Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія памежнікі распавялі, колькі зброі сканфіскавалі ў 2018 годзе


Архіўнае фота. Аляксандар Лукашэнка падчас візыту на памежную заставу «Дзівін» 1 ліпеня
Архіўнае фота. Аляксандар Лукашэнка падчас візыту на памежную заставу «Дзівін» 1 ліпеня

Росту колькасьці сканфіскаванай зброі ў параўнаньні з 2017 годам памежнікі не зафіксавалі. Пры гэтым Лукашэнка загадаў узмацніць кантроль на мяжы з Укріанай менавіта праз кантрабанду зброі.

Аляксандар Лукашэнка 24 верасьня на сустрэчы зь дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі Станіславам Засем і старшынём Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатолем Лапо заявіў пра неабходнасьць умацаваць беларуска-ўкраінскую мяжы. Гэты крок ён абгрунтаваў патрэбай спыніць нелегальны перавоз зброі.

Свабода спытала ў Памежным камітэце, колькі незаконна перавезенай зброі было сканфіскавана на мяжы з Украінай у 2018 годзе.

110 адзінак зброі і 1200 боепрыпасаў

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі назваў агульную лічбу выяўленай на мяжы і сканфіскаванай памежнікамі зброі, якую спрабавалі нелегальна перавезьці.

«У 2018 годзе на мяжы было выяўлена і сканфіскавана 110 адзінак зброі і больш за 1200 боепрыпасаў. Гэта меней за 2017 год, што сьведчыць пра пільнейшую працу беларускіх памежнікаў і лепшае супрацоўніцтва з калегамі з суседніх краін», — сказаў Антон Бычкоўскі.

Асобна зьвестак зь беларуска-ўкраінскай мяжы палкоўнік Бычкоўскі не назваў.

Павялічыцца штат памежнікаў, але невядома, наколькі

Антон Бычкоўскі заявіў, што захады дзеля выкананьня задачы ўзмацненьня беларуска-ўкраінскай мяжы плянуецца рэалізаваць да канца 2018 году, і гэтая праца ўжо пачалася.

Паводле Бычкоўскага, рашэньні ўзмацніць беларуска-ўкраінскую мяжу цяпер знаходзяцца «ў стадыі прапрацоўкі», і пакуль немагчыма дакладна адказаць на пытаньне пра павелічэньне там штату супрацоўнікаў.

«Мы зыходзім са словаў кіраўніка дзяржавы: наколькі будзе патрэба, настолькі і павялічаць штатную колькасьць памежнай службы Беларусі. Дакладна сказана, што гэта адбудзецца праз пераразьмеркаваньне ў сілавых ведамствах. То бок агульная колькасьць штатных адзінак у сілавым блёку не павялічыцца, але частка зь іншых ведамстваў будзе перададзеная памежнікам. У залежнасьці ад патрэбаў і тых умоваў, якія фармуюць выклікі і пагрозы».

На мяжы зьявяцца манэўраныя групы

Як сказаў Свабодзе Антон Бычкоўскі, у штат тэрытарыяльнай памежнай службы (гэта памежныя атрады і памежныя групы) вернуць манэўраныя групы колькасьцю ад 60 да 80 чалавек.

«Гэта такія рэзэрвы камандзіра памежнага атраду ці групы, якія ён можа выкарыстоўваць на розных кірунках у сувязі са зьменамі сытуацыі на дзяржаўнай мяжы», — патлумачыў Бычкоўскі.

Паводле яго, манэўраныя групы зьявяцца па ўсёй ахоўванай мяжы Беларусі, але найперш на ўкраінскім адрэзку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG