Правапарушэньні «ў любым выпадку ёсьць» з боку «бязьвізавых» турыстаў, але колькасьць парушэньняў нязначная. З расейскіх калег беларускія праваахоўнікі стараюцца «зьняць заклапочанасьць» у гэтым пытаньні.
Начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Аляксей Бягун расказаў у перадачы «Контуры» на дзяржаўным тэлеканале АНТ пра паводзіны ў Беларусі «бязьвізавых» турыстаў — тых, якія прыбываюць праз нацыянальны аэрапорт і маюць 30 дзён бязьвізавага знаходжаньня па ўсёй краіне, і тых, якія маюць «лякальныя бязьвізы» ў Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях.
Паводле Бегуна, больш за 200 тысячаў іншаземцаў пабывалі ў Беларусі па «бязьвізе». Лібэралізацыя візавага рэжыму, адзначыў ён, не пацягнула за сабой рост злачыннасьці, хоць правапарушэньні «ў любым выпадку ёсьць».
У канцы ліпеня Бягун паведамляў, што за паўтара года «бязьвізам» скарысталіся 140 тысяч іншаземцаў — і толькі два зь іх прыцягваліся да крымінальнай адказнасьці. Усяго на той момант 1400 «бязьвізавых» турыстаў парушылі беларускія законы (найчасьцей гэта дробнае хуліганства або парушэньне правілаў расьпіваньня алькаголю).
Бягун таксама папракнуў Эўропу ў тым, што там «праблемы нелегальнай міграцыі практычна не вырашаюцца», а нелегальна праехаць у Эўразьвяз празь Беларусь спрабуе шмат людзей. Беларускім праваахоўнікам, кажа ён, даводзіцца прыкладаць «вельмі вялікія высілкі» для выяўленьня нелегальных мігрантаў і каналаў нелегальнай міграцыі.
Беларускія праваахоўнікі, дадаў Бягун, супрацоўнічаюць з расейскімі, каб «зьняць у іх заклапочанасьць з нагоды магчымасьці пранікненьня гэтай катэгорыі асобаў у Расейскую Фэдэрацыю» і «маніторыць асабістыя зьвесткі» тых асобаў, якія перасякаюць мяжу.
Пытаньне перасячэньня іншаземцамі беларуска-расейскай мяжы абмяркоўвалася ў тым ліку на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным 21 верасьня, бо для грамадзянаў трэціх краінаў «узьнікаюць цяжкасьці» — Лукашэнка паабяцаў, што ў пытаньні будуць разьбірацца, «разуменьне ў гэтым ёсьць», бо гэта «ў інтарэсах і Расеі, і Беларусі».