Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мечыслаў Грыб у 80 гадоў займаецца фізкультурай і вучыць ангельскую мову


Мечыслаў Грыб, архіўнае фота
Мечыслаў Грыб, архіўнае фота

28 верасьня старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Мечыслаў Грыб адзначае 80-годзьдзе. Зь ім пагаварыў карэспандэнт Свабоды.

— Мечыслаў Іванавіч, раней вы штодня бегалі па парку, падцягваліся на турніку — трымаліся актыўнага ладу жыцьця. А як цяпер?

— Больш ужо ня бегаю. Зьявіліся праблемы з каленямі. Але ад шпацыраў не адмовіўся. Жыву я па-ранейшаму на вуліцы Пуліхава, і звычайна мой маршрут пралягае па набярэжнай — ад дому да Опэрнага тэатру і назад. Стараюся хадзіць штодня. І раблю фізычныя практыкаваньні. Гэта стала звычкай.

— Як звычайна праходзіць ваш дзень?

— Пачынаю з зарадкі. Пасьля праглядаю навіны, чытаю цікавыя артыкулы ў сеціве. Займаюся партыйнымі справамі — я дагэтуль генэральны сакратар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). А крыху болей за год таму зьявілаcя новае хобі — пачаў вывучаць ангельскую мову. Цяпер гэта стала магчымым не выходзячы з дому. Таму і шмат сяджу ля кампутара, карыстаюся рознымі праграмамі.

Мечыслаў Грыб, архіўнае фота
Мечыслаў Грыб, архіўнае фота

— Ці згадваеце вы сытуацыю пасьля зьняцьця з пасады старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча ў студзені 1994 году? Ці не шкадуеце цяпер, што пайшлі на ягонае месца?

— Я ня вельмі хацеў ісьці на гэтую пасаду. І нябожчыца-жонка мяне адгаворвала. І сястра была супраць. Але прэзыдыюм парлямэнту настойваў. Я тры дні трымаў паўзу. Але вырашыў урэшце, што трэба паспрабаваць, і даў згоду.

Ці не шкадую? На сёньняшні розум я падумаў бы. Не таму, што пасьля былі вядомыя падзеі. А таму што цяпер я разумею — да такой высокай пасады трэба было рыхтавацца. Трэба было мець каманду аднадумцаў. А ў мяне на той час нічога не было. І гэта выклікала адразу пэўныя складанасьці.

Але што было, тое было. Нічога вяртаць назад я не хачу. І ні аб чым не шкадую. Я заўжды стараўся сумленна працаваць. Таму, мабыць, я цяпер свабодна дыхаю, гуляю па Менску, ежджу грамадзкім транспартам. І шчыра прызнаюся, што мне прыемна, калі і ў мэтро, і ў аўтобусе, і ў тралейбусе са мной вітаюцца і знаёмыя, і — часта — незнаёмыя людзі. Значыць, нешта добрае я ўсё ж зрабіў.

Галадоўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ. Алег Трусаў, Сяргей Навумчык, Барыс Гюнтэр, Сяргей Антончык, Лявон Баршчэўскі, Аляксандар Шут, Уладзімер Заблоцкі. За прэзыдэнцкай трыбунай Аляксандар Лукашэнка, у прэзыдыюме старшыня ВС Мечыслаў Грыб і намесьнік старшыні ВС Іван Бамбіза, на трыбуне старшыня камісіі ВС Уладзімер Лаўчык. Авальная заля Дома ўраду, 11 красавіка 1995 г. Фота Сяргея Грыца.
Галадоўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ. Алег Трусаў, Сяргей Навумчык, Барыс Гюнтэр, Сяргей Антончык, Лявон Баршчэўскі, Аляксандар Шут, Уладзімер Заблоцкі. За прэзыдэнцкай трыбунай Аляксандар Лукашэнка, у прэзыдыюме старшыня ВС Мечыслаў Грыб і намесьнік старшыні ВС Іван Бамбіза, на трыбуне старшыня камісіі ВС Уладзімер Лаўчык. Авальная заля Дома ўраду, 11 красавіка 1995 г. Фота Сяргея Грыца.

— У гісторыю Беларусі Мечыслаў Грыб найперш увойдзе як чалавек, які на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савету паставіў свой подпіс пад Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусі. Цікава, ці захавалася ў вас тая асадка, якой падпісвалі гістарычны дакумэнт?

— Не, у мяне яе няма. Мне сказалі, што яе зьмясьцілі ў дзяржаўным гістарычным музэі. Але пасьля яе чамусьці з выставы зьнялі, і, як мне сказалі, мая ручка (my pen — двойчы па-ангельску паўтарае спадар Грыб. — РС.) апынулася ў музэйных запасьніках. Так гэта ці не — я не правяраў.

— А якая тады найбольш каштоўная рэліквія захоўваецца ў вас дома?

— Зразумела, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусі. Я маю ажно тры яе друкаваныя варыянты: звычайны, кішэнны і вялікі на трох (беларускай, расейскай і ангельскай) мовах. Ёсьць парлямэнцкі архіў, але, на жаль, не 12-га, а 13-га скліканьня, у якім я таксама быў дэпутатам.

Мечыслаў Грыб, архіўнае фота
Мечыслаў Грыб, архіўнае фота

— Мечыслаў Іванавіч, калі я не памыляюся, вашы бацькі — доўгажыхары...

— «Бацькі» будзе не зусім дакладна. Мой бацька загінуў на фронце ў 1945 годзе. А мама сапраўды пражыла да 90 гадоў. У такіх цяжкіх умовах, якія мела мая мама, дажыць да 90 гадоў — геройства. Яна засталася адна, а на руках удавы было нас чацьвёра непаўналетніх. І усіх яна паставіла на ногі.

Я быў другім. Старэйшы мой брат памёр адразу пасьля шасьцідзесяці. Трэцяе дзіця — сястра Ганна. Цяпер яна на пэнсіі, носіць прозьвішча мужа. А самы малодшы — Станіслаў Іванавіч Грыб, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, ён займаецца сэлекцыяй збожжавых культураў.

29 верасьня блізкія — а гэта яшчэ сын, дачка і трое ўнукаў — прыйдуць, каб павіншаваць мяне зь юбілеем.

Мечыслаў Грыб нарадзіўся 28 верасьня 1938 году ў вёсцы Савічы на Наваградчыне. Скончыў юрфак БДУ (1967). Зрабіў кар’еру ў структурах міністэрства ўнутраных справаў БССР. Узначальваў апэратыўна-сьледчую групу, якая раскрыла 43 забойствы сэрыйнага злачынцы Генадзя Міхасевіча (1985). Першы ў сувэрэннай Беларусі генэрал-лейтэнант міліцыі (1993). Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі (студзень 1994 — студзень 1996). Быў у апазыцыі да прэзыдэнта Лукашэнкі. Пад старшынствам Грыба дэпутаты прынялі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусі 15 сакавіка 1994 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG