Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: Прагноз Лукашэнкі, які хутка спраўдзіўся


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна тут

Алег Трусаў (Мірашнічэнкаўская выбарчая акруга № 33, Менск): Паколькі на гэтым тыдні мы будзем разглядаць пытаньне аб правядзеньні рэфэрэндуму па адносінах да далучэньня Беларусі да Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, я хачу азнаёміць вас з думкай больш чым 2000 грамадзян нашай рэспублікі па гэтаму пытаньню. «Спадары народныя дэпутаты! Мы падтрымліваем ініцыятыву Станіслава Станіслававіча Шушкевіча аб правядзеньні ўсенароднага рэфэрэндуму з фармулёўкай — “Ці падтрымліваеце вы дзяржаўны нэўтралітэт Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае адмаўленьне ад ваенна-палітычных саюзаў зь іншымі краінамі і іх аб’яднаньнямі?” Чакаем адпаведнага рашэньня Вярхоўнага Савету. Мы за незалежную, нэўтральную, бязьядзерную Беларусь». Я хачу таксама даць вам статыстыку гэтых зваротаў. Так, тут сярод гэтых больш чым 2000 подпісаў маецца 668 подпісаў жыхароў Менску, 17 подпісаў жыхароў Марʼінай Горкі, 200 подпісаў з Баранавіч і Баранавіцкага раёну, 200 зь Міёр, 252 зь Міёрскага раёну, 163 подпісы зь Дзяржынску, 130 подпісаў з Фаніпалю, 11 зь вёскі Данілавічы Дзяржынскага раёну, 180 з Нясьвіжу і Нясьвіскага раёну, 21 подпіс з Рагачова, 21 подпіс з Гатава пад Менскам, 231 подпіс з Горадні, а таксама подпісы асобных грамадзян з такіх населеных пунктаў, як Віцебск, Бабруйск, Полацак, Наваельня, Янава, Іванаўскі раён, Маларыта, Драгічын, Белаазёрск, Пухавічы, Гомель, Пружаны, Слонім, Чачэрскі раён, Іўеўскі раён, Мядзел, Браслаў, Глуск, Магілёў, Пінск і Дзісна.

З выступу ў "Розным"

У тэме дамовы аб калектыўнай бясьпецы ёсьць яшчэ адзін сюжэт, які мог вывесьці на іншы, станоўчы для прыхільнікаў незалежнасьці вынік — ды не атрымалася.

Раніцай 8 красавіка мне далі слова ў разьдзеле «Рознае», і я зачытаў лісты, якія мне перадалі. А потым зрабіў нечаканую для дэпутацкай большасьці прапанову.

Сяргей Навумчык: «“Мы з трывогай і надзеяй сочым за тым, як разьвіваюцца падзеі на сэсіі Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь, — пішуць жыхары Наваполацку, 400 подпісаў — і калі прапанова аб разьвіцьці эканамічных сувязяў з Расеяй і іншымі дзяржавамі былога Саюзу дае надзею на тое, што мы зможам пераадолець эканамічны крызіс, то прапановы аб уступленьні ў ваенны саюз з Расеяй і рэспублікамі Сярэдняй Азіі і Закаўказьзя выклікаюць толькі трывогу і страх. Гарачыя кропкі ў былым Саюзе не астываюць, а наадварот, падзеі прымаюць усё больш крывавы характар. Але нават Кіргізстан адвёў сваіх салдат з Таджыкістану, а мы стараемся ўвайсьці ў гэты саюз вайскоўцаў”. “Ваенны саюз, — пішуць народныя дэпутаты Наваполацкага гарсавету, — азначае дадатковую нагрузку на эканоміку і фінансы Беларусі, дадатковае зьніжэньне жыцьцёвага ўзроўню народа Беларусі. Гэта азначае, што нашы беларускія хлопцы ў вайсковай форме зноў будуць пасылацца ў гарачыя кропкі, каб тушыць канфлікты сваёй крывёю”».

Шмат каму прававыя ды эканамічныя аспэкты калектыўнай бясьпекі былі незразумелыя, а вось тое, што беларускія хлопцы могуць паехаць ваяваць за межы краіны, людзьмі ўспрымалася як рэальная небясьпека.

Збор подпісаў супраць вайсковага саюзу з Расеяй, 1993. Фота Ул. Кармілкіна
Збор подпісаў супраць вайсковага саюзу з Расеяй, 1993. Фота Ул. Кармілкіна

І мы, дэпутаты БНФ, зноў і зноў зьвярталі ўвагу нашых апанэнтаў, што, магчыма, расплачвацца за вайсковы саюз давядзецца жыцьцямі суайчыньнікаў.

Я працытаваў тэлеграму ад Незалежнага саюза гарнякоў («Прапановы і настойлівае жаданьне чаго б гэта ні каштавала ўцягнуць нашу нэўтральную дзяржаву ў ваенны саюз з Расеяй і зь іншымі дзяржавамі Закаўказьзя і Сярэдняй Азіі ў нас выклікае зьдзіўленьне і пратэст»), сказаў пра ліст, падпісаны дзьвюма тысячамі жыхароў Менску супраць далучэньня да сыстэмы калектыўнай бясьпекі. Паведаміў, што маю толькі адзін зварот, аўтары якога выступаюць «за» — ад Віцебскага гаркаму толькі што адноўленай камуністычнай партыі.

А затым перайшоў да асноўнай мэты свайго выступу:

«Група народных дэпутатаў зьвяртаецца да старшыні Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь і да сэсіі з ініцыятывай: прапануем вынесьці на ўсенароднае галасаваньне (рэфэрэндум) Рэспублікі Беларусь наступнае пытаньне абавязковага характару: «Ці лічыце вы, што Рэспубліка Беларусь павінна быць нэўтральнай і бязьядзернай дзяржавай і не ўваходзіць у ваенныя блёкі?». Варыянты адказу: «так», «не». Гэтую ініцыятыву падпісалі на сёньняшні момант 45 народных дэпутатаў, а трэба 115. Я не сумняваюся, што ў гэтай залі знойдзецца 115 сумленных дэпутатаў. Калі ж не, дык мы выйдзем з такой ініцыятывай да народу, і я думаю, забярэм 350 тысяч подпісаў, тым больш што такі досьвед у нас ёсьць».

За некалькі дзён да гэтага выступу да мяне зьвярнуўся Іван Сьцяпура, дарадца Станіслава Шушкевіча, і сказаў, што было б добра прыстрашыць дэпутацкую большасьць рэфэрэндумам. Самому Шушкевічу выходзіць з такой ініцыятывай няёмка, а вось калі б гэта зрабіла Апазыцыя БНФ…

Раней мы ў Апазыцыі абмяркоўвалі варыянт рэфэрэндуму ў пытаньні калектыўнай бясьпекі — і ня ў якасьці элемэнту псыхалягічнай атакі, а як рэальны спосаб спыніць уцягваньне Беларусі ў арбіту вайсковых інтарэсаў Расеі. Калі ж нашыя намеры супалі з намерам Шушкевіча — што ж, тым лепей.

Я напісаў тэкст і пачаў зьбіраць подпісы дэпутатаў.

Подпісы дэпутатаў за рэфэрэндум у справе калектыўнай бясьпекі, 1993
Подпісы дэпутатаў за рэфэрэндум у справе калектыўнай бясьпекі, 1993

Подпісы дэпутатаў за рэфэрэндум у справе калектыўнай бясьпекі, 1993
Подпісы дэпутатаў за рэфэрэндум у справе калектыўнай бясьпекі, 1993

Першымі падпісаліся Зянон Пазьняк, Валянцін Голубеў, Галіна Сямдзянава, Алег Трусаў, Віктар Алампіеў, Яўген Цумараў, Лявон Дзейка, Лявон Баршчэўскі. 16-м паставіў подпіс Ніл Гілевіч, 37-м і 38-м — члены Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Барыс Савіцкі і Міхаіл Сьлямнёў.

Падышоў я і да Аляксандра Лукашэнкі. «Сяргей, маю пазыцыю ты ведаеш, я за калектыўную бясьпеку, але подпіс пастаўлю. Толькі ты дарэмна спадзеясься, Шушкевіч рэфэрэндум не правядзе!» — сказаў Лукашэнка і паставіў подпіс, 52-гі па ліку. «Ну-ну, лічы як хочаш, — падумалася. — Ты ж ня ведаеш, што мне сказаў дарадца Шушкевіча, Сьцяпура».

Раніцай наступнага дня, 9 красавіка, калі колькасьць подпісаў дасягнула васьмі дзясяткаў, старшыня Вярхоўнага Савету ўзяў слова. Гэта быў адзін з найлепшых ягоных выступаў.

Шушкевіч: «…Я — прыхільнік… варыянту: нэўтральная, палітычна стабільная дзяржава, якая не выдзяляе яскрава ні ўсходніх, ні заходніх прыярытэтаў, а ў сваёй эканамічнай і палітычнай стратэгіі імкнецца быць кантактнай дзяржавай, крыніцай стабільнасьці ў рэгіёне. Сёньня ў нас яўна выяўлены ўсходні прыярытэт, і мы гэта павінны ўспрымаць як рэалію. Мы павінны яго падтрымліваць, разьвіваць, але ён не павінен спыняць іншыя кантакты, у тым ліку кантакты з Захадам».

У гэтым была сутнасьць геапалітычнай пазыцыі Шушкевіча — і Захад, і Ўсход.

Такі падыход мы прыняць не маглі, бо ў кожным кроку насустрач Маскве бачылі пагрозу быць паглынутымі, мы лічылі, што трэба напоўніцу выкарыстаць шанец і як мага далей «адарвацца» ад усходняга суседа.

«Я ня ведаю, ці існуе дзе-небудзь у сьвеце парлямэнт, які б так ставіўся да нацыянальнай мовы, да дзяржаўнасьці, — працягваў Шушкевіч. — На каго мы нападаем? Задумайцеся над гэтым. У свой час Расея гаварыла па-француску. У свой час Расея лічыла, што няма ў яе сваіх талентаў і навукоўцаў. Успомніце Ламаносава... “Ода на день восшествия на всероссийский престол”… “Что может собственных Платонов и быстрых разумом Невтонов…” Чаму ж мы забываемся пра нашу беларускую гісторыю? Чаму мы затоптваем гэта ў гразь? Адкуль гэтая варожасьць да беларускасьці? Чаму мы ўстаём супраць гэтага? Дарэчы, папярэдні Вярхоўны Савет, паважаць давайце яго будзем, адно з найлепшых рашэньняў прыняў пра гэта».

Шушкевіч меў на ўвазе Закон аб мовах, прыняты Вярхоўным Саветам БССР ХІ скліканьня ў студзені 1990 году.

Далей Шушкевіч прадставіў цалкам рэалістычную пэрспэктыву адмовы Беларусі ад нэўтралітэту:

«Калі мы зараз прымем новую, фактычна ваенную дактрыну, адыдзем ад нэўтралітэту, дык першай рэакцыяй Польшчы будзе: ну, калі яны так, дык жа і нам трэба мацнейшымі быць. І пайшла гонка. А я думаю, што мы маглі б ісьці па шляху звароту да дзяржаў, да той самай Польшчы, да краін Прыбалтыкі, да Румыніі, да Малдовы: маўляў, прыміце нэўтральны стан, заявіце аб тым, што ў вас няма прэтэнзіяў да суседзяў. І я думаю, што мы дасягнулі б вялікіх посьпехаў на гэтым шляху. Справа вось у чым: справа ў палітычнай заяве Вярхоўнага Савету, што мы зьмяняем наш палітычны курс. Толькі так гэта будзе прынята ў сьвеце».

Нарэшце, у прамове ўзьнікла галоўная крыніца ўлады і галоўны арбітар — народ.

«Я лічу, што ў гэтых абставінах ёсьць адзін захад — трэба запытацца ў народа. (Аплядысмэнты). Я ўношу прапанову: “У адпаведнасьці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» прашу Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняць рашэньне аб правядзеньні ў маі 1993 году абавязковага рэспубліканскага рэфэрэндуму па вызначэньні характару нэўтралітэту Рэспублікі Беларусь. Прашу ўнесьці ў бюлетэнь для правядзеньня рэфэрэндуму пытаньне: «Ці падтрымліваеце вы нэўтралітэт Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае адмову ад уступленьня Рэспублікі Беларусь у любыя ваенна-палітычныя саюзы зь іншымі дзяржавамі або іх абʼяднаньнямі?»” І хачу вам адказаць адразу: калі народ скажа, што мы павінны быць у гэтым саюзе, я лічу тады, што ня маю маральнага права заставацца старшынём Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь. (Тут Віктар Ганчар выкрыкнуў нешта кшталту — а ці пойдзеце ў адстаўку, калі не прагаласуюць? — С. Н.) Адкажу і вам, паважаны народны дэпутат Ганчар: я адразу падам у адстаўку. (Аплядысмэнты). Але я хачу, паважаныя народныя дэпутаты, каб у тых, хто тут выступае за такі саюз, хапіла мужнасьці зрабіць гэтак сама».

Са свайго боку, мы нагадалі, што Шушкевіч не адзінокі ў сваім жаданьні апэляваць да народа.

«Мы, натуральна, падтрымліваем прапанову старшыні Вярхоўнага Савету аб тым, што гэтае пытаньне павінен вырашаць народ, — сказаў я. — Але мы, у адрозьненьне ад Станіслава Станіслававіча, маем (і я ўчора пра гэта казаў) крыху іншую ініцыятыву, таму я прапаную вынесьці на ўсенароднае галасаваньне (рэфэрэндум) пытаньне аб нэўтралітэце. Станіслаў Станіслававіч, не перад ратыфікацыяй, як вы прапануеце (я разумею вашу прапанову), а перад галасаваньнем у Вярхоўным Савеце. Таму інфармую вас, што на сёньняшні дзень у нас сабраны 91 подпіс народных дэпутатаў, трэба 115. Я таксама думаю, што трэба пайменна прагаласаваць. Магчыма, да некага я не падыходзіў і хтосьці хоча далучыцца».

У мяне быў 91 подпіс, але ініцыятывы Шушкевіча было дастаткова: паводле закону, ён меў права ініцыяваць рэфэрэндум, ягоны подпіс прыраўноўваўся да 115 подпісаў дэпутатаў альбо 350 тысяч подпісаў грамадзянаў Беларусі. Праблема была ў тым, што, паводле таго самага закону, прызначаць рэфэрэндум павінен быў Вярхоўны Савет на чарговай сэсіі, а гэтая была — нечарговая. Такім чынам, пытаньне пераносілася на наступную сэсію.

У канцы красавіка сацыялягічная служба «Грамадзкая думка» правяла апытаньне на тэмы грамадзка-палітычнай сытуацыі.

На пытаньне «Ці падтрымліваеце Вы рашэньне Вярхоўнага Савету аб далучэньні да Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, падпісанай сямю краінамі — членамі СНД», станоўча адказалі 38,3 %, не — 45 %, 15,5 % ня вызначыліся.

Пікет БНФ на Плошчы, фота Ул. Кармілкіна
Пікет БНФ на Плошчы, фота Ул. Кармілкіна

У выніку правядзеньня рэфэрэндуму за захаваньне нэўтралітэту выказаліся б 42,6%, за далучэньне да Дамовы аб калектыўнай бясьпецы — 31,2%.

Паказальныя адказы адносна пытаньняў, якія грамадзяне лічылі неабходным вынесьці на рэфэрэндум.

Пра давер Вярхоўнаму Савету — 16,6 %, пра давер ураду — 9,4 %. Самую вялікую колькасьць набрала пытаньне аб формах уласнасьці на зямлю — 24,6 %.

А самую меншую — пытаньне аб дзяржаўнай мове. За тое, каб выносіць яго на рэфэрэндум, выказаўся толькі 1,1 % грамадзян.

На наступнай сэсіі Шушкевіч адрынуў нашую прапанову абʼяднаць пытаньне аб калектыўнай бясьпецы з пытаньнем аб датэрміновых выбарах, заявіўшы, што ён ініцыюе рэфэрэндум толькі па АДКБ. А потым успрыняў аргумэнты парлямэнцкай большасьці і пагадзіўся вынесьці калектыўную бясьпеку на той рэфэрэндум, на якім будуць абмяркоўвацца «канстытуцыйныя пытаньні». Калі — невядома.

І мне прыгадаліся словы Лукашэнкі, што Шушкевіч рэфэрэндум не правядзе…

Апазыцыі БНФ не ўдалося ўтрымаць Беларусь ад далучэньня да сыстэмы калектыўнай бясьпекі СНД, што паставіла крыж на беларускім нэўтралітэце і на дзесяцігодзьдзі замацавала краіну ў арбіце вайсковых інтарэсаў Масквы.

Праз чвэрць стагодзьдзя мала хто прыгадае, што тэма калектыўнай бясьпекі была адной з галоўных тэмаў палітычнага жыцьця 1993 году. Аднак змаганьне супраць далучэньня да ДКБ мела як мінімум адзін бясспрэчны вынік: у грамадзкай сьвядомасьці трывала замацавалася перакананьне, што беларускія вайскоўцы не павінны гінуць за чужыя інтарэсы па-за межамі Бацькаўшчыны. З таго часу ніводзін палітык, якой бы арыентацыі ён ні быў, не наважыўся паставіць пад сумнеў гэтую ісьціну.

Не паставіў яе пад сумнеў і Аляксандар Лукашэнка, хоць за дзесяцігодзьдзі ягонага прэзыдэнцтва Беларусь цесна прывязалася да ваенна-прамысловага комплексу Расеі. Чаго толькі не было ў сфэры вайсковага супрацоўніцтва Масквы і Менску: і стварэньне агульнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны, і супольныя манэўры, і пралянгацыя дамоваў на разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі расейскіх аб’ектаў, і дэбаты вакол патэнцыйнага зьяўленьня новых расейскіх базаў. Самы «верны саюзьнік» Беларусі, Расея ўдзельнічала ў розных войнах ды вайсковых апэрацыях — ад Данбасу да Сырыі.

Дый афіцыйны Менск у гады прэзыдэнцтва Лукашэнкі мог бы сфармаваць батальён у складзе міратворчых сілаў ААН — я перакананы, што такая прапанова была б з удзячнасьцю прынятая і палепшыла б адносіны з Захадам.

Але магчымасьць удзелу беларускіх вайскоўцаў у баявых дзеяньнях ніколі не ўзьнікала як патэнцыйная рэальнасьць — гэта тая чырвоная рыса, пераступіць якую Лукашэнка сабе не дазваляе.

І мне падаецца, што дыскусіі ў Авальнай залі ўвесну 1993 году паўплывалі на гэта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG