Кіраўнік Беларусі на саміце СНД адзначыўся антызаходняй рыторыкай. Да чаго б гэта?
Увага да цяперашняй паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Душанбэ на чарговы саміт СНД была выклікана ня ўласна самім гэтым форумам. Бо Садружнасьць незалежных дзяржаў даўно перастала быць дзейнай міжнароднай арганізацыяй, а ператварылася ў клюб прэзыдэнтаў, пляцоўкай для сустрэч і кулюарных перамоваў кіраўнікоў постсавецкіх дзяржаў.
Таксама невялікую цікавасьць выклікаў і тое, што паездцы Лукашэнкі на саміт СНД спадарожнічаў ягоны рабочы візыт у Таджыкістан, перамовы з тамтэйшым кіраўніком Эмамалі Рахмонам. Беларускі лідэр быў у гэтай краіне ў траўні. Гандаль паміж Беларусьсю і Таджыкістанам невялікі, у 2017 годзе ён склаў усяго $43 млн.
Важнасьць паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Душанбэ была абумоўлена найперш меркаванай сустрэчай з Уладзімерам Пуціным і магчымасьцю вырашэньня спрэчных пытаньняў у двухбаковых адносінах, якія не ўдалося вырашыць у Сочы. Гэтыя перамовы ў таджыкскай сталіцы былі анансаваны самім кіраўніком Беларусі на нарадзе 22 верасьня.
Ён заявіў тады, што тэма ўзнаўленьня грашовых субсыдый па схеме «перетаможкі» і імпарту Беларусьсю расейскіх нафтапрадуктаў працягвае абмяркоўвацца, «і ў Душанбэ канчаткова ўзгоднім рашэньне гэтага пытаньня». І з заяваў амбасадара Расеі Міхаіла Бабіча ў Магілеве пра тое, што хутка прэзыдэнты аб'явяць пра вынікі дамоўленасьцяў, можна было меркаваць, што гэта як раз будзе зроблена ў Душанбэ.
Аднак 27 верасьня высьветлілася, што ў праграме візыту Уладзімера Пуціна ў Душанбэ сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам не прадугледжана.
Тым ня менш, паводле камэнтара кіраўніка Беларусі расейскім тэлеканалам, яго сустрэча з Пуціным, усё ж адбылася. І абмяркоўвалі яны пытаньне бясьпекі. Можна меркаваць, што перамовы былі кароткімі, дзесьці ў кулюарах, што нават журналісты іх не зафіксавалі. Пра нейкія практычныя вынікі нічога не паведамляецца.
Аднак зьвяртае на сябе ўвагу нечаканая рыторыка Лукашэнкі ў Душанбэ. Яна была заўважна антызаходняй. Чаго не было ўжо шмат гадоў.
Апошнімі гадамі, асабліва пасьля нармалізацыі адносінаў з Эўразьвязам, перамоваў у Менску па ўрэгуляваньні крызісу вакол Украіны, афіцыйны Менск вылучыў новы канцэпт замежнай палітыкі. Беларусь абвяшчалася донарам бясьпекі, міратворцам, беларуская сталіца прэтэндавала на ролю Хэльсінкі-2.
Выступаючы ў траўні на форуме «Мінскі дыялёг» Лукашэнка казаў:
«Мы не з Расеяй супраць Эўропы і не з Эўропай супраць Расіі. Для нас у прынцыпе непрымальнае пытаньне, з кім мы». Беларускія афіцыйныя асобы ўвесь час выступалі з ідэяй «інтэграцыі інтэграцый», маючы на ўвазе шчыльнае супрацоўніцтва Эўразійскага эканамічнага саюзу з Эўразьвязам.
На гэтым тле заявы Лукашэнкі ў Душанбэ гучалі зусім па-іншаму. Найперш, ідэя «інтэграцыі інтэграцый» была перафармулявана. Кіраўнік Беларусі, выступаючы на саміце Садружнасьці незалежных дзяржаў заявіў:
«Мяркую, што ўзаемадзеяньне ў фармаце СНД павінна быць сынхранізавана з інтэграцыйнымі працэсамі ў Вялікі Эўразіі, асабліва ў рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Варта вызначыць напрамкі для спалучэньня магчымасьцяў нашых краін з буйнымі міжнароднымі праектамі, у першую чаргу з Эканамічным поясам Шаўковага шляху».
Бачыце, у якасьці партнэраў ужо прапануюцца ШАС, кітайскі праект Шаўковага шляху, а не Эўразьвяз.
Больш за тое, Лукашэнка «наехаў» на Захад:
«Сёньня сусьветныя рынкавыя адносіны ўсё больш губляюць прыкметы цывілізаванага ўзаемадзеяньня паміж краінамі. Мы бачым, як з падачы Захаду безапэляцыйна, у аднабаковым парадку руйнуецца ствараемая дзесяцігодзьдзямі сыстэма міжнароднага гандлю».
А ў згаданым ужо інтэрвію расейскім тэлеканалам кіраўнік Беларусі казаў пра ваенную небясьпеку з боку Захаду:
«Пытаньне бясьпекі – гэта, можна сказаць, цэнтральнае пытаньне сёньняшняга саміту. Усе прэзыдэнты пра гэта кажуць. Нават мы, здавалася б, спакойная Беларусь, пастаянна пра гэта гаворым, улічваючы яшчэ і тыя небясьпекі і выклікі, якія ўтойваюць у сабе дзеяньні заходніх дзяржаў і НАТА каля нашых межаў, ля межаў Саюзнай дзяржавы».
І тое, што менавіта гэтае пытаньне, паводле Лукашэнкі, ён абмяркоўваў з Пуціным, далі падставу экспэртам казаць, што гаворка ішла пра стварэньне расейскай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі.
Варта таксама ўзгадаць шэраг крокаў, якія зрабіў апошнім часам афіцыйны Менск у піку Украіны. Лукашэнка запатрабаваў узмоцніць беларуска-ўкраінскую мяжу, бо нібыта адтуль у Беларусь пранікае зброя. Беларуская дэлегацыя ў ААН галасуе супраць усіх прапановаў Украіны.
З усяго гэтага можна зрабіць выснову, што адной з умоваў расейскай эканамічнай дапамогі Беларусі, якія выставіла Масква, зьяўляецца большая і актыўная салідарнасьць з Расеяй у яе канфлікце з Захадам і Украінай. І Лукашэнка вымушаны рабіць пэўныя асьцярожныя крокі ў гэтым кірунку. Дык што, беларуская шматвэктарнасьць згортваецца?
Думаю, рана рабіць такія высновы. Лукашэнка будзе круціцца, ягоныя заявы перад рознай аўдыторыяй стануць усё больш супярэчыць адна другой. Але беларусам да гэтага не прывыкаць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.