусе, пабудаваным без адзінага цьвіка, пачалі перакрываць дах. Самая старая драўляная пабудова Беларусі перажывае апошні этап рэстаўрацыі. Калі тая скончыцца, лямус мае выглядаць, як амаль 400 гадоў таму — толькі зь цьвікамі.
Уваход турыстам і гараджанам забаронены
Хоць унікальны помнік драўлянага дойлідзтва стаіць у самым цэнтры гораду, паблізу аўтавакзалу, убачыць яго можна толькі здалёк, і то праз плот. На час працаў і турыстам, і горадзенцам уваходзіць на дзядзінец былога брыгіцкага кляштару, дзе стаіць лямус, забаронена. Браму пільнуе ахоўнік.
Назва «лямус» паходзіць ад нямецкага слова, якое азначае «дом з гліны». У такіх гаспадарчых пабудовах захоўвалі прадукты, збожжа, інструмэнты, зброю, маглі там і жыць улетку. Лямусы будавалі з цэглы, каменьня, дрэва. З XVII да пачатку XX стагодзьдзя яны былі распаўсюджаныя ў Заходняй Беларусі, Польшчы, Літве.
Горадзенскі лямус пабудавалі ў першай палове XVII стагодзьдзя. Гэта самая старая драўляная пабудова Беларусі. Ён уваходзіць у комплекс былога жаночага кляштара брыгітак. Да сярэдзіны мінулага стагодзьдзя там жылі манахіні, потым з кляштара зрабілі шпіталь.
У двухпавярховым лямусе ёсьць крытая галерэя з аркамі. Пад часткай будынка — склеп. На другі паверх вядуць драўляныя сходы. Чатырохсхільны дах пакрыты драўлянай дахоўкай — гонтай.
Цяпер мяняюць дах
Цяпер рабочыя перакрываюць дах. Старую дахоўку зьнялі раней, а замест яе кладуць сьвежыя драўляныя гонты — пласьціны 70×12 сантымэтраў. З фасаднай часткі дах ужо пераклалі.
Перад гэтым апоры даху ўмацавалі, кроквы абаранілі ад шкоднікаў і цьвілі.
Ужо ня безь цьвікоў
Падчас папярэдніх двух этапаў рэстаўрацыі ўмацавалі падмурак. На ягоным месцы раней быў тонкі слой камянёў і цэглы, а месцамі будынак абапіраўся на бярвёны. Каб заліць новы фундамэнт, усю канструкцыю лямуса паднялі на дамкратах у паветра на 1 сантымэтар.
У сьценах замянілі струхлелыя бярвёны. Усярэдзіне разабралі перагародкі савецкага пэрыяду, ачысьцілі сьцены ад тагачасных напластаваньняў.
Хоць лямус будавалі без адзінага цьвіка, зь цягам часу яны ў будынку ўсё ж зьявіліся. Калі — невядома. Падчас цяперашніх працаў таксама прыйшлося ўжываць мэталічныя мацаваньні, каб выраўняць пакрыўленыя ад старасьці сьцены.
Працы вядуцца за польскія грошы і польскімі спэцыялістамі
Горадзенскі лямус пачалі аднаўляць у 2016 годзе. Праект распрацавалі ў Польшчы, узгаднілі ў Міністэрстве культуры Беларусі. Працы вядуць польскія спэцыялісты. Іх фінансуе Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, 15% выдаткаў кампэнсуе Горадзенская рымска-каталіцкая дыяцэзія. Дакладныя сумы, якія патрэбныя на рэстаўрацыю, не агучваюцца.
Пасьля рэстаўрацыі ў лямусе разьмесьціцца музэй гісторыі Горадзенскай дыяцэзіі.