Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Турысты літаральна поўзаюць па Беларусі і вельмі задаволеныя». Лабадзенка раіць, што паказаць замежніку


Пячора Цмока, вёска Сахновічы, Глыбоччына
Пячора Цмока, вёска Сахновічы, Глыбоччына

Тэрмін бязьвізавага знаходжаньня замежных грамадзян у Беларусі павялічаны да 30 сутак пры ўмове іх уезду ў краіну і наступнага выезду празь дзяржаўную мяжу ў Нацыянальным аэрапорце «Менск».

Аўтары ўказу разьлічваюць, што ён паспрыяе разьвіцьцю турызму ў Беларусі, добра адаб’ецца на эканоміцы і гаспадарчых сувязях зь іншымі краінамі, прывабіць у Беларусь міжнародныя форумы, канфэрэнцыі, фэстывалі і спартовыя спаборніцтвы.

Ці так станецца? Калі не, то чаму? І што варта зрабіць у краіне, каб «бязьвіз» адкрываў Беларусь на сьвет і прыносіў дзяржаве грошы? Чым можа прывабіць Беларусь замежнага турыста? Пра гэта Свабода размаўляе з грамадзкім дзеячам і папулярызатарам турызму ў Беларусі Глебам Лабадзенкам.

Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка

— Я пабачыў жарт, што па рэакцыі ў сацсетках можна зрабіць выснову, што «бязьвіз» увялі не для іншаземцаў, а для беларусаў у ЭЗ. Настолькі эўфарычна ўсе гэта сустрэлі. Але былі і тыя, хто называў гэта шырмай. Як вы ацэньваеце пашырэньне «бязьвізу»?

— Я вітаю гэта аплядысмэнтамі. Калі ўвялі 5-дзённы «бязьвіз», то я ўпершыню яўна пабачыў іншаземцаў на вуліцах Менску. Падыходзяць людзі, на розных мовах пытаюцца, як прайсьці туды і туды, паказваюць мапу, просяць нешта патлумачыць. Да гэтага сапраўды было адчуваньне, што мы жывём за жалезнай заслонай. Быў кароткі пэрыяд, калі на чэмпіянат сьвету па хакеі сюды прыехала вельмі шмат іншаземцаў. Я чакаў, што гэты тэрмін павялічаць. Можна, вядома, наракаць, што было б лепш, каб зрабілі ўезд і праз наземныя памежныя пераходы, а лепш, каб скасавалі рэгістрацыю ў міліцыі. Але я займаю такую пазыцыю, што калі ўчора гэтага не было, а сёньня ёсьць, то гэта, безумоўна, крок наперад.

— Крытыкі гэтага рашэньня крытыкуюць нават ня сам факт, а тое, што іншаземцам, турыстам, узамен амаль нічога не прапануецца. Прыяжджайце, маўляў, і ўжо неяк самі паспрабуйце дбаць пра камфорт, бо мы інфраструктуры гарантаваць ня можам.

— Так хіба кажуць людзі, якія не ўстаюць з-за кампутара. Я аб’ехаў усю Беларусь і працягваю гэта рабіць, таму што Беларусь бясконцая і бязьмежная. За апошнія гады зьявіліся і добрыя запраўкі, дзе можна выпіць кавы і гарбаты, і нават душ прыняць. І гатэлі добрыя зьявіліся, ня толькі ў Менску, але ў абласных і раённых цэнтрах, нават у мястэчках. І кавярні адкрываюцца. Мне ня сорамна вазіць сёньня іншаземцаў па Беларусі. Часам прыяжджаюць беларусы, якія ўжо колькі гадоў жывуць за мяжой, мы сядаем у аўтамабіль і едзем вандраваць. Абсалютна ня сорамна. Так, хапае яшчэ савецкіх перажыткаў. У Нясьвіжы вам могуць загарнуць піражок у прамасьленую і брыдкую паперку. Але крокі наперад ёсьць, і мяне гэта радуе.

Надмагільле Соф'і Патоцкай 1880-х, Рось
Надмагільле Соф'і Патоцкай 1880-х, Рось

— Вы возіце турыстаў на радзіму Васіля Быкава ў Бычкі. Ці ёсьць там дзе пайсьці ў нармальную прыбіральню і нешта зьесьці?

— Канкрэтна ў Бычках не. І шмат-шмат дзе яшчэ. Калі турысты прыедуць у Беларусь дзікунамі, то многіх зь іх будзе чакаць шок. Калі я вязу экскурсію на цэлы дзень, то я наперад пляную, у якіх пунктах людзей можна везьці ў прыбіральню, а дзе лепш гэтага не рабіць. Не на кожным кроку ёсьць добры сэрвіс, гэта яшчэ нашая асаблівасьць. Але экскурсаводы, якія, як я, ня першы год працуюць, лёгка вырашаюць гэтыя пытаньні. Я б засьцярог людзей ад таго, каб ехаць у Беларусь дзікуном. Па-першае, не пабачыш нічога цікавага. Афіцыёзныя турыстычныя цікавінкі рабілі людзі, якія самі, відаць, не паезьдзілі па эўропах. Яны не разумеюць, што гэтых замкаў, старых будынкаў у Эўропе хоць гаць гаці. У Эўропе іх на адной вуліцы столькі, колькі ў нас на цэлы Менск. Добра, што гэтыя адрэстаўраваныя замкі ў нас ёсьць, але, бадай, эўрапейцаў гэтымі двума замкамі не прывабіш.

Сар'я, пахавальня Лапацінскіх
Сар'я, пахавальня Лапацінскіх

— Дык калі турыст мае тысячу замкаў у Чэхіі, тысячу палацаў у Польшчы, то што можа прывабіць яго прыехаць у Беларусь? Пасьля артыкулаў у прэсе пра аўтарытарызм, арышты ды яшчэ з патрэбай рэгістравацца недзе ў міліцыі.

— Многія людзі, якія сюды едуць, яны едуць у запаведнік савецкага часу. Я сутыкаўся з тым, што іншаземцам цікава паглядзець на нейкія рудымэнты. У Расею ім ехаць зусім страшна, а вось у Беларусь на пару дзён можна. Мне б хацелася, каб людзі сюды ехалі па іншае. Каб людзі ехалі ў краіну, якая мае 1200 гадоў эўрапейскай гісторыі. Людзі, народжаныя ў гэтай краіне, або зьвязаныя зь ёю, перавярнулі сусьветную гісторыю. Пачынаючы з XVI стагодзьдзя, калі Радзівілы задалі моду запрашаць архітэктараў з Заходняй Эўропы, да нас павалілі архітэктары з Італіі, Нямеччыны, Францыі і Бэльгіі. У нас ёсьць дзясяткі будынкаў, на прыкладзе якіх можна ў адной Беларусі паказаць усю эўрапейскую архітэктуру. Калі прыедзе турыст з Даніі, то я яму раскажу, што ўнучка Глеба Менскага Соф'я выйшла замуж за дацкага караля Вальдэмара І. Адзінаццаць яе нашчадкаў былі каралямі. Хай той турыст рот разявіць, паслухаўшы такую інфармацыю. А яе дачка, Інгэборга, была каралеваю Францыі.

Касьцёл у Ішкальдзі
Касьцёл у Ішкальдзі

Палякам пакажам, дзе нарадзіўся і быў пахаваны кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Пакажам, дзе нарадзіліся Касьцюшка, Міцкевіч; мясьціны, зьвязаныя з Манюшкам, Агінскім. Якую краіну не вазьмі, мы знойдзем кагосьці, зьвязанага зь Беларусьсю. Гэта цікава. Калі я прыяжджаю ў Рым, то мне цікава, які сьлед там маглі пакінуць беларусы. Прыедзе француз, а ў нас тут два тузіны месцаў, дзе ваш Напалеон начаваў і нават дзень народзінаў у Віцебску адзначаў. Тут жа ён прыняў фатальнае рашэньне ісьці на Маскву перад зімой. Для кожнага эўрапейца мы знойдзем нешта цікавае.

— Паслухаць пра гісторыю яны могуць і падкасты, або пачытаць кнігі. Хочацца пабачыць цікавае і адчуць камфорт. Магчыма, дзяржава павінна падысьці да гэтага комплексна.

— Ня трэба спадзявацца толькі на дзяржаву. Ёсьць прыватныя ініцыятывы, ёсьць турыстычныя кампаніі. Я супрацоўнічаю з кампаніяй «Віаполь», возячы экскурсіі. Толькі на травеньскія сьвяты яны за адныя выходныя прынялі 45 аўтобусаў іншаземцаў. Каб тут ужо сапраўды не было на што паглядзець і куды пайсьці ў прыбіральню, ну ня ехалі б сюды замежнікі ў такой колькасьці. Ня трэба чакаць, што нехта выйдзе з райвыканкаму і павядзе турыстаў па маршрутах з экскурсіяй. Ёсьць процьма фірмаў, гідаў. Калі прыехаць дзікуном, то можа быць расчараваньне, бо трэба ведаць, куды ісьці, куды паехаць. Многіх іншаземцаў уражвае прырода. Уражвае Палесьсе, мясьціны, якія папулярызуе Сяргей Плыткевіч, заказьнікі, запаведнікі. Нюанс у тым, што трэба ведаць, куды паехаць і дзе паесьці. Гэтая інфармацыя інтуіцыйна недасяжная. У гэтым кірунку яшчэ працаваць і працаваць. На асноўных трасах ёсьць ужо неблагі сэрвіс, а як толькі зьяжджаеш у бок, то пачынаюцца прыгоды. Ну дык трэба рыхтавацца да паездкі ў цэнтар Эўропы.

Узда. Капліца-пахавальня Завішаў на каталіцкіх могілках
Узда. Капліца-пахавальня Завішаў на каталіцкіх могілках

— А што ёсьць галоўнай перашкодай для турыстаў яшчэ нават на ўзроўні плянаваньня такой паездкі?

— Стрымлівае дэзынфармацыя. Пра Беларусь у цывілізаваным сьвеце пішуць адзін раз на пяць гадоў, калі праходзяць выбары. І пішуць, што былі выбары, іх прызналі незаконнымі, АМАП зьбіў людзей. Я сутыкаюся з тым, што нашыя найбліжэйшыя суседзі, палякі і літоўцы, зь якімі мы жылі ў адным княстве, абсалютна нічога ня ведаюць пра Беларусь. Яны чулі толькі тое, што тут хапаюць і зьбіваюць людзей на вуліцах. Я бачыў палякаў, якія прыяжджаюць у Беларусь напружанымі, ці нас тут выпадкова не заб’юць, а зьяжджаюць усьцешаныя і расслабленыя. Вядома, калі б яны прыехалі падчас выбараў ці на Дзень Волі, то было б пра што пагаварыць. Я яшчэ ня бачыў людзей, якія б расчараваліся, прыехаўшы ў Беларусь, якія б пашкадавалі. Мне прыемна, што кожны знаходзіць тут нешта цікавае. Хто прыроду, хто архітэктуру, хто людзей, камусьці падабаецца савецкая спадчына.

Сядзібная брама ў Падароску
Сядзібная брама ў Падароску

— А які ваш супэртур для замежнага турыста? Што б вы самі паказалі, каб чалавек адчуў і дух, і прыроду, і гасьціннасьць, і гісторыю Беларусі?

— У сваіх экскурсіях я намагаюся абыходзіць папсовыя месцы. Да Міру і Нясьвіжу, дзе, безумоўна, варта пабываць і іншаземцу, і беларусу, людзі дабяруцца і безь мяне. Я стараюся вышукваць месцы, ад якіх бы людзі ахнулі і зьдзівіліся. Праз два тыдні я павязу экскурсію ў бок Глыбокага. Мы пабачым унікальную барочную браму той сядзібы, дзе ўзгадаваўся Ігнат Дамейка. Такая ж брама ёсьць толькі ў Вільні. Мы пабачым драўляную царкву, якой 400 гадоў, барабан якой нахіліўся, як Пізанская вежа. Мы паедзем у Глыбокае, спусьцімся зь ліхтарыкамі ў самае вялікае ў Беларусі храмавае падзямельле. Паглядзім, дзе былі пахаваньні манахаў, паходзім, сагнуўшыся, па закуточках. Уздымемся на вежу, дзе 200 гадоў таму стаяў Напалеон, бо ён тыдзень правёў у Глыбокім, і ёсьць руіны кляштару, дзе ён начаваў. А кульмінацыяй нашай экскурсіі стане адзіная ў Беларусі пячора, якая называецца Цмокава. Яна знаходзіцца паблізу вёскі Сахновічы на беразе трэцяга па глыбіні возера Беларусі Гінькава. І людзі, прайшоўшы 1,5 км па беразе возера, па цудоўным лесе, лягуць на зямлю і папаўзуць у гэтую пячору. Турысты літаральна поўзаюць па Беларусі і вельмі задаволеныя. Бо туды можна толькі запаўзьці, атрымаўшы зьменную вопратку для турыстаў. І ў той пячоры, седзячы зь ліхтарыкам, я яшчэ незадаволеных турыстаў ня бачыў ані разу.

У Пячоры Цмока
У Пячоры Цмока

— А што не задавальняе вас як чалавека, які возіць турыста па краіне?

— Недастатковасьць інфраструктуры па-за асноўнымі трасамі. Часам сорамна. Я гэта адчуваю найбольш, бо вязу турыстаў па непатаптаных сьцяжынах, па мястэчках і вёсках. Але ўсё гэта кампэнсуецца нашымі цудоўнымі людзьмі. Куды б мы ні прыехалі, у царкву, касьцёл ці вёску, выходзіць сьвятар або бабулька, і пачынаюцца такія гісторыі, што турысты таюць ад іх. Таму побатавыя рэчы — гэта галоўны мінус. Але ўсё ня так страшна і безнайдзена, як часам здаецца камэнтатарам у інтэрнэце.

Возера Плоскае, Палесьсе
Возера Плоскае, Палесьсе

— А як бы гучала рэкляма Беларусі для замежнага турыста ў вашым выкананьні?

— Беларусь — гэта Эўропа, якой вы яшчэ ня бачылі. Я ня раз лавіў сябе на думцы, вандруючы па розных краінах Эўропы, што ў пэўны момант усе гэтыя гарады і вулачкі, замкі, старыя будынкі, пачынаюць для мяне зьлівацца ў адно цэлае. Беларусь доўгія стагодзьдзі была абсалютна ў эўрапейскім кантэксьце. Калі празь некалькі гадоў пасьля зьяўленьня першага ў сьвеце барочнага храма ў Рыме такі ж самы барочны храм зьяўляецца ў Нясьвіжы. Радзівілы мелі палацы ў сямі эўрапейскіх краінах і ўсё гэта было адной прасторай, а Станіслаў Радзівіл ажаніўся ў Амэрыцы з роднай сястрою Жаклін Кенэдзі. Гэта ўсё агульная прастора, ад якой мы пасьля былі штучна адарваныя. Але выкінуць Беларусь з Эўропы немагчыма. Магчыма проста ня ведаць пра гэта. Беларусь — гэта не запаведнік СССР, ня джунглі, дзе на вас кінецца мядзьведзь. Прыехаўшы ў Беларусь, вы прыедзеце ў Эўропу, якой вы яшчэ ня бачылі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG