Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993. Старшыня КДБ: «Эмігранты ўжо накаяліся»


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна тут

Мікалай Бойка (Ленінская выбарчая акруга № 1, Менск): Я атрымаў ад аднаго з выбаршчыкаў пісьмо, якое ён вельмі хацеў, каб вы таксама паслухалі. «Што ж гэта робіцца ў нашай краіне з мовай? Абмеркавалі, прынялі пастанову, а цяпер заганяюць, як цялят у хлеў, шчырых беларусаў. Дзе ж гэта бачна, каб разбэсціўшыяся хлопцы і дзяўчаты з “Беларускай маладзёжнай” над намі карэннымі беларусамі ставілі эксперыменты, застаўляючы слухаць і размаўляць на нейкай нікому не вядомай мове тарашкевіцы... Адкуль (мусіць з замежжа!) нам навязваюць такія вычурныя словы, як “плян”, “рэкляма”, “Лёндан”, “Менск”, “Амэрыка”, “даляр”, “парлямэнт”, “дэклярацыя” і шмат іншых?.. Прапаную: забараніць праводзіць усялякія эксперыменты на радыё і тэлебачаньні па прапагандзе тарашкевіцы... Нашыя вялікія беларусы, у тым ліку і мовазнаўцы, вучылі і вучаць нас карыстацца сапраўднай айчыннай мовай, а не нейкай заморскай, на якой гавораць радыё “Свабода”, Данчык і іншыя, у тым ліку і ў нашым Вярхоўным Савеце. Між іншым, спадар Данчык ганарыцца, што роднай мове яго навучыла маці. Але гэта не так. Калі праўда тое, што ён гаворыць, што маці яго жыла на Садовай вуліцы ў Мінску, магу з поўнай адказнасцю сцвярджаць, што яна ведала такую беларускую мову, якой валодаю я, бо мы ўсе з Садовай вуліцы вучыліся ў сярэдняй беларускай школе № 6. Адсюль трэба яшчэ разабрацца, хто і дзеля чаго навучыў спадара Данчыка так размаўляць па-беларуску».

Выступ у "Розным"

— Вы ўвесь час мне казалі, што беларусы прыгнечаныя Масквой, што камуністы забараняюць ім гаварыць на роднай мове, і вось я прыляцела ў Менск, ужо няма СССР, на чале дзяржавы беларускі інтэлігент Шушкевіч, і — ніводнага беларускага слоўца на вуліцах! Беларуская гаворка была толькі на Зьезьдзе! — так казала сваім бацькам дачка эмігрантаў, калі вярнулася за акіян пасьля наведаньня зямлі продкаў.

Цяпер, з адлегласьці часу, праз чвэрць стагодзьдзя, Першы Зьезд беларусаў сьвету мне бачыцца найбольшым трыюмфам апошняй хвалі нацыянальнага адраджэньня — зразумела, пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці 25 жніўня 1991 году.

Зьезд прайшоў 9–10 ліпеня ў Опэрным тэатры, сабралася больш як 900 ўдзельнікаў.

Аднак гэты зьезд мае ў нечым драматычную перадгісторыю, сьляды якой можна знайсьці ў пэрыядычным друку 1993 году. Я маю на ўвазе стаўленьне да зьезду ў часе яго падрыхтоўкі Сойму Беларускага Народнага Фронту.

Спачатку — цытата.

У сваёй кнізе «Першаму зьезду беларусаў сьвету — 20 гадоў» (Менск, 2013) Леанід Лыч піша: «Складанае становішча ўзьнікла для ЗБС «Бацькаўшчына» ў сувязі з адмовай кіраўніцтва Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» ўдзельнічаць у працы Першага зьезду беларусаў сьвету, хаця, як вядома, прыкладна год таму — 6 сакавіка 1992 г. — сябра Сойму гэтага фронту Сяргей Навумчык на пасяджэньні Ўправы ЗБС «Бацькаўшчына» сам унёс такую прапанову і яе ўхвалілі. І толькі канцэнтрацыя ўсёй увагі гэтай арганізацыі на падрыхтоўцы да Першага сходу беларусаў блізкага замежжа на пэўны час адсунула на задні плян прапанову нарадафронтаўца».

Удакладню, што ў той момант я ня быў сябрам Сойму БНФ. Я не прысутнічаў на Ўстаноўчым зьезьдзе ў 1989-м у Вільні і, акрамя таго, ня быў такой ужо заўважнай асобай, каб мяне вылучылі ў Сойм. А калі ўжо стаў дэпутатам парлямэнту і каардынатарам Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце і ў сакавіку 1991-га ў Менску праходзіў II зьезд БНФ — адсутнічаў на ім (быў у шпіталі ў Віцебску) і, што называецца, не патрапіў на вока тым, хто складаў сьпіс. Ва ўсякім разе, у апублікаваным у прэсе сьпісе Сойму майго прозьвішча няма.

Праўда, потым Пазьняк казаў, што вылучаў мяне ў склад кіруючага органу і мела месца тэхнічная памылка — відаць, так яно і здарылася. Але я палічыў непатрэбным высьвятляць, хто вінаваты, дамагацца выпраўленьня сытуацыі (тым больш што Сойм абірае зьезд і толькі ён), і сябрам найвышэйшага органу БНФ я сябе не лічыў. І зусім не пераймаўся з гэтай прычыны, бо цэнтар палітычных рашэньняў даўно ўжо быў у парлямэнцкай апазыцыі, а там працы было вышэй галавы. Канешне, звычайна я прысутнічаў на пасяджэньнях Сойму, але не на ўсіх.

Сапраўды, як нагадвае Леанід Лыч, вясной 1992 году адбывалася пасяджэньне Ўправы Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», ішла падрыхтоўка да форуму беларусаў блізкага замежжа, і я прапанаваў правесьці ў Менску прадстаўнічы зьезд беларусаў усяго сьвету, на які б сабраліся і беларусы сумежных краінаў, і прадстаўнікі дыяспары з-за акіяну. Уласна, выказаць такую прапанову першым мог які заўгодна ўдзельнік таго сходу. Ідэя была падтрыманая міністрам замежных спраў Пятром Краўчанкам.

Старшыня КДБ: «Эмігранты ўжо накаяліся»

Эмігрантаў мае кожная краіна, і ці ня кожная нацыя мае дыяспары за мяжой. Але толькі ў таталітарных краінах слова «эмігрант» тоесна слову «здраднік».

У Савецкім Саюзе існавала магутная арганізацыя, якая спэцыялізавалася на змаганьні са здраднікамі дзяржаве — КДБ (здраднікамі сямейнымі зь ня меншым імпэтам займаліся партарганізацыі і прафсаюзы).

Ужо некалькі гадоў як пачало мяняцца афіцыйнае стаўленьне да эмігрантаў, якіх у савецкія часы інакш як «паліцаямі» або «здраднікамі Радзімы» не называлі.

Красамоўны прыклад дае ў прыгаданай вышэй кнізе Леанід Лыч, цытата вялікая, але вартая, каб яе прывесьці:

«Цяжка даецца веры, але круты паварот да эміграцыйнай праблемы стаў назірацца на пераломе 80-х — 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя з боку Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі, г. зн. таго органу, які больш за іншых паганіў тых, хто жыў па-за яе мяжой, уносіў уласьцівымі яму сродкамі раздрай у іх асяродзьдзе, не дапускаў і думкі пра збліжэньне, прымірэньне з апошнімі.

Сказанае пацьвярджаецца зьместам праведзенай у сьнежні 1991 г. размовы кіраўнікоў КДБ Рэспублікі Беларусь з журналістамі газэты «Набат» (№ 17, рэдактар Васіль Якавенка). Сам старшыня КДБ РБ Эдуард Шыркоўскі заявіў, што гэты орган бярэ «на сябе частку адказнасьці за тое, што рабілася ў дачыненьні да нашай эміграцыі ў мінулым... Калі мы абʼявілі сябе сувэрэннымі, незалежнымі, дык збліжэньне з замежжам павінна стаць нашай дзяржаўнай палітыкай».

А з вуснаў намесьніка начальніка адной з управаў КДБ РБ Аляксея Даніліка прагучала такое, чаго раней не пачуў бы і ў самым вузкім коле работнікаў савецкай намэнклятуры: «Нават тыя, хто супрацоўнічаў зь немцамі ў гады акупацыі, не падлягаюць крымінальнаму перасьледу, ім ня трэба баяцца якіх-небудзь рэпрэсій». Тую «неардынарную» размову начальнік аднаго з аддзелаў КДБ РБ Віктар Дзьмітрыеў і сам Шыркоўскі закончылі даволі аптымістычна: «Што да эмігрантаў — трэба дараваць ім усім за тэрмінам даўнасьці і, магчыма, усім пакаяцца» (В. Дзьмітрыеў). «Я ня схільны да таго, каб прасіць нашых эмігрантаў пакаяцца. Яны і без таго ў замежжы накаяліся. Менш ім трэба нагадваць пра гэта» (Э. Шыркоўскі)».

Пакіну гэтую цытату без камэнтароў.

«Бацькаўшчына» крытыкуе рашэньне Сойму БНФ

Кіраўніцтва «Бацькаўшчыны» распачало падрыхтоўку да зьезду, і сам факт яго правядзеньня не выклікаў ніякага пярэчаньня ў кіраўнікоў БНФ — ва ўсялякім разе, я пра гэта ня чуў. Да пэўнага моманту, пакуль у пачатку лютага Вярхоўны Савет не скасаваў сваё рашэньне аб прыпыненьні дзейнасьці КПБ-КПСС, прынятае ў гістарычны дзень 25 жніўня 1991 году.

Зрэшты, гэта была толькі нагода — як вядома, пракамуністычныя, праімпэрскія сілы ішлі ў наступ, а ўрад пакідаў усё меней магчымасьцяў для нацыянальнага адраджэньня. 13 лютага Сойм БНФ прыняў рашэньне не падтрымліваць правядзеньне Першага зьезду беларусаў сьвету, паколькі яго могуць скарыстаць у сваіх мэтах антынезалежніцкія сілы.

Пра пастанову імгненна паведамілі дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, навіну паўтаралі ў праграмах тэлебачаньня і радыё, чаго з рашэньнямі Сойму БНФ не было раней і не здаралася пазьней. Несумненна, апарат ураду імкнуўся давесьці да грамадзтва, што ў лягеры патрыётаў адбыўся раскол, а таксама зьменшыць значнасьць зьезду.

Напэўна, гэта была адзіная пазыцыя, па якой у мяне былі разыходжаньні зь некаторымі сябрамі Сойму БНФ. Я лічыў, што браць удзел у зьезьдзе трэба абавязкова, што гэта надзвычайная падзея, вышэйшая за разыходжаньні з кіраўніцтвам Саўміну — зразумела, у выпадку, калі кіраўніцтва гэтае не скарыстае зьезд у сваіх мэтах. Але менавіта ўдзел фронтаўцаў быў бы найбольшай перашкодай для такога.

17 лютага Ўправа ЗБС «Бацькаўшчына» прыняла заяву, у якой скрытыкавала рашэньне Сойму. «Мы ня схільныя ўсьлед за Народным Фронтам панікаваць з выпадку адмены Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь часовай забароны КПБ, бо гэта і так не перашкаджала камуністам аб’ядноўваць свае арганізацыі, толькі што пад іншымі назвамі. Ставіць скліканьне Першага зьезду беларусаў сьвету, гэтай важнай падзеі агульнанацыянальнага значэньня, у непасрэдную залежнасьць ад прынятага рашэньня наконт камуністычнай партыі — ці не занадта вялікі гонар для іх, ці не завельмі вялікая ўступка нашым праціўнікам?! Менавіта сёньня, у складаных умовах барацьбы за незалежнасьць, за дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі, за нацыянальнае Адраджэньне, патрэбна яднаньне беларусаў сьвету, Бацькаўшчыны з дыяспарай».

Управа ЗБС заявіла, што валтузьня некаторых дзяржаўных СМІ вакол рашэньня Сойму не паўплывае на пастановы кіраўніцтва «Бацькаўшчыны», а таксама на ўхвалы Першага сходу беларусаў блізкага замежжа і ХХ Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі і Канады, на «жаданьне тысячаў беларусаў з розных канцоў сьвету, якія адчуваюць душэўную патрэбу ў моцнай лучнасьці з Бацькаўшчынай і жадаюць удзельнічаць ва Ўсебеларускім зьезьдзе, пра што нельга было і марыць падчас панаваньня таталітарнай камуністычнай імпэрыі».

Кіраўніцтва «Бацькаўшчыны» выказала меркаваньне, што Першы зьезд беларусаў сьвету павінен «выпрацаваць такія рашэньні, што былі б істотным гарантам нашага Адраджэньня, выбраць прадстаўнічы орган, да думкі якога будуць прыслухоўвацца найвышэйшая заканадаўчая і выканаўчая ўлады Беларускай дзяржавы».

Менская газэта «Добры вечар» (орган прагрэсіўнага сталічнага гарсавету) надрукавала заяву «Бацькаўшчыны» на першай паласе, а аглядальнік Максім Грэк (Максім Гілевіч) у камэнтары выказаў спадзяваньне «на перагляд свайго рашэньня Соймам Беларускага Народнага Фронту. Камуністам горш ад таго, што БНФ не паўдзельнічае на Ўсебеларускім форуме, ня будзе. Горш ад нашай разьяднанасьці будзе толькі нам самім».

Нягледзячы на гэтыя і іншыя заклікі, кіраўніцтва БНФ не пераглядала сваё рашэньне аж да моманту, калі да зьезду засталіся лічаныя дні. Але прычына была ўжо іншая — узьнікла пагроза, што ўрад Кебіча даможацца ад Рады БНР рашэньня скласьці свае паўнамоцтвы. Аднак гэтая засьцярога была зьнятая правядзеньнем III Усебеларускай канфэрэнцыі з удзелам лідэраў партый і прадстаўнікоў дыяспары, якая прайшла напярэдадні Першага зьезду беларусаў сьвету. Канфэрэнцыя пацьвердзіла паўнамоцтвы Рады БНР.

У выніку, кіраўніцтва БНФ узяло ўдзел у працы зьезду, у тым ліку і мы, дэпутаты, а ў штаб-кватэры Фронту на Варвашэні, 8 было наладжана прыманьне гасьцей з замежжа.

«Нават без аднаго чалавека нацыя няпоўная»

Зьезд сабраўся 8 ліпеня ў Опэрным тэатры. Я крыху спазьніўся на адкрыцьцё, і калі ўвайшоў у залю, ніводнага свабоднага месца ўжо не было — 996 дэлегатаў запоўнілі залю і ўсе бальконы.

«Сёньняшняя сустрэча зьяўляецца зьявай унікальнай», — сказаў Лявон Луцкевіч зь Вільні, магчыма, не разумеючы, што і сам уяўляе сабой сымбаль як нашчадак айцоў-заснавальнікаў БНР.

Першы зьезд беларусаў сьвету
Першы зьезд беларусаў сьвету

Настрой ва ўсіх быў узьнёслы, пачуцьці шмат каго з удзельнікаў трапна выказаў у сваёй прамове Станіслаў Шушкевіч:

«За маё жыцьцё я зьведаў розныя штампы, якімі характарызаваліся розныя падзеі, але я абсалютна перакананы, што мы сёньня з вамі зьяўляемся ўдзельнікамі падзеі гістарычнай. Першы раз за многія гады без прымусу, без падказкі сабраліся беларусы на сваё сьвята, на свой Першы зьезд, і ніхто не перашкаджаў ім гэта рабіць. Ня ведаю, ці многія з вас былі ўпэўненыя ў тым, што мы дажывём да такой падзеі. Я на такое не спадзяваўся. Я думаў, што гэта будзе лёс маіх дзяцей або ўнукаў. Але тое, што мы з вамі дажылі да гэтай падзеі,

Адкрыў зьезд Васіль Быкаў.

«Распалася савецкая імпэрыя, але ў нас у галоўным мала што зьмянілася ад гэтага, — сказаў ён. — Нават тыя малыя рэшткі дэмакратыі і свабоды, якія вялікімі высілкамі дэмакратычных сілаў і, найперш, іх авангарду — Беларускага Народнага Фронту — адваяваныя ў камуны, рызыкуюць быць адабранымі назад. Радзіма патрэбна дыяспары, але і дыяспара патрэбна радзіме. Аптымальны сацыяльна-палітычны лад можа быць збудаваны толькі агульнымі намаганьнямі, толькі высілкамі ўсёй нацыі, як мэтраполіі, так і дыяспары. Нават без аднаго чалавека нацыя няпоўная. Наша нацыя разьяднаная, раскіданая па ўсім сьвеце і ня толькі геапалітычна. Патрэбна аб’яднаньне, калі толькі мы хочам вылезьці з прорвы, з гэтае ваўчынае пасткі, у якой апынуліся напрыканцы ХХ стагодзьдзя».

Грунтоўны даклад «Беларуская ідэя і адбудова беларускай дзяржаўнасьці» зрабіў віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук Радзім Гарэцкі, які сказаў пра неабходнасьць беларусізацыі ўсіх сфэраў жыцьця. Эмацыйным, як заўсёды, быў выступ Ніла Гілевіча. Выступіў віцэ-прэм’ер Міхаіл Дзямчук, які засяродзіўся на выкананьні Закону аб мовах (і на што, адзначу, ён меў поўнае маральнае права, паколькі ў якасьці міністра адукацыі быў адным з «лабістаў» гэтага закону ў папярэднім Вярхоўным Савеце).

Старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч назваў прычыны замаруджваньня дэмакратычных пераўтварэньняў:

«Трансфармацыя таталітарнага рэжыму ў дэмакратычную дзяржаву — працэс значна больш складаны, чым можна было сабе ўявіць на першым этапе нашай перабудовы, нашай пабудовы незалежнай дзяржавы. Цяжкасьці пераходнага пэрыяду руйнуюць веру простых людзей у тое, што можна такую дзяржаву пабудаваць. Гэта вельмі ўмела выкарыстоўваюць тыя, хто хоча правіць… І мы павінны сабрацца, мы павінны сканцэнтраваць нашыя інтэлектуальныя магчымасьці, мы павінны растлумачыць простаму люду, які штурхаюць увесь час на захады інстынктыўныя, на захады стадныя, што ёсьць іншы шлях, сапраўды дэмакратычны, калі можна з дапамогай народу вырашыць усе асноўныя пытаньні нашага жыцьця. Я перакананы, што ў нас ёсьць чысты шлях да сапраўднай дэмакратыі».

Калі Шушкевіч прамаўляў гэтыя словы, наўрад ці хоць адзін чалавек у залі мог уявіць, што роўна праз год «просты люд» будзе кіравацца менавіта тым, што выступоўца вызначыў як інстынкты і стаднасьць.

Камяні пры дарозе

Выступіў перад дэлегатамі і лідэр БНФ Пазьняк:

«Я разумею вашыя пачуцьці. Яны прыўкрасныя, таму што і сам ня раз перажываў, калі доўга ад’яжджаў зь Беларусі і потым вяртаўся на гэтую зямлю. Якой яна мілай здавалася! А я ж яе ніколі ня страчваў, толькі разьвітваўся на нядоўгі час. Я ўяўляю вашыя пачуцьці, калі праз 50 гадоў вы вяртаецеся сюды. І я думаю, што для вас большае значэньне мая ня толькі, можа быць, гэты Вялікі тэатар і гэты наш горад Менск, а тыя камяні пры дарозе, тыя дрэвы, тыя сьцяжынкі, па якіх вы хадзілі ў дзяцінстве і якіх вы зараз шукаеце і хочаце пазнаць. Я думаю, што гэта самае таемнае, самае інтымнае і самае высакароднае, што дае чалавеку спатканьне з дарагой зямлёй».

Такі кранальны, лірычны пачатак прамовы Пазьняка неўзабаве саступіў месца даволі жорсткай і бескампраміснай ацэнцы сытуацыі. Лідэр БНФ заявіў, што рынкавыя рэформы не праводзяцца, адкладаецца прыняцьце нацыянальнай валюты:

«Чаму? Хіба будуць тыя людзі, якія выходзяць амаль кожны дзень у Вярхоўны Савет і аплёўваюць дзяржаўны сьцяг? Хіба будуць тыя людзі, якія цягнуць нас у ваенны саюз з Расеяй, каб мы ехалі ваяваць недзе ў Азэрбайджан ці куды-небудзь у Таджыкістан... Неверагодна, каб дзе-небудзь у Польшчы ці нават у Літве ў парлямэнце разглядалі такое пытаньне — «Быць ці ня быць Літве?», «Быць ці ня быць Польшчы?», «Давайце ліквідуем Польшчу. Давайце далучымся да Германіі ці да Расеі». Ці анархіст, ці камуніст, ці там які-небудзь карычневы, сіне-зялёны, усё роўна — Польшча ёсьць Польшча, польская мова ёсьць польская мова, гэта па-за сумневам. У нас жа беларускую мову зрабілі аб’ектам палітыкі. Яе хочуць вынесьці на рэфэрэндум. Трэба беларуская мова ці ня трэба — давайце выказвацца. Такім чынам, абʼектыўна пытаньне стаіць так, што пакуль будзе гэты ўрад і гэты Вярхоўны Савет, можам не спадзявацца — ніякіх перамен».

Пазьняк сышоў з трыбуны пад энэргічныя воплескі залі; у прэзыдыюме пляскалі ў ладкі ня ўсе.

«Сьвет нас высока ацаніў»

Лявон Луцкевіч, Вільня: «Кансалідацыю… мы разумеем як непазьбежнасьць аб’яднаньня на грунце наступных прынцыпаў: неабходнасьць нацыянальнага адраджэньня, дэмакратычны лад у краіне, які забясьпечыць правы чалавека на ўзроўні міжнародных стандартаў і пагадненьняў, поўная дзяржаўная незалежнасьць з захаваньнем статусу сувэрэннай, нэўтральнай і бязьядзернай дзяржавы, максымальная дэмілітарызацыя з наяўнасьцю нацыянальнага войска ды недапушчальнасьць уваходжаньня ў якія-кольвек вайсковыя блёкі».

Міністар замежных спраў Пятро Краўчанка:

«Мы разумеем, што трэба будаваць нацыянальную дзяржаву. Я магу сказаць, што сярод кіраўніцтва не было розных падыходаў. Мы маглі весьці спрэчкі толькі ў адным рэчышчы: як, якім тэмпам і ў якой форме і як лепш гэта зрабіць, як зрабіць з найменшымі стратамі для нашай нацыі».

Далей міністар сказаў, што і крэдыты заходнія даюць (нават раней, чым Украіне), і першымі сярод дзяржаў СНД Хэльсынскі акт прадпісалі, і Парыскую хартыю для новай Эўропы, і другімі пасьля Расеі інтэграваліся ў Міжнародны валютны фонд, і «выдатныя стасункі зь вялікімі краінамі сьвету» ўсталяваныя. Таксама Беларусь ратыфікавала пагадненьне аб стратэгічных наступальных узбраеньнях і Лісабонскі пратакол — «без усялякіх агаворак, на сто працэнтаў, без папярэдніх умоў, без палітычных і іншых спэкуляцый. Па сутнасьці, у гісторыі ХХ стагодзьдзя Беларусь стала адзінай краінай сьвету, якая добраахвотна адмовілася ад утрыманьня і рэальнай магчымасьці стаць ядзернай дзяржавай. І сьвет гэта высока ацаніў, і сьвет нас прызнаў за гэта» — пахваліўся Краўчанка.

Ужо праз пару гадоў новы міністар замежных спраў ня зможа пахваліцца добрым стаўленьнем сусьветнай супольнасьці.

Дэлегаты патрабуюць адстаўкі міністра абароны

Вострая дыскусія адбылася па вайсковым пытаньні.

Намесьнік старшыні Менгарсавету і адзін з кіраўнікоў БСДГ Анатоль Гурыновіч:

«У вайсковых адзінках, якія зараз называюць Узброенымі сіламі Беларусі, пануюць нэгатыўныя, пагардлівыя адносіны да яе незалежнасьці і нацыянальнага адраджэньня. Большасьць вайскоўцаў варожа ставяцца да беларускай мовы. Не спыняюцца спробы фальсыфікацыі беларускай гісторыі, асабліва тых яе пэрыядаў, якія зьвязаныя з войнамі супраць усходняга дэспатызму. Дагэтуль у вайсковай вопратцы ўжываецца камуністычная імпэрская сымболіка. У войску не спыняецца і нават пашыраецца перасьлед патрыятычна настроеных вайскоўцаў, шалёнаму цкаваньню падвяргаюцца сапраўдныя патрыёты Беларусі, да канца адданыя ідэі беларускай незалежнасьці і адраджэньня, сябры Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, якія некалі ва ўмовах супрацьдзеяньня асоб, зараз кіруючых беларускімі Ўзброенымі сіламі, распрацавалі канцэпцыю стварэньня беларускага войска… Кіраўніцтва міністэрства

Адразу пасьля выступу Гурыновіча на трыбуну ўзьняўся намесьнік начальніка ўпраўленьня міністэрства абароны падпалкоўнік А. Бакун, які заявіў, што пытаньні абароны зьяўляюцца «выключнай прэрагатывай Вярхоўнага Савету, Савету міністраў і Савету абароны» — гэтыя словы патанулі ў воклічах абурэньня, і ўсё ж падпалкоўнік здолеў сказаць, што тэкст рэзалюцыі «не адлюстроўвае рэчаіснасьці, рэальнага становішча спраў» і прапанаваў зьезду яе не прымаць.

Зянон Пазьняк выказаў шкадаваньне, што дэлегаты зьезду пазбавілі сябе магчымасьці выслухаць прадстаўніка Міністэрства абароны. Лідэр БНФ сказаў, што адстаўка міністра абароны Казлоўскага, за якую выказваліся некаторыя ўдзельнікі, нічога ня зьменіць, паколькі ў Саўміне створаная структура, якая рэальна кіруе войскам, а міністар — «пешка ў руках гэтых ведамстваў» (мелася на ўвазе найперш упраўленьне на чале з Данілавым). Зь лідэрам БНФ пагадзіўся міністар замежных спраў Краўчанка — «пытаньне больш складанае, як тут абсалютна аб’ектыўна сказаў спадар Пазьняк» —фактычна, Краўчанка прызнаў нелегітымнасьць таго, што Міністэрствам абароны кіруе ўпраўленьне Саўміну.

Тым ня менш, прагаласавалі за Заяву аб вайсковым пытаньні з патрабаваньнем адстаўкі міністра Казлоўскага. Пасьля галасаваньня слова ўзяў старшыня БЗВ Мікола Статкевіч, які, падзякаваўшы дэлегатам за падтрымку, сказаў, што ў яго «чамусьці на душы непрыемна. Занадта будзе ўсім Зьездам, усімі беларусамі сьвету выказваць недавер спадару Казлоўскаму, можа вінаватаму толькі ў тым, што ён занадта паслухмяны выканаўца. Спадар Пазьняк меў рацыю. Таму я зьвяртаюся да Зьезду з просьбай, гэта мая асабістая просьба, зьняць той дадатак да рэзалюцыі па вайсковым пытаньні».

Да вайсковай тэмы вярнуўся ў сваім выступе дэпутат Апазыцыі БНФ Валянцін Голубеў, спасылаючыся на размовы з генэралітэтам. «Я вам скажу з асабістых кантактаў з вышэйшым кіраўніцтвам, з афіцэрамі — гэта антыбеларускае войска. І калі б узьнікла пытаньне: каго абараняць, Беларусь ці Расею? — хутчэй за ўсё загад паступіў бы абараняць Расею ад Беларусі і наша войска гэта рабіла б».

Ігар Паўлоўскі з Масквы распавёў, як маскоўскія вайскоўцы-беларусы на сустрэчы з тагачасным міністрам у справах абароны, а цяпер намесьнікам міністра абароны генэралам Чавусам запыталіся пра ягонае стаўленьне да незалежнасьці Беларусі і пачулі ў адказ, што Беларусь — гэта заходні фарпост Расеі. Ён прапанаваў не здымаць папраўку пра адстаўку міністра, але ўдзельнікі зьезду прагаласавалі за тое, каб яе выкрасьліць.

«Палова нашых надзеяў рухнула на мяжы Беларусі»

Гісторык Міхась Чарняўскі выказаў прапановы, якія гучалі на пасяджэньні Цэнтральнай рады БСДГ і тычыліся дзейнасьці Рады БНР. Гаворачы пра пагрозу страты незалежнасьці, Чарняўскі сказаў пра неабходнасьць мець «запасны мэханізм» і прапанаваў наступны альгарытм дзеяньняў:

«Па дамоўленасьці з Радай БНР, якая існуе ў эміграцыі, палітычныя партыі і рухі Беларусі шляхам выбараў папаўняюць Раду. Робяць яе больш прадстаўнічай, каб яна прадстаўляла ня толькі беларусаў эміграцыі, але і дзяржаўніцкія сілы тут, на Беларусі. У Раду БНР выбіраюцца ад партый і рухаў, розных палітычных або грамадзкіх арганізацый. Пасьля гэтага на агульным пасяджэньні Рады БНР выбіраецца малалікі ўрад, дзе былі б асноўныя, вядучыя, галоўныя неабходныя для існаваньня дзяржавы міністэрствы, у якія ўвайшлі б прадстаўнікі як зь ліку эміграцыі нашай, так і зь Беларусі. Гэта павінны быць людзі, якія будуць згодныя ў выпадку небясьпекі пайсьці ў эміграцыю, пакінуць тэрыторыю Беларусі, якая, магчыма, страціць сваю незалежнасьць... Я не заклікаю ўзурпаваць уладу стварэньнем такога ўраду Рады БНР, але я прапаную… стварыць запасны мэханізм дзяржаўны, які, вобразна кажучы, запрацуе адразу ж, як толькі над Домам ураду, магчыма, хто-небудзь захоча скінуць бел-чырвона-белы дзяржаўны сьцяг».

Мікола Ганько, старшыня Згуртаваньня беларусаў Канады: «У сваёй дзяржаве мусіць быць свая мова. Для беларускага народа найлепшай формай дзяржаўнага ладу будзе якраз парлямэнцкая сыстэма».

Аляксандар Баршчэўскі, Беласток: «Кожны з нас, едучы ў Беларусь, між іншым, і на гэты Зьезд, ехаў з надзеямі, і палова гэтых надзей адразу ж рухнула на мяжы, калі сутыкнуліся з суцэльнай русыфікацыяй».

Вінцэнт Чорны, палкоўнік, выкладчык вайсковай акадэміі, Цьвер, Расея: «Якасны склад беларускіх афіцэраў у афіцэрскім корпусе Расеі, былога Саюзу, вельмі высокі. З гэтымі афіцэрамі і генэраламі, а іх каля 40 тысяч, можна стварыць вельмі надзейнае і эфэктыўнае войска… Украінскія афіцэры, мае сябры, камандзіры палкоў і брыгад, зь якімі я скончыў акадэмію, яны ўжо цяпер усе ва Ўкраіне. Усе, хто хацеў, усе ва Ўкраіне. У нас гэта не праходзіць чамусьці».

Генадзь Лех, старшыня маскоўскай суполкі падтрымкі БНФ, Масква: «Пасьля путчу 1991 году, супраць якога змагаліся і маскоўскія беларускія суполкі, наша таварыства культуры, найбуйнейшая арганізацыя маскоўскіх беларусаў, атрымала пакой з тэлефонам у беларускай амбасадзе. Але праз год нас пачалі выжываць з гэтай амбасады… А вось словы, якімі пачаставалі нас, беларусаў, у нашай так званай беларускай амбасадзе на мінулым тыдні: “Выметайтесь вон в свою Белоруссию!”».

У Рэзалюцыі Зьезду — пакет прапановаў да Вярхоўнага Савету і ўраду: адкрыць прадстаўніцтвы ва ўсіх краінах, дзе ёсьць беларуская дыяспара, прызначэньне прадстаўнікоў рабіць з улікам меркаваньня мясцовых беларусаў, дапамагаць беларусам замежжа ў адкрыцьці культурна-асьветных цэнтраў, спрыяць беларусам замежжа ў атрыманьні адукацыі ў Беларусі, прыняць закон аб мігрантах і ўцекачах, увесьці спрошчаную працэдуру наданьня беларускага грамадзянства беларусам з дыяспары, якія прыехалі на сталае жыхарства ў Беларусь, устанавіць бязьвізавы рэжым для беларусаў блізкага замежжа і іншае. МЗС было рэкамэндавана выкарыстоўваць беларускую лацінку для афармленьня пашпартоў і іншых дакумэнтаў міжнародных зносін.

Канчалася Рэзалюцыя зваротам да парлямэнту і ўраду абвясьціць дзяржаўным сьвятам 25 сакавіка — дзень абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, спыніць выкарыстаньне гімну былога БССР, прысьпешыць прыняцьце гімну, які б адпавядаў нацыянальным ідэалам, а таксама вярнуць сталіцы яе гістарычную назву — Менск.

Праз чвэрць стагодзьдзя шмат якія дэталі гэтых некалькіх дзён сьцерліся з памяці, але засталося адчуваньне ўзьнёсласьці, адчуваньне сьвята — нягледзячы на ў цэлым крытычныя прамовы, якія гучалі і ў залі і падчас «круглых сталоў». Гэта сапраўды быў эмацыйны зэніт Адраджэньня, ягоная вяршыня — далей ужо нягледзячы на змаганьне нацыянальных сілаў будзе імклівы спад. Але тыя ліпеньскія дні ў Опэрным тэатры застануцца ў гісторыі як нацыянальны трыюмф.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG