Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян адзначае першыя сто дзён свайго кіраваньня. Мы пагаварылі пра новую сытуацыю ў Армэніі з дырэктарам Армянскай службы Радыё Свабода Храйрам Тамразьянам.
— Што добрага зрабіў прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян за 100 дзён свайго знаходжаньня ва ўладзе?
— Слухайце, упершыню ў гісторыі Армэніі — калі не лічыць абвяшчэньня незалежнасьці здараецца такі факт, што армяне задаволеныя сваім кіраўніцтвам. Яны ня тое што задаволеныя, яны проста ў захапленьні ад свайго лідэра. Мы ня ведаем, як доўга людзі будуць так ставіцца да Пашыньяна, але мядовы месяц усё яшчэ працягваецца
Людзі задаволеныя тым, што стала лягчэй дыхаць. У матэрыяльных адносінах кардынальных зьменаў няма, але ў маральным сэнсе — людзі вельмі задаволеныя. Яны кажуць: урэшце мы ведаем, што ёсьць справядлівасьць. Напрыклад, нас ня схопяць на вуліцы і не арыштуюць. Паліцыя не працуе супраць нас, а працуе для нас. І падатковая інспэкцыя пачала добра працаваць — яны пачалі ставіцца вельмі жорстка да правапарушальнікаў. Дзяржаўным службам у змаганьні з карупцыяй удалося вярнуць у дзяржаўны бюджэт 150 мільёнаў даляраў. Для такой малой краіны як Армэнія гэта даволі вялікія грошы.
Што яшчэ важней — пры Пашыньяну прыпынілася міграцыя з Армэніі. Цяпер больш у Армэнію прыяжджаюць, чым зь яе выяжджаюць, як было раней. Пры кіраўніцтве Сэржа Саргсьяна Армэнія страціла каля 300 тысяч людзей, якія выехалі ў Расею, Эўропу ці Амэрыку. Я сам маю сяброў і сваякоў, якія раней казалі, што хочуць пакінуць краіну, а цяпер кажуць, што застануцца.
— Вы сказалі, што людзі пакуль яшчэ не адчуваюць паляпшэньня сваёй эканамічнай сытуацыі. Але нейкія крокі дзеля гэтага ўрад Пашыньяна, відаць, робіць?
— Урад цяпер зьвярнуў асаблівую ўвагу на разьвіцьцё рэгіёнаў. Сам Ерэван эканамічна разьвіты няблага, ён прыцягвае да сябе амаль усю эканамічную актыўнасьць у краіне, інвэстыцыі наогул робяцца ў сталіцы. А вось цяпер Пашыньян хоча разьвіваць рэгіёны. У іх цяпер ёсьць праграма «сельскі крэдыт» — банкі будуць крэдытаваць фэрмэрскія гаспадаркі ў рэгіёнах. А мы ж ведаем, што экспарт садавіны і гародніны заўсёды быў асновай эканомікі Армэніі.
Ну і варта сказаць, што з урадам Пашыньняна пачаў супрацоўнічаць выдатны эканаміст Даран Аджэмаглу, прафэсар Масачусэтскага тэхналягічнага інстытуту, які нарадзіўся ў Турэччыне ў армянскай сям’і. Сёньня Аджэмаглу рыхтуе эканамічную праграму для армянскага ўраду.
— Карацей, вы пакуль ня бачыце нічога кепскага ў дзеяньнях Нікола Пашыньяна?
— Пакуль — не. Я размаўляў зь некаторымі міністрамі армянскага ўраду і з намесьнікам прэм’ер-міністра. Яны гараць энтузіязмам, калі можна так сказаць. Адзін зь іх мне казаў, што мы, маўляў, сьпім у сябе ў кабінэтах. Гэта маладыя хлопцы — самаму маладому, міністру дыяспары — 27 гадоў, ён зь вельмі добрай адукацыяй, набытай у заходніх унівэрсытэтах. Я думаю, яны вельмі таленавітыя. Захад глядзіць даволі прыхільна на падзеі ў Армэніі, і мне здаецца, што хоча дапамагчы.
— А як на падзеі ў Армэніі глядзіць Масква?
Зьнешне ўсё выглядае добра, Пашыньян сустракаецца з Пуціным, яны гавораць адзін з адным, усьміхаюцца. Але вось расейская прэса глядзіць на справы ў Армэніі ня надта пазытыўна. Расейскія журналісты думаюць, што новы ўрад і гэтыя новыя хлопцы, якія прыйшлі ў кіраўніцтва Армэніі, — празаходнія палітыкі. Так што ў Маскве ёсьць сумненьні наконт таго, што адбываецца ў Армэніі.
***
Падводзячы вынікі першых 100 дзён свайго прэм’ерства, кіраўнік армянскага ўраду Нікол Пашыньян заявіў, што галоўнай мэтай наступнага этапу мае быць фарсіраваньне рэформаў.
Паводле Пашыньяна, за першыя 100 дзён яго камандзе ўдалося справіцца з асноўнай задачай за гэты пэрыяд — забясьпечыць нармальную жыцьцядзейнасьць краіны і нармальнае, бесьперапыннае разьвіцьцё эканомікі ў пострэвалюцыйны пэрыяд.
«Я мяркую, што пасьля 100-дзённага пэрыяду мы ўступаем у новы этап, асноўным сэнсам якога будзе фарсаж рэформаў, гэта значыць, правядзеньне хуткіх і эфэктыўных рэформаў, каб для краіны і эканомікі адкрылася новае, другое дыханьне, каб мы здолелі таксама ў кантэксьце бюджэтных абмеркаваньняў зафіксаваць ужо канкрэтныя пэрспектывы і вынікі», - заявіў прэм’ер-міністар падчас пасяджэньня ўраду ў чацьвер.
Кампанія Пашыньяна і невялікай групы яго прыхільнікаў супраць працягу кіраваньня прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна ў якасьці прэм’ер-міністра, якая пачалася ў рэгіёнах 31 сакавіка, празь некалькі тыдняў вылілася ў Ерэване ў маштабныя вулічныя пратэсты, якія вымусілі ужо прэм’ер-міністра Сэржа Саргсяьна 23 красавіка сысьці ў адстаўку. А 8 траўня парлямэнт выбраў Пашыньяна новым прэм’ер-міністрам.