Горадня, станцыя шынамантажу. Мэханік зьмяняе на маім аўтамабілі апоны на сэзон, я сяджу ў залі, а з тэлеэкрана на сьцяне трансьлюецца нейкая расейская перадача.
Раптам спадарыня-прыёмшчыца пачынае абурацца на тэлевізар: маўляў, зусім падурэлі з гэтымі законамі, ужо ўвялі рэгістрацыю падводаў з канём. «Эй, спадарыня — кажу, — прачніцеся! Гэта ж іншая краіна!» Тая трохі задумалася, наморшчыла лоб, потым нібы ўспомніла: «А, ну так».
«Вось яна — мэнтальная акупацыя!» — думаю. Штодзённае, штогадзіннае, штохвіліннае ўліваньне ў мазгі беларусам па ўсёй краіне праз тэлескрыню магутнага пасылу — мы ў Расеі. Вельмі падобна, як нас вучылі ў савецкія студэнцкія часы на гістфаку БДУ, маўляў, беларускія землі былі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага чыста фармальна, а фактычна ніколі ня страчвалі сувязі з расейскім народам і ўсё чакалі, калі той вызваліць браткоў-беларусаў ад прыгнёту летувіскіх ды польскіх паноў.
Нацыянальная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь будуецца так, каб можна было пражыць у ёй жыцьцё і не сутыкацца ні зь беларускай мовай, ні зь беларускай культурай. У школе яшчэ ёсьць асобнымі прадметамі беларуская мова зь літаратурай. Пры БССР ад вывучэньня беларускай мовы можна было вызваліцца «па стане здароўя», у лукашэнкавай Беларусі — гэта самы халяўны прадмет з прымітыўнымі патрабаваньнямі. Мае дочкі выйгравалі алімпіяды без асаблівай падрыхтоўкі толькі таму, што зь беларускамоўнай сям’і. А каб стварыць беларускамоўную клясу, трэба зьбіраць подпісы бацькоў. У любой іншай краіне гэта норма для нацыянальнай меншасьці, а ў Беларусі — для загнанай у меншасьць тытульнай нацыі.
Надта ж усё гэта выглядае на прадуманую сыстэму. Беларусы аточаныя расейшчынай штодзённа, штогадзінна, нават штохвілінна. Пра гэта нехта старанна дбае. Расейская папса паўсюдна, хоць ёсьць спосабы ад яе пазбыцца, напрыклад, як у Літве, дзе проста стварылі сваю, у тым ліку празь пераклады. Пільнуецца, каб усе масавыя праявы грамадзкага жыцьця абавязкова былі па-расейску. Прыбралі беларускую мову з прамысловых і харчовых тавараў, найперш на дзяржаўных прадпрыемствах. Успомніце, якая была баталія ў 2014 г., калі да чэмпіяната сьвету па хакеі, урбанонімы ў Менску трансьляваліся на ангельскую па-беларуску. Адстаялі, але адзін з галоўных адэптаў трансьляцыі з расейскай сёньня — міністар адукацыі.
Нават да беларускай «Калыханкі» былі дабраліся, каб выкінуць зь яе песьню Бураўкіна з Раінчыкам. Пакуль не ўдалося, але мульцік у канцы самай папулярнай перадачы многіх пакаленьняў беларусаў — абавязкова па-расейску, без дубляжу.
У Расеі ўвялі новую форму ў паліцыі, адразу падобную ўводзяць у Беларусі. Там стварылі Сьледчы камітэт — і ў нас неўзабаве зьявіўся. Ну і, вядома, тэлевізія расейская ў Беларусі безь перапынку паказвае, што робіцца дзе-небудзь у Тамбове ці на Далёкім Усходзе — хто каго зарэзаў, хто што ўкраў. Адмыслова сумесную тэлевізію стварылі пад назвай ОНТ ("общенациональное телевидение" — якой нацыі?). А яшчэ ў 1995 г. правялі кампанію вычышчэньня беларускай тэлекампаніі ад нацыянальных кадраў, папрывозіўшы на іх месца кадры з расейскай правінцыі.
Вось і фармуецца ў галовах простых беларускіх грамадзянаў, якіх, як вядома, большасьць, уражаньне прысутнасьці ў адзінай расейскай дзяржаве. Сапраўдная новая форма гібрыднай вайны — мэнтальная акупацыя. Таму ніхто з разумных людзей і ня верыць, што пры акупацыі фізычнай беларускае войска дасьць хоць нейкі адпор (хаця б адзін дзень, як Данія Гітлеру).
У Расеі маецца даўняя традыцыя імпэрскай палітыкі, захаваныя адпаведныя структуры і кадры, якім трэба ж нечым займацца, хоць імпэрыі ўжо і няма. А тут пад бокам даўняя калёнія, на якой можна ўсё выпрабаваць. І выглядае на тое, што для нас выбралі варыянт ціхай, псыхалягічнай, мэнтальнай акупацыі. Цікава, колькі заплянавана часу на тое, каб сярэдняя па памерах эўрапейская краіна сасьпела і ўпала ў расейскія далоні-абдымкі?! Думаю, і назва апэрацыі даўно прыдуманая. Напрыклад, як вам такая: «Операция «Спелое яблоко»?
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.