Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар энэргетыкі Расеі: пастаўляць нафтапрадукты ў Беларусь эканамічна немэтазгодна


Аляксандар Новак
Аляксандар Новак

«У цэлым прадугледжаныя індыкатыўным балянсам нулявыя лічбы па пастаўках нафтапрадуктаў з Расеі ў Беларусь, таму што Беларусь забясьпечвае сябе цалкам за кошт перапрацоўкі расейскай нафты ўласнымі нафтапрадуктамі. У гэтай сувязі эканамічнай мэтазгоднасьці ў тым, каб пастаўляць расейскія нафтапрадукты Беларусі няма» — цытуе Аляксандра Новака БелаПАН са спасылкай на ТАСС.

Па словах міністра, сёлета Расея пастаўляла Беларусі некаторыя віды нафтапрадуктаў, «хоць у цяперашні час індыкатыўны балянс гэтага не прадугледжвае».

Ён таксама паведаміў, што Масква і Менск усталююць лімітавы ўзровень паставак нафтапрадуктаў з Расеі ў Беларусь на наступны год. «Мы складаем штогод балянсы з беларускімі калегамі, зараз такая праца вядзецца на 2019 г.», — сказаў міністр.

У першым паўгодзьдзі Беларусь павялічыла імпарт нафтапрадуктаў у паўтара разы. Паводле зьвестак беларускай статыстыкі, у студзені-чэрвені з Расеі было імпартавана прынамсі 2,1 млн тон нафтапрадуктаў на суму 0,8 млрд даляраў. Імпарт расейскіх нафтапрадуктаў павялічыўся ў фізычным выражэньні амаль удвая.

Паводле інфармацыі БелаПАН, па ініцыятыве расейскага боку ўжо падрыхтаванае рашэньне аб тым, што з чацьвёртага кварталу 2018 года Расея абмяжоўвае пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь і гатовая пастаўляць іх выключна для задавальненьня ўнутраных патрэбаў Беларусі.

Акрамя таго, праект міждзяржаўнага рашэньня прадугледжвае, што па патрабаваньнях расейскіх уладаў беларускія прадпрыемствы і дзяржаўныя органы павінны будуць абгрунтоўваць гэтыя ўнутраныя патрэбы.

Як паведамляла ў жніўні агенцтва Reuters са спасылкай на дакумэнтальныя крыніцы, Расея плянуе абмежаваць пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь у сувязі з тым, што падазрае Беларусь у рээкспарце расейскіх нафтапрадуктаў.

Міністэрства фінансаў Расеі мяркуе, што пастаўкі нафтапрадуктаў з РФ у Беларусь могуць зьменшыцца больш чым у 10 разоў і з 2019 году будуць складаць 100-300 тыс. тон у год.

«Размова можа ісьці аб аб’ёмах паставак ад 100 да 300 тысяч тон у год, але не пра 2 мільёны тон, як у цяперашні час», — заявіў кіраўнік падатковага дэпартамэнту Мінфіну РФ Аляксей Сазанаў, якога цытуе Інтэрфакс са спасылкай на Reuters.

«Летась мы страцілі на гэтым 10 мільярдаў рублёў (прыкладна 300 мільёнаў беларускіх рублёў), сёлета толькі за першае паўгодзьдзе — яшчэ 10 мільярдаў», — дадаў прадстаўнік Мінфіну Расеі.

«Беларусь мае прафіцыт па ўсіх нафтапрадуктах за кошт сваёй нафтаперапрацоўкі. Таму ім выгадна закупляць расейскія нафтапрадукты — больш танныя, а свае нафтапрадукты вывозіць на экспарт і залічаць экспартныя пошліны ў свой бюджэт. Адпаведна, пастаўляючы нафтапрадукты ў Беларусь, расейскі бюджэт недаатрымлівае экспартнае мыта, бо гэтыя нафтапрадукты ідуць на задавальненьне ўнутраных патрэбаў рынку Беларусь» — мяркуе Аляксей Сазанаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG