Мэмарыяльны знак беларускаму паэту Янку Купалу 2 кастрычніка ўрачыста адкрылі ў горадзе Іматра, што на паўднёвым усходзе Фінляндыі на мяжы з Расеяй, паведаміла амбасада Беларусі ў Фінляндыі. Пра гэта расказаў і мясцовыя СМІ, у прыватнасьці гарадзкі сайт Imatra.fi.
Янка Купала быў у Іматры ў 1910 годзе, пад уражаньнем ад вадаспаду на рацэ Вуокса напісаў верш «Над Іматрай», які быў апублікаваны ў «Нашай Ніве» і ўвайшоў у зборнік «Шляхам жыцьця». Восем гадоў таму, калі вершу споўнілася сто гадоў, яго пераклалі на фінскую мову.
У гонар верша і пастаўлены мэмарыяльны знак. На ім на дзьвюх мовах — фінскай і беларускай — расказваюць пра тое, дзе быў напісаны твор. Таксама прыведзены ўрывак зь верша: «Свабодай сваёю і роднай Суомі сягнуць быццам хочуць да зор».
Мэмарыяльны знак стварыў беларускі скульптар Павал Вайніцкі з ініцыятывы беларускіх міністэрстваў культуры і замежных справаў пры падтрымцы гарадзкога сходу Іматры. На цырымоніі адкрыцьця прысутнічалі мэр Іматры Кай Рослака, дырэктарка беларускага літаратурнага музэю Купалы Алена Ляшковіч (у гонар адкрыцьця знаку ў мэрыі правялі выставу з фонду музэю) і іншыя прадстаўнікі Беларусі і беларускай дыяспары.
Над Іматрай
На поўначы сумнай, у Фіншчыне дзіўнай,
Ракой з вадаспадам заліўся пакат;
Вуоксаю рэчка завецца ў фінаў,
Іматрай завуць вадаспад.
Клакочуць, рагочуць Іматрыны хвалі,
На цэлыя вёрсты шум-гоман стаіць,
Нем толечы каменны бераг, як з сталі,
I зарасьнік хвойны маўчыць.
Шалее Іматра між каменных глыбаў,
За хваляю хвалю імчыць к нізіне;
Як хмар недаступных махнатыя скібы,
Адна адну схопіць, піргне.
Адна з адной рынуцца ўглыб, як магілу,
Там скруцяцца, узьнімуцца клубам, дугой,
Рассыплюцца пухам, расьсеюцца пылам,
Зноў выскачаць к небу гарой.
Зірнуць, зьзіхануцца, сыпнуцца на скалы,
Усім дантаўскім процьмам на зьдзіў,
I люнуць на волю, забыўшыся шалаў,
Плывуць паміж пустак і ніў.
Другія іх зьменяць і пеняцца ў зломе,
Адвечністым шумам калышуць прастор;
Свабодай сваёй і роднай Суомі*
Сягнуць быццам хочуць да зор.
Стаіш і глядзіш на бунтоўныя воды,
I сэрца лялеецца ў сьцішнай жальбе,
Ўсё слухаеш нема, як стогнуць нягодай
Ды як бы ўсё клічуць цябе:
«Хадзі к нам, бяспутнік, кінь долю на сьвеце,
Спачын векавечны дамо ў забыцьці;
Нязьведанай воляю будзем шумеці
I гутарку з сонцам вясьці.
Хадзі ў нашы хвалі, спаўем твае грудзі
Вадзіцай сьцюдзёнай, кіпучай, як вар;
Народ аб нас казку злажыць не забудзе,
I песьню нам зложыць пясьняр».
Так сумна на поўначы, у Фіншчыне дзіўнай,
Ракой з вадаспадам заліўся пакат;
Вуоксаю рэчка завецца ў фінаў,
Іматрай завуць вадаспад.
* Суомі — Фінляндыя, бацькаўшчына фінаў. (Заўвага Я. Купалы)