Беларусь і Расея могуць давесьці ўзаемны таваразварот да 50 млрд даляраў пры ўмове росту нацыянальных эканомік на 7-8% штогод. Паводле аптымістычнага сцэнару, гэта можа здарыцца ў 2025 годзе.
Так пракамэнтаваў журналістам эканамічныя пэрспэктывы Масквы і Менску амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч.
Дабраць 18 мільярдаў даляраў за 7 гадоў
Бабіч падкрэсьліў, што адной са стратэгічных задач у міждзяржаўных адносінах ёсьць пашырэньне інтэграцыі ў эканамічнай сфэры.
«Прэзыдэнтамі пастаўленая задача зрабіць усё дзеля разьвіцьця інтэграцыі, асабліва ў сфэры праектаў з высокай даданай вартасьцю. Цяпер ідзе выпрацаваньне сумесных плянаў, у тым ліку ў разрэзе стратэгічных галінаў» — цытуе Бабіча «Інтэрфакс».
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, прызначаючы ў канцы жніўня Міхаіла Бабіча амбасадарам у Беларусь, паставіў перад ім задачу садзейнічаць росту таваразвароту паміж краінамі да 50 млрд даляраў. Летась таваразварот Беларусі і Расеі склаў 32 млрд. Іншымі словамі, за 7 гадоў неабходна дадаць 18 мільярдаў даляраў.
Нафтагазавая стабільнасьць да канца 2019 году
Расея захавае для Беларусі раней узгодненую цану газу ў 2018–2019 гадах і пералічэньне ў беларускі бюджэт экспартнага мыта на нафту, запэўніў Міхаіл Бабіч. Паводле яго, мэханізмы кампэнсацыі таксама застаюцца, зьмены не прадугледжваюцца.
«Усе выплаты ў беларускі бюджэт, якія неабходна зрабіць, будуць пераведзеныя», — адзначыў ён.
Што будзе пасьля 2019 году, расейскі амбасадар не ўдакладніў.
Летась у красавіку было дасягнута пагадненьне, што цана на газ для Беларусі ў 2018–2019 гадах складзе 127 і 129 даляраў за тысячу кубамэтраў адпаведна. У якасьці мэханізму субсыдаваньня прадугледжана пералічэньне ў беларускі бюджэт экспартнага мыта на нафту з аб’ёму 6 млн тон.
Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Расея не выконвае гэтых абавязаньняў у поўным аб’ёме. Гэтае пытаньне абмяркоўвалася і падчас перамоваў кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў у Сочы 21 верасьня.
Паводле Бабіча, у наступным годзе аб’ём паставак нафтапрадуктаў з Расеі ў Беларусь павялічыцца на 10–15% да 2018 году, піша ТАСС. Перамовы па аб’ёмах паставак цяпер завяршаюцца, дадаў ён, і «ў выпадку абгрунтаванага павелічэньня спажываньня нафтапрадуктаў гэтыя балянсы могуць пераглядацца на працягу года».
«Цана на газ ўсталяваная на 2018 і 2019 гады, пагадненьне падпісанае, яна захаваецца, — дадаў Бабіч. — Мэханізмы кампэнсацыі працуюць і ня будуць зьмененыя».
Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
- Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
- У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
- Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн.
- У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
- 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.