Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Транснефть»: У 2019 годзе пастаўкі нафты з Расеі ў Беларусь захаваюцца на ўзроўні 18 млн тон


Пастаўкі нафты з Расеі ў Беларусь праз трубаправод у 2019 годзе плянуецца захаваць на ўзроўні бягучага году ў 18 млн тон, паведаміў 13 верасьня віцэ-прэзыдэнт расейскага публічнага акцыянэрнага таварыства «Транснефть» Сяргей Андронаў.

Ён дадаў, што пастаўкі нафтапрадуктаў трубаправодам у 2018 годзе чакаюцца на ўзроўні 140 тысяч тон, заяўка на 2019 год — 180 тысяч тон, адзначаецца ў рэлізе «Транснефти». Асноўны аб’ём нафтапрадуктаў з Расеі ў Беларусь пастаўляецца чыгункаю. У першай палове 2018 году імпарт нафтапрадуктаў з Расеі склаў 2,11 млн тон.

13 верасьня віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка і намесьнік старшыні ўраду Расеі Дзьмітры Козак, якія курыруюць энэргетычную сфэру сваіх краінаў, правялі ў Маскве перамовы. Іх зьмест невядомы.

5 верасьня дырэктар дэпартамэнту падатковай і мытнай палітыкі Міністэрства фінансаў Расеі Аляксей Сазанаў заявіў, што пры пастаўках нафтапрадуктаў у Беларусь расейскі бюджэт недаатрымлівае экспартныя пошліны, але больш такога скрытага субсыдаваньня беларускай эканомікі ня будзе.

У сваю чаргу, міністар энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак падкрэсьліў, што пастаўляць нафтапрадукты ў Беларусь эканамічна нямэтазгодна.

10 верасьня віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў журналістам, што Беларусь будзе настойваць на захаваньні аб’ёмаў паставак расейскіх нафтапрадуктаў.

У першым паўгодзьдзі Беларусь істотна павялічыла імпарт нафтапрадуктаў з Расеі. Аднак з ініцыятывы расейскага боку ўжо падрыхтавана рашэньне аб тым, што з чацьвёртага кварталу 2018 году Расея абмяжуе пастаўкі Менску нафтапрадуктаў і гатовая пастаўляць іх выключна для задавальненьня ўнутраных патрэбаў Беларусі.

Акрамя гэтага, праект міждзяржаўнага рашэньня прадугледжвае, што на патрабаваньне расейскіх уладаў беларускія прадпрыемствы і дзяржаўныя органы павінны будуць абгрунтоўваць гэтыя ўнутраныя патрэбы.

Міністэрства фінансаў Расеі мяркуе, што пастаўкі нафтапрадуктаў з Расеі ў Беларусь могуць зьменшыцца больш як у 10 разоў і з 2019 году будуць складаць 100–300 тысяч тон за год.


Пра страты Менску ад развароту Масквы

У ліпені 2018 году Дзяржаўная Дума Расеі прыняла законапраект аб паступовым скасаваньні мыта на вываз нафты — так званым падатковым манэўры. Гэта азначае, што беларуская эканоміка страціць вуглевадародную «іголку», на якой сядзела больш за 20 гадоў. Расейская нафта для Беларусі будзе каштаваць столькі ж, колькі і для іншых краінаў.

Беларусь зарабляе мільярды на экспарце нафтапрадуктаў
Беларусь зарабляе мільярды на экспарце нафтапрадуктаў

Згодна з дакумэнтам, цягам 2019–2025 гадоў Расея паступова зьнізіць экспартнае мыта на сваю нафту зь цяперашніх 30% да нуля. Адначасова павялічыцца падатак на здабычу гэтай сыравіны. У выніку, адзначаюць экспэрты, Беларусь ня зможа перапрадаваць расейскія вуглевадароды.

Нават пры цяперашніх ваганьнях нафтавых цэнаў Беларусь выйграé да 2,5 мільярда даляраў за год, закупляючы яе ў Расеі — гэта прыкладна 5% ад валавога ўнутранага прадукту.

З 24 мільёнаў тон расейскай нафты прыкладна 6 мільёнаў рээкспартуецца з нацэнкай у краіны Эўразьвязу. Большая частка з астатніх 18 мільёнаў тон пасьля перапрацоўкі ў Мазыры і Наваполацку таксама ідзе на замежны рынак. Усё гэта прыносіла значныя даходы. Але ад наступнага году нафтавыя субсыдыі пачнуць істотна «абразацца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG