Згодна з даручэньнем сталічных уладаў, кожны чацьвер звыш 500 вартавых парадку будуць патруляваць 140 школ і іншых навучальных установаў Душанбэ, паведамляе Таджыкская служба Радыё Свабода.
Настаўнікі абавязаныя даваць міліцыі штотыднёвыя справаздачы аб тым, каго і зь якой прычыны не было на занятках, хто перашкаджаў навучальнаму працэсу і зрываў урокі.
«Міліцыянты будуць прыходзіць і правяраць зьнешні выгляд школьнікаў, наведвальнасьць урокаў. Настаўнікі аб гэтым увесь час гавораць навучэнцам, але цяпер, спадзяюся, яны будуць больш сур’ёзны ставіцца да школьных патрабаваньняў», — паведаміла намесьнік дырэктара сталічнай школы № 24 у Душанбэ Азада Юлдошева.
Прадухіляць злачыннасьць?
Такія рэйды, паводле прадстаўнікоў сталічнай мэрыі, накіраваныя на прадухіленьне злачыннасьці сярод непаўналетніх. Начальнік Упраўленьня МУС гораду Душанбэ Шарыф Назарзада паведаміў, што з пачатку гэтага году ў зьдзяйсьненьні правапарушэньняў абвінавачаныя звыш 10 тысяч непаўналетніх. Паводле яго словаў, адна з прычын — адсутнасьць належнага кантролю за вучнямі з боку настаўнікаў.
Тым ня менш многія настаўнікі непакояцца, што пад выглядам рэйдаў ўзмоцніцца ўмяшаньне міліцыі ў дзейнасьць школ. Яны адзначаюць, што за апошнія гады настаўнікі адказваюць за кожнае дзеяньне вучня, і ня важна, што яно магло адбывацца па-за школай і школьнымі заняткамі.
Каму адказваць — бацькам ці настаўнікам?
«Напрыклад, у былыя гады нас маглі правяраць толькі супрацоўнікі ўпраўленьня адукацыі або Міністэрства адукацыі і навукі, правяраць ход навучальнага працэсу. Некаторыя міліцыянты пытаюць аб вучэбнай праграме, што ніяк не ўваходзіць у кола іх паўнамоцтваў. Ці пачынаюць правяраць клясны журнал. Лічу, што яны павінны праводзіць тлумачальныя работы сярод навучэнцаў, а ня ладзіць праверкі і допыты настаўнікаў», — распавяла адна з суразмоўніц нашага радыё.
Настаўніца адной зь сярэдніх школ Душанбэ Фіруза Кадырова лічыць, што яны не павінны несьці адказнасьці за ўчынкі дзяцей, учыненыя за межамі школы або на вакацыях: «Так, я згодная, калі нешта адбылося ў школе, то за гэта нясе адказнасьць настаўнік. А ўсё, што за межамі школы, — на адказнасьці бацькоў. Гэта іх дзеці. Навучэнец знаходзіцца ў школе 6 гадзін у дзень, астатні час — дома. І адказнасьць павінна быць аднолькавай».
За апошнія тры гады перад судом адказвалі 6 тысяч настаўнікаў за невыкананьне сваіх абавязкаў па выхаваньні і навучаньні дзяцей, а ў выніку боек паміж непаўналетнімі сваіх пасадаў пазбавіліся некалькі дырэктараў школ.