Разгляд справы спынены да 8 кастрычніка.
18 верасьня на працэсе ў справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча скончылі вывучэньне матэрыялаў справы. Пракурор Шарсьнёў дадаткова апытаў абвінавачаных сяржантаў Бараноўскага, Скуратовіча і Вяжэвіча аб агучаных імі фактах фізычнага і псыхалягічнага ўзьдзеяньня з боку супрацоўнікаў КДБ, учыненых падчас сьледзтва. Пасьля чаго падаў хадайніцтва аб прыпыненьні разгляду справы ў сувязі зь неабходнасьцю правядзеньня праверкі дадзеных сяржантамі паказаньняў.
Праверку будзе праводзіць Сьледчы камітэт, яна зойме каля дзесяці дзён. Судзьдзя хадайніцтва пракурора задаволіў, разгляд справы аб сьмерці Аляксандра Коржыча працягнецца 8 кастрычніка.
Таксама са словаў дзяржаўнага абвінаваўцы стала зразумела, што падчас перапынку на працэсе Коржыча абвінавачаныя сяржанты выступяць у якасьці пацярпелых на працэсах старшага лейтэнанта Сукавенкі і прапаршчыка Вірбала. Гэтыя працэсы павінны пачацца неўзабаве.
Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць
3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.
5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.
Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?
Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.
У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.
Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.
Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча
Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.
Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.
У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.