Менскі гарвыканкам прыняў рашэньне абмежаваць у начны час продаж алькагольных напояў. Рашэньне апублікаванае на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
- Абмежаваньне будзе дзейнічаць з 1 кастрычніка 2018 году па 1 кастрычніка 2019 году.
- Продаж моцных алькагольных напояў, а таксама слабога алькаголю і піва будзе забаронены з 23.00 да 7.00.
- Абмежаваньне ня будзе дзейнічаць у кавярнях і рэстарацыях пры рэалізацыі алькаголю на разьліў.
Рашэньне ўхваленае дзеля здаровага ладу жыцьця, прафіляктыкі п’янства і алькагалізму.
«Начны сухі закон» ужо ўводзілі ў Менску ў 2015 годзе: зь сярэдзіны чэрвеня да канца жніўня алькаголь тады прадавалі ў гандлёвых пунктах з 9.00 да 22.00. Пасьля нарады, на якой Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў урад за нерашучую абарону ўнутранага рынку алькаголю, абмежаваньні адмянілі. З ініцыятывай вярнуць забарону на продаж алькаголю ў начны час выступалі Міністэрства аховы здароўя і МУС Беларусі.
Паводле рэйтынгу спажываньня алькаголю ў сьвеце на 2016 год, які быў абнародаваны ў чэрвені 2018 году Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя (WHO) на 2016 год, грамадзяне Беларусі выпіваюць 11,2 літра ўмоўнага сьпірту на год, і Беларусь цяпер займае 27-е месца ў рэйтынгу. Шмат гадоў, паводле рэйтынгу гэтай арганізацыі, беларусы былі адной з самых пітушчых нацыяў у сьвеце. У перадапошнім рэйтынгу WHO ставіла беларусаў на другое месца ў сьвеце пасьля літоўцаў з 16,4 літра ўмоўнага сьпірту на чалавека за год.
Нягледзячы на зьмену пазыцыяў у рэйтынгу, наўрад ці праблемы Беларусі з алькаголем можна лічыць вырашанымі: ад алькагольнага атручваньня за першыя пяць месяцаў бягучага году памерлі 600 чалавек, са 160 тысяч алькагольна залежных 8 тысяч адпраўляюць у прафілякторыі штогод. З алькагольных акцызаў у дзяржаўны бюджэт за мінулы год мусіла паступіць каля мільярда даляраў.