У прыватным выдавецтве «Коска» выйшла новая кніга знакамітай швэдзкай дзіцячай пісьменьніцы Юі Вісландэр «Ёрдзіс».
Кніга названая імем галоўнай гераіні — дзяўчынкі Ёрдзіс, якая жыве ў адным з раёнаў Стакгольму Хагалюндзе з мамай, татам, сястрой і бабуляй. Усе разам яны шчасьлівыя, але кожнаму паасобку для поўнага шчасьця бракуе чагосьці свайго. Яны доўга песьцяць свае запаветныя мары — і шчасьце прыходзіць.
Што самае жахлівае на сьвеце?
Гэта калі твайго коціка пераяжджае машына. Ёрдзіс з сястрою Марʼянай доўга ўпрошвалі бацькоў набыць ім коціка. Тыя доўга не згаджаліся, але аднойчы тата прынёс ім у кошыку ажно дваіх кацянятаў. Кацяняты выбралі сабе па дзяўчынцы і сталі іхнымі найлепшымі сябрамі. А вось машыны былі іхнымі ворагамі і Ёрдзісінага коціка задушылі, калі той скочыў з двара на вуліцу. Няўцешную дзяўчынку супакоіў урэшце сьцьвярджальны адказ мамы на яе філязофскае пытаньне: «Ці ёсьць рай для коцікаў».
Бабуля-прынцэса і хатка ў вёсцы
Ёрдзісіна бабуля падобная да прынцэсы. У яе доўгія бліскучыя валасы і кашуля ў ружачкі. Дзяўчынка хоча, каб бабуля з распушчанымі валасамі гуляла ўвесь час разам зь ёю і сяброўкамі. Бабуля ж, як на прынцэсу, мае зусім дзіўную мару — пра сваю хатку ў вёсцы. Ёрдзіс не разумее бабулінай мары пра шчасьце, але ўрэшце згаджаецца. Пагатоў тата, спачатку, зразумела, спраўдзіўшы сваю мару пра матацыкл, дапамагае і бабулінай мары зьдзейсьніцца. Усе шчасьлівыя.
Маленькі двор і вялікая гара
Кніга «Ёрдзіс» — аўтабіяграфічная. Пісьменьніца апавядае пра сваё маленства, якое прыпала на 50-я гады мінулага стагодзьдзя. У гутарцы зь беларускай перакладніцай кнігі Надзеяй Кандрусевіч Юя Вісландэр зазначае:
«У мяне засталіся вельмі яскравыя ўспаміны пра дом, двор, сяброў і сябровак, маміну вопратку, але ўспаміны — гэта гук, смак, пах, усё, што я адчувала ў дзяцінстве. Так што калі я ў сваёй працы дайшла да дыялёгаў і моцных перажываньняў, я апынулася нібыта ў нямым кіно. Што мы папраўдзе казалі? Як мы размаўлялі? І пачуцьці — я была вельмі зьдзіўленая, як шмат пачуцьцяў вярнулася да мяне падчас працы. Калі я пісала разьдзел, дзе Ёрдзіс губляе свайго коціка, у мяне зьявілася гусіная скура на руках, пацяклі сьлёзы, я аблілася халодным потам.
У першай кнізе пра Ёрдзіс усё дзеяньне разгортваецца на заднім двары дому. Гэта была мая дзіцячая пляцоўка. Калі я туды вярнулася дарослай і пабачыла маленькі заасфальтаваны лапік зямлі, заціснуты між мураванымі дамамі, узгадала адсутнасьць гарачай вады ў нас дома, то маім дарослым позіркам я пабачыла беднату. Але дзіцячыя ўспаміны пераконваюць мяне, што гэта было цудоўнае месца для дзяцей. Куча дзяцей, якія былі нібыта адным цэлым. Мы былі свабодныя і абароненыя, двор быў нашай прасторай, а Гара побач — вялікай цёплай сьпінай, па якой мы караскаліся. Мы самі прыдумлялі сабе гульні. Мы гулялі і гулялі, і гулялі, і гулялі. Мы жылі ў цясноце, і бацькоўскае выхаваньне было вельмі простым: „На двор гуляць! Дадому есьці!“
У асноўным я пішу для маленькіх дзяцей, але найважнейшае для мяне — гульня. Я заўважыла, што магу шмат што ўзяць са свайго дзяцінства, і мне падалося, што было б класна паспрабаваць гэта апісаць. Паглядзім, ці сёньняшнія дзеці палічаць гэта цікавым. Паміж цяперашнім часам і пачаткам 50-х вялікая розьніца. А можа і не, калі вядзецца пра дзяцей ды іхныя гульні?»
Кніга «Ёрдзіс» па-беларуску выйшла ў арыгінальным афармленьні швэдзкае мастачкі Лёты Гефэнблад.
Прыватнае выдавецтва «Коска», якое заснавала перакладніца Надзея Кандрусевіч, зьявілася на беларускім кніжным рынку сёлетняй вясной. Яно канцэнтруецца толькі на кнігах для дзяцей ды падлеткаў, гуртуе вакол сябе перакладніц ды перакладнікаў са швэдзкай мовы. «Коска» ўжо выдала кнігу Юі Вісландэр «Мама Му паранілася» і кніжку-кардонку для зусім маленькіх «Крумкач кажа „Нельга“!».