Іран і радыкальныя тэрарыстычныя групоўкі — дзьве асноўныя пагрозы бясьпецы Злучаных Штатаў, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Адміністрацыя Дональда Трампа прадставіла 4 кастрычніка новую нацыянальную стратэгію барацьбы з тэрарызмам, акрэсьліўшы дзьве самыя значныя пагрозы для ЗША — Іран і радыкальныя тэрарыстычныя групоўкі. Стратэгію прэзэнтаваў Джон Болтан, дарадца прэзыдэнта ЗША па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі.
Апошні раз сур’ёзныя зьмены ў стратэгію барацьбы з тэрарызмам у ЗША ўносілі ў 2011 годзе, яшчэ пры адміністрацыі былога прэзыдэнта Барака Абамы.
Той факт, што ўлады ЗША згадалі Іран у якасьці асноўных пагроз, адлюстроўвае імкненьне Дональда Трампа ўтаймаваць іранскі ўплыў на Блізкім Усходзе, прымусіць гэтую краіну спыніць рэалізацыю ракетна-ядзернай праграмы і перастаць падтрымліваць экстрэмісцкія групоўкі ў рэгіёне.
У стратэгіі 2011 году Іран згадваўся толькі аднойчы, на перадапошняй старонцы дакумэнту. Ён быў паказаны ў папярэдняй стратэгіі ў якасьці дзяржавы, якая «актыўна падтрымлівае тэрарызм». Аднак у цяперашняй вэрсіі контратэрарыстычнай стратэгіі Ірану адводзіцца асноўнае месца. У дакумэнце таксама згадваюцца суніцкія мусульманскія ўзброеныя фармаваньні, якія дзейнічаюць у Сырыі і Іраку.
Болтан заявіў у размове з журналістамі, што Іран застаецца найбольш актыўным спонсарам тэрарыстаў. Ён дадаў, што, «пачынаючы з 1979 году, (Іран) стаў... цэнтральным банкам міжнароднага тэрарызму». Паводле Болтана, праіранскія групоўкі «Хезбала», «Хамас» і «Палестынскі ісламскі джыхад» працягваюць пагражаць інтарэсам Злучаных Штатаў.
Падчас свайго выступу Болтан прызнаў, што «застаюцца дадатковыя цяжкасьці» ў ахопленых вайной раёнах Сырыі і Іраку, нягледзячы на тое, што сілы кааліцыі, якія падтрымліваюць ЗША, змаглі выціснуць тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы» з большай часткі буйных гарадоў рэгіёну.