«Асноўная частка перамоў была сам-насам з прэзыдэнтам Расеі. Перамовы доўжыліся шэсьць гадзін, нават больш. І калі шчыра, то гэта былі нават не складаныя, а цяжкія перамовы. Але дзейсныя», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
У фармаце сам-насам абмяркоўваліся палітычныя пытаньні, узаемаадносіны Расеі і Беларусі ў межах ЭАЭС, СНД, АДКБ і далейшае будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, распавёў Лукашэнка 22 верасьня на нарадзе з урадоўцамі.
«Думаю, што гэтыя пытаньні будуць яшчэ абмяркоўвацца перш за ўсё ў Душанбэ праз тыдзень (на саміце СНД). Ну і не абыдзем мы іх 12 кастрычніка ў Магілёве падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі, на якім будуць абодва прэзыдэнты і кіраўнікі ўрадаў», — дадаў ён.
Лукашэнка таксама адзначыў, што Беларусь і Расея дамовіліся на працягу тыдня выпрацаваць плян узаемных паставак сельгаспрадукцыі.
«Нямала ўвагі надалі пытаньню разьвіцьця сельскай гаспадаркі і вядомых узаемных прэтэнзій па пастаўках беларускай сельгаспрадукцыі ў Расею. Тут ёсьць поўнае разуменьне. Мы прыйшлі да высновы, што літаральна на працягу тыдня будзе выпрацаваны індыкатыўны балянс, гэта значыць плян узаемных паставак сельгаспрадукцыі. Гэта галоўнае», — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама заявіў, што Беларусь і Расея выпрацавалі два варыянты вырашэньня пытаньняў з «перетаможкой» і пастаўкай цёмных нафтапрадуктаў.
«Самае галоўнае пытаньне, якое абмяркоўвалася, было зьвязана зь вяртаньнем грашовых сродкаў ад „ператаможкі“ сырой нафты ў беларускі бюджэт. А таксама пытаньне перапрацоўкі ў Беларусі цёмных нафтапрадуктаў, да прыкладу, мазуту, які купляўся нашымі кампаніямі ў расейскіх, перапрацоўваўся, а нафтапрадукты рэалізоўваліся на беларускай і замежных рынках», — адзначыў Лукашэнка.
«Гэта няпростае, складанае пытаньне. Мы выпрацавалі два варыянты і дамовіліся з прэзыдэнтам Расеі...
Але фактычна яно вырашана. Трэба выбраць той ці іншы варыянт. Сёньня мы і абмяркуем з вамі, які варыянт, паглыбіўшыся ў тыя дамоўленасьці, якіх мы дасягнулі з Расеяй», — дадаў Лукашэнка.