У Менску ў парку Горкага невядомыя актывісты зладзілі акцыю: разьвесілі на дрэвах сукенкі, начныя кашулі і жаночую бялізну. Адзеньне выпацканае чырвонай фарбай, якая імітуе кроў. На зямлі пад дрэвамі ляжаць улёткі з інфармацыяй для ахвяраў хатняга гвалту.
Да вопраткі прымацаваныя аркушы з надпісамі пра гвалт над жанчынамі ў сям’і.
«Кожная трэцяя беларуска зазнае фізычны гвалт, кожная шостая — сэксуальны», «Кожнае чацьвёртае жаночае самагубства ў РБ — вынік гвалту ў сям’і», «Міліцыя цябе не абароніць!» і іншымі. Некаторыя сукенкі пазначаныя рукапіснымі хэштэгамі # традыцыйная сям’я.
Нядаўна Аляксандар Лукашэнка адмоўна выказаўся наконт законапраекту па супрацьдзеяньне хатняму гвалту і распавёў, як сам біў рэмнем старэйшага сына, калі той быў дзіцем.