Увечары 25 верасьня ў фарбавальнай камэры мэблевага цэху на прадпрыемстве «Магілёўдрэў» адбыўся выбух. 6 работнікаў пацярпелі, трое зь іх знаходзяцца ў цяжкім стане. Свабода прыгадала трагічныя выпадкі на беларускіх прадпрыемствах у апошнія гады.
2010 год. «Пінскдрэў»: 14 ахвяраў
Выбух на заводзе ДСП «Пінскдрэў» здарыўся 25 кастрычніка 2010 году. Двое рабочых загінулі на месцы, яшчэ 12 памерлі ад ранаў у лякарнях Пінску, Берасьця і Менску. Пяцёра засталіся інвалідамі.
Тагачасны генэральны пракурор Рыгор Васілевіч заявіў, што маштабы трагедыі сьведчаць пра грубыя парушэньні тэхналягічнай дысцыпліны, неналежнае гарантаваньне тэхнічнай бясьпекі, аховы працы.
Па выніках суду былы галоўны інжынэр «Пінскдрэву» Ўладзімер Шастакоў атрымаў 4 гады пазбаўленьня волі. Галоўны інжынэр «Пінскдрэў-ДСП» Ігар Логвін асуджаны на 3 гады калёніі. Дырэктар заводу «Пінскдрэў-ДСП» Леанід Логвін атрымаў 4 гады ўмоўнага тэрміну.
Былы генэральны дырэктар прадпрыемства Ларан Арыніч пазьбег пакараньня — падчас сьледзтва ён уцёк за мяжу.
Суд пастанавіў выплаціць сваякам загінулых па 30 мільёнаў, пацярпелым зь цяжкімі цялеснымі пашкоджаньнямі — па 20 мільёнаў і пацярпелым, якім нанесьлі менш цяжкія пашкоджаньні, — па 10 мільёнаў.
2012. Барысаўскі кансэрвавы завод
23 кастрычніка 2012 году ў памяшканьні Барысаўскага кансэрвавага заводу выбухнула абсталяваньне. Два сьлесары-рамонтнікі, якія працавалі ў памяшканьні, загінулі.
Намесьнік галоўнага інжынэра Ўладзімер Якімаў быў прызнаны вінаватым у парушэньні правілаў тэхнікі бясьпекі і аховы працы і асуджаны на чатыры гады пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах пасяленьня.
2015. «Беларуськалій»: 2 ахвяры
25 красавіка ў Салігорску пры абвале зводу шахты загінуў праходчык, ягоны напарнік трапіў у шпіталь са шматлікімі траўмамі. Гэта былі працаўнікі падраднай арганізацыі «Шахтаспэцбуд», якая выйграла тэндэр на праходчыя працы.
Трагедыя здарылася ў сярэдзіне працоўнага дня на глыбіні 264 мэтры.
Паводле сьледзтва, да трагедыі ў шахце ААТ «Беларуськалій» прывялі парушэньне патрабаваньняў бясьпекі, дрэнная арганізацыя вытворчасьці і недахопы ў навучаньні пэрсаналу.
Яшчэ адзін супрацоўнік прадпрыемства загінуў 2 лістапада — у выніку выбуху прыроднага мэтану.
2016. «Гродна Азот»: 2 ахвяры
На прадпрыемстве «Гродна Азот» 6 чэрвеня 2016 году двое маладых рабочых з падраднай арганізацыі памерлі, атруціўшыся параю пры раскладаньні хімічнага рэчыва гідраксылямінсульфат. Суд у справе пачаўся 23 жніўня 2017 года. На лаве падсудных аказаўся адзін майстар рамонту абсталяваньня. Сёлета ў траўні суд прыпынілі і прызначылі экспэртызу, каб вызначыць, што насамрэч адбылося ў цэху.
Спрэчкі паміж спэцыялістамі ідуць наконт таго, ці быў пажар і якая сапраўдная прычына раскладаньня небясьпечнага рэчыва й сьмерці людзей.
2017. Скідзельскі цукровы камбінат: 4 ахвяры
25 лютага 2017 году ў начную зьмену на Скідзельскім цукровым камбінаце, які цалкам належыць дзяржаве, здарыўся выбух.
Пылапаветраная сумесь, як паведамлялася тады на сайце Сьледчага камітэту, занялася ў галерэі побач з цэхам пакаваньня і фасаваньня. Дэфармаваліся сьцены цэху, пашкоджаныя вокны і дзьвярныя праёмы. Толькі адна зь пяці супрацоўніц, што апынуліся побач з выбухам, выжыла.
Паводле інфармацыі Свабоды, пацярпелыя атрымалі выплаты ад прадпрыемства ў памеры сярэдняга заробку за дзесяць гадоў — каля 45-50 тысяч даляраў.
Крымінальную справу адразу завялі паводле артыкулу «службовая нядбайнасьць».
Летась у сакавіку затрымалі двух падазраваных: начальніка цэху гатовай прадукцыі Скідзельскага цукровага камбінату Ўладзімера Малашэвіча і ягонага намесьніка Грушэўскага. Пазьней стала вядома пра затрыманьне галоўнага інжынэра Ўладзімера Губарэвіча.
Празь некалькі месяцаў усіх траіх выпусьцілі з-пад варты. Калі пра затрыманьне паведамлялася на сайце Сьледчага камітэту і ў многіх мэдыя, то выхад з-пад варты прайшоў незаўважна для грамадзкасьці.
«Беларуськалій». 2018: 2 ахвяры
Увечары 9 сакавіка на падземным горным участку 3-га рудаўпраўленьня абвалілася парода, у выніку чаго пад завал трапілі машыніст горных вымальных машынаў і горнарабочы вычышчальнага забою.
У ноч з 10 на 11 сакавіка ратавальнікі паднялі целы загінулых — 45-гадовага Максіма Іванова і 33-гадовага Дзьмітрыя Валько.
«Алкід». 2018: 1 ахвяра
Раніцай 22 траўня на заводзе «Алкід» у вёсцы Каралёў Стан пад Менскам адбыўся выбух, які стаў прычынай пажару. Ён здарыўся ў будынку плошчай 2400 квадратных мэтраў, дзе вырабляецца бітумная гідраізаляцыя. Пацярпелі 4 чалавекі, якіх з апёкамі і траўмамі рознай ступені цяжкасьці даставілі ў шпіталь. Адзін зь іх пазьней памёр.
Менскі раённы аддзел Сьледчага камітэту распачаў крымінальную справу па факце парушэньня правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правілаў бясьпекі выбухованебясьпечных работ, што пацягнула празь неасьцярожнасьць прычыненьне цялесных пашкоджаньняў (ч. 2 арт. 302 КК).