Міністэрства абароны Расеі адмаўляе датычнасьць расейскага зэнітна-ракетнага комплексу «Бук» да зьбіцьця малайзійскага «Боінга» над Данбасам 17 ліпеня 2014 году.
На брыфінгу прадстаўнікоў расейскага ведамства ў Маскве 17 верасьня начальнік Галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўленьня Міністэрства абароны Расеі Мікалай Паршын заявіў, што расейскім вайскоўцам удалося ідэнтыфікаваць паводле нумару сапловага блёку і рухавіка ракеты, якой, паводле зьвестак Міжнароднай сьледчай групы, быў зьбіты «Боінг», уліковы нумар самой гэтай ракеты.
Паводле расейскага вайскоўца, гэтая ракета ў сьнежні 1986 году была адпраўленая ў вайсковую частку 20152, разьмешчаную ў Цярнопальскай вобласьці Ўкраіны. Сьцьвярджаецца, што гэтая вайсковая частка не была расфармаваная, ракеты не вывозіліся ў Расею. Цяпер, як сьцьвярджаюць расейскія вайскоўцы, гэтая частка завецца 223-м зэнітна-ракетным палком, і яна ўдзельнічала ў баявых дзеяньнях на ўсходзе Украіны.
На сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі расейскія вайскоўцы таксама заявілі, што відэазапісы з расейскім «Букам» на ўсходзе Ўкраіны, якія былі апублікаваныя Міжнароднай сьледчай групай, былі сфальсыфікаваныя.
Прадстаўнік Міністэрства абароны Расеі таксама паведаміў, што нібыта мае ў сваім распараджэньні аўдыёзапіс размовы ўкраінскіх вайскоўцаў, які быў зроблены ў 2016 годзе і пацьвярджае дачыненьне Узброеных сіл Украіны да трагедыі. Аднак якіх-небудзь доказаў сапраўднасьці запісу ён не прадставіў.
Самалёт «Боінг-777» Малайзійскіх авіяліній, які выконваў рэйс з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур, быў зьбіты над зонай збройнага канфлікту на ўсходзе Украіны 17 ліпеня 2014. Загінулі 298 чалавек — усе, хто быў на борце.
Увесну Міжнародная сумесная сьледчая група, у якую ўваходзяць прадстаўнікі пяці краінаў, апублікавала прамежкавы даклад аб катастрофе, зь якога вынікае, што «Боінг» 17 ліпеня 2014 быў зьбіты з устаноўкі «Бук», якая належала 53-й зэнітна-ракетнай брыгадзе расейскай арміі.