Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі пакуль не плянуе далейшае павелічэньне пэнсійнага ўзросту


Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і пэнсіянэрка з Жыткавічаў. 28 красавіка 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і пэнсіянэрка з Жыткавічаў. 28 красавіка 2018 году

Урад Беларусі не разглядае пытаньне аб далейшым павышэньні пэнсійнага ўзросту, заявіў першы намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандар Турчын.

«У цяперашні час сытуацыя складваецца такім чынам, што з кожным годам колькасьць людзей пэнсійнага ўзросту на аднаго працоўнага павялічваецца. Разам з тым урад не разглядае пытаньне павышэньня пэнсійнага ўзросту», — сказаў Турчын падчас рабочай паездкі ў Гомельскую вобласьць.

«Што тычыцца ўзроўню пэнсій, дык у гэтым годзе неаднаразова падвышалі іх памеры. Плянуем захоўваць сярэдні памер працоўных пэнсій на ўзроўні 40% ад сярэдняй заработнай платы па краіне», — дадаў Турчын.

Ад 1 студзеня 2017 году прэзыдэнцкім указам прадугледжана штогадовае паэтапнае павышэньне пэнсійнага ўзросту з 60 да 63 гадоў у мужчын і з 55 да 58 гадоў — у жанчын. Таксама плянуецца паступовае павышэньне гранiчнага ўзросту знаходжаньня на вайсковай службе.

Права на атрыманьне пэнсіі паводле ўзросту маюць асобы, якія ажыцьцяўлялі ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ня менш за 15 гадоў. У выпадку адсутнасьці мінімальнага працоўнага стажу з выплатай неабходных страхавых узносаў дзяржавай прызначаюцца сацыяльныя пэнсіі. На сёньня яны складаюць палову пражытковага мінімуму (каля 50 даляраў), для інвалідаў прадугледжаная надбаўка.

Сярэдні памер пэнсій у Беларусі складае 364,2 рубля, сярэдні памер пэнсіі па ўзросьце — 374,33 рубля. У выніку пераразьліку ў сувязі з павелічэньнем БПМ мінімальны памер пэнсіі па ўзросьце з улікам вызначанай даплаты зь 1 жніўня складае 207,43 рубля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG