Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Армэніі звольніў міністраў, апазыцыйных да Пашыньяна


Нікол Пашыньян, архіўнае фота
Нікол Пашыньян, архіўнае фота

Згодна з указам прэзыдэнта Армэніі Армэна Саргсьяна, пасадаў пазбавіліся шэсьць міністраў з партыяў «Дашнакцут'юн» і «Квітучая Армэнія».

Звольнілі міністраў энэргетыкі, транспарту, эканамічнага разьвіцьця, сельскай гаспадаркі, надзвычайных сытуацыяў, спорту і ў справах моладзі. Менавіта іх раней прапаноўваў звольніць прэм’ер Нікол Пашыньян.

Прэзыдэнт Армэн Саргсьян заклікаў да «стрыманасьці і талерантнасьці» ў сувязі з сытуацыяй, за якой яму даводзіцца назіраць з-за акіяну: цяпер ён знаходзіцца ў ЗША з рабочым візытам, перамовы з Пашыньянам вядзе праз тэлефон.

Тым часам Пашыньян зноў надзеў кепку: тысячы дэманстрантаў у Ерэване на ягоны заклік блякуюць парлямэнт. Мэта маніфэстацыі — не дапусьціць прыняцьця парлямэнтам спрэчных паправак у закон «Аб рэглямэнце Нацыянальнага сходу». Тры парлямэнцкія фракцыі прапанавалі законапраект, які дазваляе блякаваць роспуск пры неабходнасьці другі раз выбіраць прэм'ер-міністра — на думку Пашыньяна, гэта істотна звужае магчымасьці роспуску парлямэнту. Ён заклікаў звольніць прыхільнікаў закону.

Перамовы Пашыньяна з парлямэнцкімі сіламі тым часам завяршыліся. Ён кажа, у выпадку, калі ён падасьць у адстаўку, парлямэнцкія фракцыі ня будуць выстаўляць іншых кандыдатаў у прэм’еры. А калі парлямэнт ня зможа выбраць новага прэм’ера двойчы, будуць прызначаныя пазачарговыя парлямэнцкія выбары.

***

Кампанія Пашыньяна і невялікай групы ягоных прыхільнікаў супраць працягу кіраваньня прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна ў якасьці прэм’ер-міністра, якая пачалася ў рэгіёнах 31 сакавіка, празь некалькі тыдняў вылілася ў Ерэване ў маштабныя вулічныя пратэсты, якія вымусілі ўжо прэм’ер-міністра Сэржа Саргсьяна 23 красавіка пайсьці ў адстаўку. А 8 траўня парлямэнт выбраў Пашыньяна новым прэм’ер-міністрам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG