Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: «Расейскія нафтагазавыя схемы — гэта не падтрымка, гэта тое, што мы павінны мець паводле сэнсу Эўразійскага саюзу»


Якія вынікі апошніх беларуска-расейскіх сустрэчаў на вышэйшым узроўні? Пра што дамовіліся і пра што не дамовіліся бакі? Ці дапамагае Расея Беларусі?

Па гэтых пытаньнях у Праскім акцэнце спрачаюцца эканамісты Зьміцер Крук, Сяргей Чалы і расейскі журналіст Віктар Дзятліковіч.

Дракахруст: Якія вынікі апошніх беларуска-расейскіх перамоваў — двойчы ў Сочы і ўчора ў Душанбэ? Напачатку верасьня расейскія чыноўнікі Аляксандар Новак і Аляксей Сазанаў казалі, што Расея ў 10 разоў скароціць пастаўкі нафтапрадуктаў, маўляў, Беларусь злоўжывае іх рээкспартам. Аляксандар Лукашэнка пасьля апошніх перамоваў у Сочы казаў — пра ўсё дамовіліся. Пасол Расеі Міхаіл Бабіч заявіў, што пастаўкі нафтапрадуктаў будуць нават павялічаныя. Што ўсё гэта азначае? Дык пра што дамовіліся? Нафтапрадуктаў Расея будзе прадаваць Беларусі менш ці нават больш?

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы

Чалы: Ёсьць розныя нафтапрадукты, і яны гавораць пра розныя рэчы. Калі Бабіч наведваў Магілёў-Хімвалакно і Омск-Карбон-Магілёў, то размова ішла пра нафтапрадукты, якія не для канчатковага спажываньня, не пра бэнзін і не пра дызэль. Размова ішла пра рэчывы, якія выкарыстоўваюцца ў тэхналягічным працэсе.

Даўно гаварылася, што Расея будзе пакрываць усе патрэбы ўнутранага рынку Беларусі і ў нафце, і ў нафтапрадуктах. І менавіта пра гэта гаварылася — давайце мы складзем балянс, колькі вашым прадпрыемствам трэба.

Калі ж Мінфін РФ гаворыць пра рээкспарт, то ідецца пра прадукты канчатковага спажываньня ў выглядзе тых жа бэнзінаў. Цяпер гэтыя бэнзіны таньней, чым у нас, пры гэтым гандаль бэнзінам на ўнутраным рынку для нашых вытворцаў стратны.

Таму больш выгадна закрываць патрэбы ўнутранага рынку імпартам з Расеі, а свой бэнзін накіроўваць на экспарт. Ад гэтага імпарту атрымлівалася экспартнае мыта ў беларускі бюджэт.

Расейцы ўспрымалі гэтую схему як рээкспарт, хаця гэта, строга кажучы, не рээкспарт.

Яшчэ адзін момант — гэта цёмныя нафтапрадукты, найперш мазут, пра якія казаў Лукашэнка пасьля першай сустрэчы з Пуціным у Сочы. Вось гэтае пытаньне засталося нявырашаным.

Вынікам падатковага манэўру ў Расеі стане тое, што для расейскіх кампаніяў стане выгаднейшым экспарт сырой нафты, а ня экспарт нафтапрадуктаў.

Таму яны будуць вытвараць нафтапрадуктаў роўна столькі, колькі трэба для ўнутрырасейскага рынку.

Гэтая схема ў нечым падобная на схему з «беларускімі крэвэткамі», толькі наадварот

Ад вытворчасьці бэнзіну ў іх атрымліваецца рэшта ад перагонкі, кшталту мазуту. Ён на зьнешнім рынку каштуе нават таньней за сырую нафту. Менавіта яго Беларусь купляла і перапрацоўвала на сваіх НПЗ, якія лепшыя за расейскія. Вось адносна гэтай схемы пакуль не дамовіліся. Гэтая схема ў нечым падобная на схему з «беларускімі крэвэткамі», толькі наадварот. Яна легальная, нікому ніякай шкоды не наносіць, але Расея чамусьці аказалася незадаволенай.

Дзятліковіч: Наколькі я разумею, у Душанбэ паміж Лукашэнкам і Пуціным ніякіх перамоваў не было. Пасол Бабіч казаў, што ў Душанбэ канчаткова дамовяцца пра тое, пра што не дамовіліся апошнім разам у Сочы. Прэсавая служба Лукашэнкі паведаміла пра быццам бы перамовы ў Душанбэ аб праблемах бясьпекі, але насамрэч перамовы наконт гэтага пытаньня былі даволі даўно.

Таму калі пасьля Сочы нейкія пытаньні і засталіся нявырашанымі, то яны такімі і засталіся. Зараз немагчыма казаць, хто чаго дамогся, бо спрэчныя пытаньні спрэчнымі і засталіся.

Варта сказаць, што ў Расеі і няма пільнай патрэбы сьпяшацца ў іх вырашэньні. Сёньня зьявілася інфармацыя, што ў Дзярждуму ўнесены праект фэдэральнага бюджэту. І ён прафіцытны. Часта гаворыцца, што Расея цісьне на Беларусь, бо ў Расеі санкцыі і эканамічныя праблемы. Але на наступны год прафіцыт бюджэту РФ — перавага даходаў над выдаткамі — 30 мільярдаў даляраў,

У стасунках Расеі з Беларусьсю пытаньне не пра грошы, а пра прынцыпы

Так што ў стасунках Расеі з Беларусьсю пытаньне не пра грошы, а пра прынцыпы. Калі Расея і будзе працягваць ціснуць на Беларусь, то не таму што ў Расеі няма грошай.

Крук: Як мне падаецца, гаворка ідзе ня столькі пра пастаўку нафтапрадуктаў, колькі пра грошы. Тут я не пагаджуся зь Віктарам. Цяперашняя схема дзейнічала год. Яна была збудаваная на разьмеркаваньні мытаў на нафтапрадукты.

Цаной за тое, што Беларусь зьяўляецца чальцом ЭАЭС, была істотная фінансавая падтрымка. Летась нафтапрадукты выкарысталі дзеля таго, каб гэнэраваць плынь фінансавых уліваньняў у Беларусь.

Але сёлета зьмяніліся цэны на нафту. І з пункту гледжаньня Расеі паток даходаў, якія атрымлівае Беларусь, стаў большым, чым меркавалася летась.

І другі момант, пра які казаў Сяргей — тое, што Беларусь, карыстаючыся знаходжаньнем у адной мытнай прасторы, павялічыла імпарт нафтапрадуктаў з Расеі і адпаведна павялічыла паток паступленьняў ад экспартнага мыта.

Цяпер гаворка ідзе аб тым, якую падтрымку будзе атрымліваць беларускі бюджэт. І нам па вялікім рахунку няважна, празь які мэханізм будзе рабіцца гэтая падтрымка. Але яна для нас крытычная, каб выконваць свае абавязацельствы па даўгах і фінансаваць бягучыя выдаткі бюджэту.

Гледзячы па ўсім, на перамовах Лукашэнка-Пуцін была знойдзеная новая пакетная формула

Гледзячы па ўсім, на перамовах Лукашэнка-Пуцін была знойдзеная новая пакетная формула. Паводле яе, павінны збольшага застацца на ранейшым узроўні даходы беларускага бюджэту. Што тычыцца нафтапрадуктаў, то гэтая новая формула будзе больш задавальняць Расею.

Дракахруст: Лукашэнка тыдзень таму на сустрэчы з урадам казаў пра два варыянты вырашэньня спрэчных праблемаў. Якія гэтыя два варыянты?

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук

Крук: Я ня ведаю. Гэта цяжка зразумець з афіцыйных паведамленьняў. Чаму я кажу пра новае пакетнае пагадненьне? Мінулае пагадненьне было таксама пакетным і пры гэтым ня вельмі празрыстым. Тады зьвязалі і газ, і нафту, і нафтапрадукты. Куды прасьцей было б дамовіцца пра нейкі празрысты фінансавы мэханізм. Наколькі я разумею, гэта не задавальняе Расею з прычыны іх унутраных гульняў і зацікаўленасьці асобных расейскіх гульцоў энэргетычнага рынку. Таму не выключаю, што і новая схема будзе таксама даволі складанай.

Дракахруст: Віктар, а што вы можаце сказаць пра гэтыя больш складаныя ці больш празрыстыя схемы? У Расеі ад 2019 году пачынаецца падатковы манэўр — спагнаньне экспартнага мыта на нафту замяняецца на падатак на карысныя выкапні. Экспартнае мыта будзе зьмяншацца паступова, абнуліўшыся ў 2025 годзе.

Беларускі бок кажа, што трэба Беларусі кампэнсаваць тыя страты, якія яна панясе ад гэтага манэўру. Адказ Расеі не зусім зразумелы. Прыгаданы чыноўнік расейскага мінфіну Аляксей Сазанаў заявіў, што РФ можа і кампэнсаваць Беларусі страты, але гэта палітычнае пытаньне. Фактычна ён так адказаў. Дык ці зьбіраецца Расея кампэнсаваць гэтыя страты?

Дзятліковіч: Ёсьць два лягеры ў расейскай ўладзе, яны такія заўсёды ў ёй былі. Часьцей перамагаў той лягер, які выступаў за большую падтрымку Беларусі крэдытамі і іншымі сродкамі. А пазыцыя мінфіну РФ — што трэба скарачаць падтрымку Беларусі.

Гэта гучала і раней, але прыдумляліся розныя схемы, каб падтрымку ўсё ж захаваць. Хаця міністар энэргетыкі Новак выказваецца даволі жорстка супраць падтрымкі Беларусі, але ў цяперашняй геапалітычнай сытуацыі Расеі вельмі патрэбная падтрымка ня толькі ўласнага насельніцтва, але і нейкіх гульцоў сусьветнай палітыкі.

Таму пазыцыя Новака і Мінфіну ня будзе пазыцыяй усёй расейскай ўлады. Таму мяркую, што ўсё ж будзе прыдуманая схема, якая дазволіць падтрымліваць Беларусь на пэўным узроўні.

Зараз у Расеі не ідзе размова, каб наагул спыніць падтрымку Беларусі

Магчыма, не на тым, на якім хацеў бы Аляксандар Лукашэнка, але зараз у Расеі ня йдзе размова, каб наагул спыніць падтрымку Беларусі. І гэтае спыненьні ніколі ня стане даміноўнай пазыцыяй расейскай улады.

Чалы: Ёсьць рэчы, у якіх я нязгодны ні са Зьмітром, ні зь Віктарам. Я супраць слова «падтрымка» адносна беларуска-расейскіх схемаў. Асабліва калі гэтае слова ўжываецца адносна крэдытаў. Крэдыт — гэта тое, што трэба вяртаць. Цяперашняя так званая «непразрыстая» схема — абсалютна ў інтарэсах Расеі, яна сама яе прапанавала.

Гэта вынік леташніх красавіцкіх перамоваў пра цану на газ. Нафтавыя адносіны дагэтуль выведзеныя за рамкі пагадненьняў ЭАЭС, усё, што тычыцца нафты, грунтуецца на двухбаковых пагадненьнях. Газ зьяўляецца таварам ЭАЭС. Папярэднія дамоўленасьці 2012 году ў прынцыпе задавальнялі Беларусь. Але транзыт лічыўся ў далярах. Па ідэі, цана на газ для Беларусі павінна складацца з цаны газу для памежных з Беларусьсю тэрыторыяў плюс невялікае транспартнае плячо. Але з-за падліку транзіту ў далярах цана для Беларусі аказалася ўдвая большай, чым для Смаленскай вобласьці.

Гэта было прадметам спрэчкі ў 2016-2017 гадах. У выніку Расея сказала: мы разумеем, што вы павінны плаціць за газ менш. Але мы пакінем цану на газ, бо інакш зьмены ўмоваў будуць прасіць усе партнэры па ЭАЭС. Але мы ў абмен дамо Беларусі кампэнсацыю ў нафтавай сфэры, там схаваем кампэнсацыю. За газ Беларусь будзе плаціць як і раней, але яна будзе атрымліваць экспартнае мыта за так званую «ператаможку» — за 6 млн тонаў нафты.

Гэтае мыта плаціцца ў расейскі бюджэт і пераводзіцца ў беларускі. Гэты трансфэрт бачны ў плацёжным балянсе. Гэта каля 8% нашага бюджэту. Гэта было ў інтарэсах Расеі.

Тая дамоўленасьць была заключаная, калі цана нафты была 50 даляраў за барэль. Цяпер цана вырасла, адпаведна вырасла і экспартнае мыта, і даходы беларускага бюджэту. Вось гэта выклікае незадаволенасьць Мінфіну РФ. Але паўтару — гэта праблема ня наша, гэта Расея прапанавала такую схему, мы на яе пагадзіліся.

Гэта не падтрымка, гэта тое, што мы павінны былі б мець паводле сэнсу Эўразійскага саюзу

Дарэчы, пасол Бабіч сказаў, што на 2018 і на 2019 гады гэтыя схемы захоўваюцца. Чаму? Бо да канца 2019 году працуе пагадненьне аб цане на газ, а нафтавая схема па прапанове расейцаў прывязаная да газавай. Яшчэ раз — гэта не падтрымка, гэта тое, што мы павінны былі б мець паводле сэнсу Эўразійскага саюзу.

Што тычыцца нафтапрадуктаў, то Расея лічыць, што нават перапрацоўка яе нафтапрадуктаў з наступным экспартам прадуктаў перапрацоўкі — гэта таксама страта для іх бюджэту.

Паводле іх лёгікі, калі б Расея перапрацавала, скажам, гэты мазут і экспартавала прадукт перапрацоўкі, то атрымала б даход. А так яго атрымлівае Беларусь. Беларусь адказвае — дык вы ж не перапрацоўваеце, вы ж той самы мазут не экспартуеце. Вам нявыгадна яго экспартаваць, вы страты атрымаеце.

Наконт падатковага манэўру — кампэнсацыя патрабуецца не за падатковы манэўр сам па сабе. Калі б манэўр палягаў толькі ў скасаваньні экспартнага мыта, не было б ніякіх прэтэнзіяў з боку Беларусі. Але ў межах гэтага манэўру ў Расеі зьяўляецца такая хітрая штука, як адмоўны акцыз для расейскіх НПЗ.

Гэта вяртаньне з бюджэту РФ часткі выплачанага падатку, гэта фактычна субсыдаваньне расейскіх НПЗ. А гэта стварае няроўныя ўмовы гаспадараньня для расейскіх і нашых НПЗ. І ў гэтым прэтэнзія Беларусі. Лічу, што Беларусь тут абсалютна мае рацыю, патрабуючы аднолькавых умоваў.

Віктар Дзятліковіч
Віктар Дзятліковіч

Дзятліковіч: Я нязгодны зь Сяргеем. Гэта, безумоўна, дапамога, падтрымка. Так, сапраўды, Беларусь і Расея існуюць у Эўразійскім саюзе. І ўсе мусілі разумець, хто на што пагаджаецца. Калі гэтыя ўмовы выгадныя для Беларусі, і Расея пагадзілася на іх, то Масква разглядала гэта як форму дапамогі беларускім уладам, беларускай дзяржаве.

Ад пачатку стварэньня гэтых інтэграцыйных структураў Расея пагаджалася, што яна робіцца донарам.

Ад пачатку стварэньня гэтых інтэграцыйных структураў Расея пагаджалася, што яна робіцца донарам.

Расея стала донарам па сваім уласным жаданьні, таму, паводле Сяргея, ня мусіць дамагацца перагляду гэтых умоваў. Магчыма і так. Але як дапамогу, як падтрымку мы гэта можам разглядаць і гаварыць пра гэта.

Зараз расейскія ўрадоўцы лічаць, што гэтая дапамога завялікая. Я згодны з Сяргеем, што зараз Расеі складана пераглядзець умовы гэтай падтрымкі, на якія яны некалі пагадзіліся.

Крук: На мой погляд, каб высьветліць, дапамога гэта ці не, трэба прыгадаць перадгісторыю пытаньня. Я згодны зь Сяргеем у тым, што такіх адносінаў у мытным саюзе не павінна быць. Але ад пачатку канцэпцыя гэтага мытнага саюзу была ўбогай — што ён распаўсюджваецца на ўсё, за выняткам нафтапрадуктаў і газу. Беларусі ня трэба было пагаджацца на гэты недарэчны падыход. Нармальны мытны саюз прадугледжвае, што ўсе тавары і паслугі гандлююцца бяз мытаў і абмежаваньняў у межах гэтага саюзу.

І калі мы пад палітычным ціскам Расеі прынялі гэты падыход, мы вымушаныя цяпер выслухоўваць рыторыку Расеі.

Расейцы могуць называць гэта падтрымкай, дапамогай, бо мы пагадзіліся, што кожны раз, ледзь не штогод, будзем выгандлёўваць умовы, па якой цане будзе пастаўляцца газ і якой будзе схема паставак нафтапрадуктаў.

Наша галоўная памылка — што мы ўвайшлі ў гэты мытны саюз на ўмовах Расеі

Трэба было рабіць інакш ад пачатку, калі заключалася дамова аб мытным саюзе. І тады б ні пра якую дапамогу размова б і сапраўды не ішла. Нашая галоўная памылка — што мы ўвайшлі ў гэты мытны саюз на ўмовах Расеі.

Што тычыцца падатковага манэўру, Расея мае на яго права. Для нас у выніку таго, пра што казаў Сяргей, гэта робіцца вялікім шокам для бюджэту. І сёньня гаворка ідзе пра тое, як не дапусьціць скарачэньня бюджэтных паступленьняў. Наша памылка была ў тым, што мы пагадзіліся на гэтыя ўмовы мытнага саюзу. І таму расейцы зараз у пэўным сэнсе маюць рацыю, калі кажуць пра падтрымку. У нармальным мытным саюзе гэтага не было б.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG