Адразу два мерапрыемствы, прысьвечаныя беларускай «лібэралізацыі», адбыліся ў Варшаве ў рамках штогадовай канфэрэнцыі АБСЭ па чалавечым вымярэньні.
Адвакаты — пад кантролем уладаў
Спачатку ў фармаце «паралельнага мерапрыемства» абмяркоўвалася бягучая сытуацыя з грамадзянскімі і палітычнымі правамі ў Беларусі. Арганізатарам дыскусіі выступіла Асамблея няўрадавых арганізацый Беларусі.
Наколькі беларускія адвакаты незалежныя ў сваіх паводзінах? Штуршком для спрэчак на гэтую тэму стала справаздача, якую супольна падрыхтавалі Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (МФПЧ), Арганізацыя супраць катаваньняў, Парыская калегія адвакатаў і праваабарончы цэнтар «Вясна». Яе агучыла Юлія Ўанон з МФПЧ — адмысловая місія фэдэрацыі наведвала Беларусь на пачатку году.
«Якраз тады пачалася нечарговая пераатэстацыя адвакатаў, якія працавалі па так званай справе „Белага легіёну“. І адвакатка Бахціна страціла ліцэнзію. Таму мы пабаяліся, што лёс і іншых адвакатаў будзе такі ж сумны, як і іхных калегаў, якія абаранялі ўдзельнікаў Плошчы 19 сьнежня 2010 году. Тады частку зь іх пазбавілі ліцэнзій, а частку выключылі з адвакатуры», — тлумачыць сытуацыю ўдзельнік варшаўскай дыскусіі, прадстаўнік «Вясны» Валянцін Стэфановіч.
Менавіта таму ў Менск запрасілі місію Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, да якой далучыліся адвакаты з Парыскай калегіі. Яны мелі сустрэчы ў Міністэрстве юстыцыі.
«Усе адвакаты, якія працавалі па справе „Белага легіёну“, прайшлі пераатэстацыю. А вынікам місіі стаў яшчэ і даклад, які падрабязна ацэньвае сытуацыю ў Беларусі. Ён, канечне, значна шырэйшы, і там крытыкуецца беларускае заканадаўства, якое дазваляе выканаўчай уладзе кантраляваць адвакатаў», — удакладняе спадар Стэфановіч.
Мадэратар дыскусіі, юрыст Асамблеі НДА Юры Чавусаў адзначыў, што ў краіне існуе даволі парадаксальная сытуацыя, калі ўрад нібыта выконвае свае міжнародныя абавязаньні, прадстаўляе справаздачы, нават прымае «Міжведамасны плян па правах чалавека» і рапартуе пра яго пасьпяховую рэалізацыю. Але ж праваабаронцы бачаць іншую сытуацыю, калі грунтоўных зьменаў у заканадаўстве няма альбо яны абсалютна недастатковыя, а правы чалавека працягваюць сыстэматычна парушацца.
Мараторыю на сьмяротнае пакараньне дагэтуль няма
Другую дыскусію арганізаваў фонд «Беларускі дом», які зарэгістраваны ў Польшчы. Яго прадстаўнікі заявілі, што «ўрад Беларусі імітуе лібэралізацыю, а за праэўрапейскім фасадам працягваюцца рэпрэсіі».
Падчас абмеркаваньня кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі сказаў, што сытуацыя з правамі чалавека толькі пагаршаецца, а ўлады працягваюць рэпрэсіўную палітыку, накіраваную на грамадзянскую супольнасьць.
Праваабаронца нагадаў і пра праблему сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.
«Ніяк не вырашаецца пытаньне аб мараторыі або адмене сьмяротнага пакараньня. Сёлета тры чалавекі былі расстраляныя. Цяпер чатыры чалавекі сядзяць у камэрах сьмяротнікаў і чакаюць расстрэлу».
Штогадовая канфэрэнцыя па чалавечым вымярэньні АБСЭ праходзіць у Варшаве з 10 па 21 верасьня. Гэта найбуйнейшае агульнаэўрапейскае мерапрыемства па правах чалавека, на якім службовыя асобы дзяржаўных ведамстваў, міжнародныя экспэрты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці і праваабаронцы падводзяць вынікі выкананьня абавязаньняў, узятых на сябе дзяржавамі-ўдзельніцамі АБСЭ ў галіне чалавечага вымярэньня. На працягу двух тыдняў удзельнікі абмяркоўваюць становішча спраў у галінах, якія тычацца дэмакратыі, правоў чалавека і асноўных свабодаў.