Пацярпелыя баяцца гаварыць, падазраваных выпусьцілі з-пад варты, на заводзе стварылі сьцяну памяці, сьледзтва яшчэ працягваецца. Рэпартаж са Скідзеля Горадзенскай вобласьці, дзе амаль паўтара года таму ад выбуху на цукровым заводзе памерлі чатыры супрацоўніцы.
«Калі ішла выбуховая хваля, бэтонная пліта выгнулася ў дугу»
Адчуваньне, якое ахоплівае пры наведваньні Скідзеля, падобнае да салодкага сыропу. Выпацкаесься ў яго — і пры наступных сустрэчах, паціскаючы руку, абавязкова пакінеш на іншым ліпкі сьлед. Гэта страх. Дакучлівы і непрыемны. Ад яго хочацца пазбавіцца, але памыць рукі няма як.
Скідзель — горад-спадарожнік Горадні, не раённы, насельніцтва тут каля дзесяці тысяч чалавек. Дарога з Горадні да Скідзеля займае паўгадзіны, туды часта ходзяць прыгарадныя аўтобусы. Многія скідзельцы працуюць у Горадні і пераадольваюць гэты шлях штодня.
Амаль паўтара года таму, 25 лютага 2017-га, у начную зьмену на Скідзельскім цукровым камбінаце, які цалкам належыць дзяржаве, здарыўся выбух.
Успышка пылапаветранай сумесі, як паведамлялася тады на сайце Сьледчага камітэту, адбылася ў галерэі побач з цэхам пакаваньня і фасоўкі. Дэфармаваліся сьцены цэху, пашкоджаныя вокны і дзьвярныя праёмы.
Калі ішла выбуховая хваля, паднялася бэтонная пліта
«Калі ўсё здарылася, я быў у суседнім памяшканьні. Здрыгануліся дзьверы і вокны. Калі ішла выбуховая хваля, паднялася бэтонная пліта, яе выгнула ў дугу», — кажа Свабодзе адзін са сьведак выбуху.
Чатыры жанчыны сканалі цягам месяца, адна выжыла
Каля месца выбуху знаходзіліся пяць супрацоўніц узростам 43-55 гадоў. Тады, кажуць на заводзе, яны фасавалі цукар для паставак у Расею.
«Яны другую ноч запар там „пахалі“. Выходзілі адтуль чырвоныя ад алергіі, надыхаўшыся пылу. Тады была расейская адгрузка», — кажа адзін з супрацоўнікаў заводу.
Усе пяць жанчын атрымалі апёкі больш як паловы цела і пашкоджаньні ўнутраных органаў (баратраўмы). Але ў такім стане здолелі самастойна выйсьці на вуліцу.
«Яны выйшлі бяз вопраткі, напаўаголеныя. Усе ў шокавым стане чакалі „хуткую“. У машыну хуткай дапамогі яны пайшлі самі», — расказвае жыхарка Скідзеля пра падзеі той ночы.
Трох жанчын адвезьлі ў менскі апёкавы цэнтар, дзьвюх пакінулі ў горадзенскім шпіталі. Усіх увялі ў штучную кому. Чацьвёра зь яе так і ня выйшлі. Тацьцяна Слуцкая, Алена Кудзерка, Вольга Цярэшка і Лілія Ямант сканалі менш як празь месяц. Бяду перажывалі ўсім горадам.
«Дзень за днём, калі паміралі гэтыя жанчыны, калі цэлым горадам ішлі на пахаваньні, гэта быў проста жах. Для кагосьці гэта суседкі, хтосьці працаваў разам», — пачынае плакаць знаёмая адной з загінулых жанчын Марына.
Толькі адна, Марына Апановіч, выжыла. Кажуць, ёй давялося наноў вучыцца дыхаць, есьці, хадзіць. Яна ўжо не працуе на заводзе.
Пацярпелыя атрымалі выплаты ад прадпрыемства ў памеры сярэдняга заробку за дзесяць гадоў. Па інфармацыі Свабоды, гэта каля 45-50 тысяч даляраў.
Гэта яшчэ добра, што пацярпелі пяць чалавек, а ня дзесяць
«Гэта яшчэ добра, што пацярпелі пяць, а ня дзесяць», — кажуць на заводзе.
Людзі мяркуюць, што, калі б здарэньне адбылося ўдзень, пацярпелых было б нашмат болей. Да таго ж перад выбухам частка рабочых выйшлі ў іншае памяшканьне і тым самым уратавалася.
Падазраваных выпусьцілі празь некалькі месяцаў
Крымінальную справу адразу завялі паводле артыкулу «службовая нядбайнасьць».
Летась у сакавіку затрымалі двух падазраваных: начальніка цэху гатовай прадукцыі Скідзельскага цукровага камбінату Ўладзімера Малашэвіча і ягонага намесьніка Грушэўскага. Пазьней стала вядома пра затрыманьне галоўнага інжынэра Ўладзімера Губарэвіча.
Празь некалькі месяцаў усіх трох службовых асобаў выпусьцілі з-пад варты. Калі пра затрыманьне паведамлялася на сайце Сьледчага камітэту і ў многіх мэдыя, то выхад з-пад варты прайшоў незаўважна для грамадзкасьці.
Малашэвіч выйшаў на пэнсію, Губарэвіч і Грушэўскі працягваюць працаваць на заводзе, але на пасадах, не зьвязаных з кіраўніцтвам людзьмі.
Пра былога галоўнага інжынэра ў горадзе аднадушна кажуць: «Нармальны мужык, выдатны, талковы». Грушэўскі, паводле жыхароў Скідзеля, таксама нармальны малады хлопец, «яго тады нядаўна на пасаду паставілі, ён нічога не вырашаў, толькі подпісы мог паставіць, дзе казаў Малашэвіч».
Пра былога начальніка цэху Малашэвіча выказваньні менш прыязныя.
Скідзельскім цукровым камбінатам на момант трагедыі і да сёньняшняга дня кіруе Дзьмітры Ягораў.
Сем’і, якія страцілі блізкіх, адмаўляюцца ад камэнтароў
Усе пацярпелыя, як адзін, адмаўляюцца нешта казаць пра здарэньне і жыцьцё пасьля трагедыі. Нехта дагэтуль сам працуе на заводзе, у некага — муж або дзеці. Людзі баяцца, што пасьля размовы з журналістамі ў іх пачнуцца праблемы на працы. Некаторыя спасылаюцца на занятасьць або коратка з сумам адказваюць: «Ня будзем варушыць старое».
Удавец Тацяны Слуцкай на цукровым заводзе працуе, муж ацалелай Марыны Апановіч — таксама.
У Вольгі Цярэшкі засталіся старая маці, брат, дачка і сын, які на момант трагедыі служыў у войску. Нядаўна дачка нарадзіла дзіця — унука Вольгі Віктараўны. Сям’я адмовілася ад камэнтароў і папрасіла не турбаваць бабулю, бо яна можа ня вытрымаць чарговых размоваў пра загінулую дачку.
Пасьля сьмерці Алены Кудзеркі на цукровы завод запрасілі працаваць ейную дачку Ірыну. Дзяўчына пагадзілася. У Алены засталіся таксама муж і сын.
Толькі сям’ю Ліліі Ямант нам не ўдалося адшукаць. Кажуць, што ейная дачка Дзінара зьехала за мяжу — не змагла заходзіць у кватэру, дзе ўсё нагадвала пра маці.
Цэх адрамантавалі, выцяжку пачысьцілі
Цэх пакаваньня і фасоўкі адразу пасьля здарэньня закрылі. Яго адрамантавалі; кажуць, што пачысьцілі і сыстэму асьпірацыі. Цяпер ён зноў працуе, хоць пыл там усё ж ёсьць.
Сайт «Белорусский партизан» яшчэ ў 2013 годзе публікаваў фатаздымкі з горамі цукру на скідзельскім заводзе. Тады ж адзначалася, што цукровая пудра выбухованебясьпечная.
Адна з супрацоўніц заводу расказала Свабодзе, што раней упакоўшчыцы мусілі прыбіраць у цэху самі.
«Дзяўчат было вельмі шкада. Яны столькі тон цукру загрузяць у мяшкі, а потым яшчэ зь венікамі і шуфлікамі колькі навозяць гэтага пылу», — тлумачыць жанчына.
Вядома, што цяпер у цэху прыбіраюць адмысловымі машынамі. Яны былі закупленыя яшчэ да здарэньня. Але ці выкарыстоўвалі іх раней, высьветліць не ўдалося.
Прыбіральніца гэтай тэрыторыі кажа, што стала «цудоўна, чыста». Хоць і не адмаўляе, што пыл ёсьць.
«Купіце кіляграм цукру, прыйдзіце дадому і высыпце яго ў цукарніцу тры разы запар. Што ў вас будзе на стале?», — разважае яна.
Пасьля трагедыі амаль ніхто ня звольніўся
Пасьля трагедыі ўсе або амаль усе работніцы засталіся працаваць на сваіх месцах, хоць кажуць, што ім было страшна. На зьмене на фасоўцы ў мяшкі працуе каля дзесяці чалавек. Многія зь іх сталага ўзросту, блізка да пэнсіі.
А куды пайсьці, дзе яшчэ ты заробіш 600 рублёў?
«А куды пайсьці, калі людзі са стажам? Дзе яшчэ ты заробіш 600 рублёў? Хто ў крэдыце, хто ў разводзе, хто адзінокі. Большасьць безь сям’і. Такі ўзрост, што нікуды цябе ня возьмуць», — тлумачыць адна з супрацоўніц заводу.
З другога боку, тыя, хто 25 гадоў прапрацаваў на адным месцы і ў іх адзіны запіс у працоўнай кніжцы, таксама ня хочуць мяняць працу.
Дарэчы, у Скідзелі працуе шэраг прадпрыемстваў: агракамбінат, птушкафабрыка ў яго складзе, завод мэдычных прэпаратаў, завод жалезабэтонных вырабаў, калгас.
Цукровы завод скончыў мінулы год як стратнае прадпрыемства.
«У цэху на гадавіну стварылі „сьцяну плачу“ — павесілі дошку ў памяць аб загінулых жанчынах. Работніцы былі ў трансе: тут забыць не забудзеш, а яшчэ такі напамін», — кажуць на заводзе.
«Людзі спадзяваліся, што проста так гэтага не пакінуць»
Чаму адбылася трагедыя, дагэтуль невядома. Яшчэ ідзе сьледзтва.
Жыхары Скідзеля хвалююцца, што справа зь нейкіх прычын можа не дайсьці да суду, перажываюць, ці не паўторыцца падобны выбух на заводзе.
«Людзі спадзяваліся, што проста так гэтага не пакінуць. Год прайшоў, а ўсё такая ж цішыня. Калі такое здарэньне „замнуць“, то на якое правасудзьдзе тады можна разьлічваць?», — кажуць скідзельцы.
Некаторыя мяркуюць, што расьсьледаваньне можа цягнуцца некалькі гадоў.
Нягледзячы на тое, што затрыманых было трое, у скідзельцаў засталася крыўда толькі да былога начальніка цэху Ўладзімера Малашэвіча.
Калі асноўны фігурант разгульвае па горадзе беспакарана, пра што можна гаварыць?
«У Малашэвіча нават не схілілася галава, каб папрасіць прабачэньня ў дзяцей і маці загінулых», — кажа адзін з родных з пацярпелага боку.
«У нас народ ужо ні на што не спадзяецца. Калі асноўны фігурант разгульвае па горадзе беспакарана, пра што можна гаварыць?» — кажа пра былога начальніка цэху яшчэ адна жанчына.
«Чаму вы людзей дапытваеце?»
У двух пяціпавярховіках на Першамайскай вуліцы Скідзеля жыве шмат «заводзкіх». Туды мы накіроўваемся ў канцы падарожжа па Скідзелі.
Супрацоўніцы заводу пасьля працоўнага дня сядзяць на лавачках, гутараць. Кажуць, нібы за тэрыторыяй камбінату іх прасілі не «адкрываць рот». Але пагаджаюцца расказаць, як жыве завод пасьля трагедыі.
Раптам да нас падбягае худы мужчына сярэдняга ўзросту і перарывае гутарку.
«А хто ўвогуле цікавіцца? Вы хто такія, я не магу зразумець? Чаму вы людзей дапытваеце?», — нэрвуецца ён.
«Ніхто не дапытвае», — спакойна адказваюць жанчыны з лавачкі.
Яны падказваюць, што гэта кіроўца дырэктара цукровага заводу.
«Мяне Юра завуць. Я дырэктара важу», — прадстаўляецца ён.
Не адыходзячы далёка, мужчына тэлефануе, мяркуючы па словах, дырэктару і ўзбуджана паведамляе, што ў двор завіталі нейкія людзі і пра нешта пытаюцца ў мясцовых.
У падтрымку яму выбегла яшчэ высокая жанчына. Яна працуе акурат у тым самым цэху ўпакоўкі, як пасьпяваюць падказаць нашыя суразмоўцы.
«Хто вы такія? Вы ня маеце права хадзіць і зьбіраць інфармацыю, якая вас не датычыць. На якой падставе вы ходзіце і распытваеце? Значыць, будзем рэагаваць па-іншаму», — раззлавана кажа яна і кудысьці зьбягае.
На дзею з ганка шматпавярховіка маўкліва пазірае сталы мужчына, заклаўшы рукі ў кішэні штаноў.
«Трыццаць сёмы год, — спакойна кажа ён. — Калі вы ведаеце гісторыю».
Кіраўніцтва заводу: «Цукровы камбінат — узорнае прадпрыемства»
Намесьнік генэральнага дырэктара па ідэалёгіі і сацыяльных пытаньнях Скідзельскага цукровага камбінату Аляксандр Пазнанскі пацьвердзіў Свабодзе, што прычыны выбуху пакуль назваць нельга.
«Тое, што адбылося, — вялікая трагедыя. Такое ў сьвеце было толькі некалькі разоў. Ад чаго гэта адбылося, ніхто ня ведае. Калі было б нейкае парушэньне, адразу б выяўвілі», — кажа ён.
Ад чаго гэта адбылося, ніхто ня ведае
Паводле намесьніка генэральнага дырэктара, цукровы камбінат — узорнае прадпрыемства, на якім заўсёды ўсё было акуратна і адладжана, дзе добры калектыў.
На пытаньне, ці палепшылася сытуацыя на заводзе, кажа, што яна і не была кепскай. Маўляў, сыстэма асьпірацыі не была забітая, добра працавала. На прадпрыемстве прыбіраньне аўтаматызаванае, але недзе трэба прыбіраць і ўручную.
Аляксандр Пазнанскі паведаміў, што за кошт заводу былі арганізаваныя пахаваньні памерлых жанчын і памінальныя сталы, пастаўленыя помнікі на магілах, таксама іхным сем’ям выплачаны сярэдні заробак за дзесяць гадоў.
Сьледчы камітэт: блізіцца завяршэньне сьледзтва
Сёлета ў сакавіку Сьледчы камітэт паведамляў, што самаўзгараньне цукровага пылу адбылося праз парушэньні правілаў пажарнай бясьпекі з прычыны вялікай яго колькасьці.
Прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова cказала Свабодзе, што расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца і выходзіць на завяршальную стадыю.
«Цяпер мы аналізуем высновы экспэртных дасьледаваньняў. У цэлым экспэртыза праведзеная, працуем з экспэртамі, дапытваем іх. Што тычыцца абвінавачаных, то ранейшая інфармацыя актуальная — абвінавачаньне прад’яўлена тром асобам», — паведаміла Ганчарова.