Галоўнакамандуючы ВПС Ізраілю Амікам Норкін ў чацьвер падчас візыту ў Маскву перадаў расейскім вайскоўцам інфармацыю па справе аб гібелі расейскага самалёту Іл-20 каля берагоў Сырыі.
Пра гэта паведаміла прэсавая служба Арміі абароны Ізраілю.
Там растлумачылі, што бакі вырашылі працягнуць каардынаваць свае дзеяньні для прадухіленьня падобных інцыдэнтаў у будучыні.
Адзначаецца, што ў ліку перададзеных зьвестак — «перадпалётная інфармацыя і дадзеныя па выніках расьсьледаваньня інцыдэнту».
Асаблівая ўвага ізраільскай дэлегацыі, як паведамляецца, надала спробам Ірану перадаць стратэгічнае ўзбраеньне радыкальнай групоўцы «Хэзбалах» і ўмацаваць сваю прысутнасьць у Сырыі.
Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу раней заявіў, што мэта візыту Норкіна — паведаміць Маскве, што Ізраіль будзе абараняць сваіх грамадзян і ў той жа час гатовы працягваць супрацоўнічаць з Расеяй.
Пра тое, што Ізраіль мае права на самаабарону, Нэтаньягу сказаў асабіста Ўладзіміру Пуціну падчас тэлефоннай размовы, паведамляе газэта Haaretz. Падчас дыялёгу Нэтаньягу назваў «коранем праблемы» Іран, які, на яго думку, спрабуе выкарыстаць сырыйскую тэрыторыю для нападаў супраць Ізраіля.
Як паведамляў Крэмль, Пуцін у размове з Нэтаньягу абвінаваціў Ізраіль у парушэньні сувэрэнітэту Сырыі і недатрыманьні расейска-ізраільскіх дамоўленасьцяў.
Расейскі вайсковы самалёт Іл-20 быў зьбіты агнём сырыйскай СПА ў ноч на 18 верасьня. Загінулі 15 расейскіх вайскоўцаў. Міністэрства абароны Расеі абвінаваціла ў тым, што адбылося Ізраіль. У расейскім ведамстве сьцьвярджаюць, што ізраільскія зьнішчальнікі падчас нападу на вайсковыя аб’екты ўрадавых сіл у сырыйскай правінцыі Латакія нібыта выкарыстоўвалі Іл-20 як прыкрыцьцё і падставілі яго пад удар.
Ізраіль абвяргае гэтыя абвінавачваньні і ўскладае адказнасьць за гібель расейскага самалёту на войскі Башара Асада, адзначыўшы, што на момант крушэньня Іл-20 ізраільскія зьнішчальнікі ўжо знаходзіліся ў паветранай прасторы сваёй краіны.