Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фатаздымкі графа Тышкевіча выстаўленыя на аўкцыён. Ці пазмагаецца Беларусь за гэтую спадчыну?


Бэнэдыкт Тышкевіч у Вялым
Бэнэдыкт Тышкевіч у Вялым

«Так, гэта ўнікальныя фатаздымкі, і Гістарычны музэй быў бы шчасьлівы іх мець. Але ў нас няма такіх сродкаў. Набываем нейкія рэчы толькі праз партнэраў. Таму спадзяёмся на спонсараў», — гэтак намесьніца дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музэю Беларусі Ніна Калымага пракамэнтавала зьвесткі пра тое, што ў Вільні на аўкцыён выставілі 9 фатаздымкаў графа Бэнэдыкта Генрыка Тышкевіча, зробленых у Беларусі ў 1893 годзе.

Аўкцыён адбудзецца 27 верасьня. «Засталося мала часу, але калі знойдуцца партнэры, чаму б не паўдзельнічаць?» — сказала Свабодзе спадарыня Калымага.

Паводле мастачкі Галіны Сілівончык, фатаздымкі Тышкевіча — сапраўдныя шэдэўры беларускай фатаграфіі, адзначаныя залатымі мэдалямі на выставах у Варшаве ў 1894 годзе і ў Бэрліне ў 1899 годзе.

Агулам будзе выстаўлена 9 лотаў. Адзін зь іх — «Сяляне, Вяла (Беларусь)» — датаваны верасьнем 1893 году.

Гісторык і краязнаўца, старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч надзвычай высока ацэньвае значнасьць для Беларусі калекцыі фатаздымкаў Бэнэдыкта Тышкевіча.

«Тышкевіч — асоба эўрапейскага маштабу. Як фатамайстар ён працаваў і ў Эўропе, і ў Літве, і ў нас у Беларусі. Ягоны маёнтак — Рудня Вялая, гэта пад Івянцом. Адзін са здымкаў, які пазначаны геаграфічна па-літоўску „Вяла, Беларусь“, — гэта пэўна здымак з Рудні Вялай. Ён там пражыў некалькі гадоў зь дзецьмі, калі ў яго была дэпрэсія пасьля сьмерці маладой жонкі. Калі гэта фатакарткі з таго цыклю, яны ўнікальныя. Ён тады фатаграфаваў і ваколіцы Налібоцкай пушчы, цудоўныя краявіды вакол Рудні, вёску, яе жыхароў. Гэта сапраўды вельмі каштоўны матэрыял».

Адзначаючы каштоўнасьць здымкаў Бэнэдыкта Тышкевіча, якога прызнаюць пачынальнікам фотамастацтва ў Беларусі, Антон Астаповіч з сумам прадказвае іх далейшы лёс: «Беларусі яны не дастануцца».

«Хутчэй за ўсё, яны міма Беларусі ўсе сыдуць. Бо я ня бачу ў нашых музэйных установах і ў Міністэрстве культуры такога вялікага памкненьня, каб удзельнічаць у такіх аўкцыёнах. Толькі дзякуючы пэўным энтузіястам сярод музэйных супрацоўнікаў там яшчэ нешта робіцца, каб такая спадчына патроху вярталася ў Беларусь».

Працы Бэнэдыкта Тышкевіча — ня толькі выдатныя ўзоры фотамастацтва, яны важныя і як гістарычны матэрыял. Гэта зазначыла супрацоўніца Нацыянальнага гістарычнага музэю Надзея Саўчанка, куратарка музэйнай калекцыі фатаздымкаў.

Спадарыня Саўчанка прызнала, што дагэтуль музэй у падобных аўкцыёнах ня ўдзельнічаў, бо мае абмежаваныя фінансавыя магчымасьці.

«Аднак вельмі хацелася б, каб гэтыя здымкі аздобілі нашу калекцыю. Сьлінкі цякуць, так. Напішыце пра гэта, можа адгукнуцца спонсары», — папрасіла яна.

Паводле Надзеі Саўчанкі, у Беларусі намаганьнямі неабыякавых людзей ужо выстаўляліся здымкі Бэнэдыкта Тышкевіча, але даўно — яшчэ ў 2009 годзе.

«На пачатку 2000-х, пасьля выставы ў Вільні і зьяўленьня выдатнага каталёгу той выставы, спадчынай Тышкевіча захапіўся беларускі фотамастак Юры Васільеў, цяпер, на жаль, ужо нябожчык. Ён пайшоў у амбасаду Францыі, дзе ў горадзе Шалён-сюр-Сон ёсьць знакаміты музэй фатаграфіі, у якім захоўваюцца альбомы Тышкевіча. Васільеў пагаварыў з супрацоўнікамі амбасады, і яны дапамаглі зладзіць выставу копій. Але ад таго часу наш глядач здымкаў Бэнэдыкта Тышкевіча ня бачыў».

Надзея Саўчанка таксама адзначыла, што падобны аўкцыён праводзіцца не ўпершыню — некалькі гадоў таму ў Польшчы праходзіў аўкцыён афрыканскіх фатаздымкаў Тышкевіча.

«Тады выстаўлялася каля 10 здымкаў, на адным зь іх можна было пабачыць і самога графа з тубыльцамі. Але цяпер упершыню будзе аўкцыён ягоных беларускіх здымкаў. Гэта надзвычай важна».

Паводле Антона Астаповіча, стартавая цана працаў можа сягаць да 500 эўра, а прадказаць канчатковы кошт ён не бярэцца.

«Але гэта не астранамічныя грошы, іх можна знайсьці, у тым ліку ў бюджэце», — мяркуе абаронца культурнай спадчыны.

Як вынікае з сайту віленскага аўкцыёну, цана на згаданых беларускіх сялянаў будзе пачынацца ад 2000 эўра і, як прагназуецца, можа падскочыць яшчэ на тысячу.

У музэі фатаграфіі гораду Шалён-сюр-Сон захоўваецца 86 арыгінальных працаў Бэнэдыкта Тышкевіча. Яны былі выкупленыя ў 1993 годзе ў парыскага антыквара, грошы на гэта выдзеліў урад Францыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG