Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцябляніна асудзілі «за распальваньне варожасьці па нацыянальнай прыкмеце»


Пётар Трублінскі
Пётар Трублінскі

Віцебскі абласны суд прызнаў 28-гадовага жыхара Віцебску Пятра Трублінскага вінаватым у злачынстве паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу. За «распальваньне варожасьці па нацыянальнай прыкмеце» яму прысудзілі два гады зьняволеньня з адтэрміноўкай і грашовае спагнаньне.

Два гады пазбаўленьня волі — за відэаролікі

Судзьдзя Людміла Ларына пастанавіла пакараць Пятра Трублінскага пазбаўленьнем волі на два гады з адтэрміноўкай на адзін год. Калі за гэты час Трублінскі ўчыніць іншае злачынства або правапарушэньне, то адтэрміноўка перастане дзейнічаць, і яму давядзецца адбываць прысуджанае пакараньне за кратамі.

Паводле выраку, Трублінскі прызнаны вінаватым «па прыкмеце распальваньня міжнацыянальнай варажнечы». Хлопец казаў журналістам, што на ягонай старонцы «Ўкантакце» былі захаваныя відэаролікі з прамовамі Гітлера. У выраку, зачытаным судзьдзёй Ларынай, таксама згадваліся відэаролікі, у назвах якіх фігуравалі «цыганы» і «габрэі».

Трублінскаму прысуджана яшчэ й грашовае спагнаньне

Паводле выраку, агучанага судзьдзёй, на Трублінскага ўскладзены абавязак сплаціць крымінальна-прававую кампэнсацыю памерам 50 базавых велічынь (1225 рублёў). Гэтую суму Пётар Трублінскі абавязаны сплаціць на працягу 6 месяцаў.

Раней, 20 ліпеня, Першамайскі раённы суд аштрафаваў яго паводле артыкула 17.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць») на 15 базавых велічынь (367 рублёў 50 капеек). Двойчы караць за адно й тое самае нельга, і ёсьць верагоднасьць, што Трублінскаму вернуць ужо сплачаны адміністрацыйны штраф з улікам наяўнасьці больш строгага крымінальнага пакараньня.

Рэчавыя доказы па справе — зьнішчыць

Паводле выраку, зьнішчэньню падлягаюць «прадметы, з дапамогай якіх было зьдзейсьнена злачынства». Гэта некалькі дыскаў зь відэаролікамі. Мабільны тэлефон, забраны падчас ператрусу 10 траўня, падлягае «прымусовай ачыстцы ад матэрыялаў экстрэмісцкага зьместу», якую зробяць адмыслоўцы. Яшчэ адзін прадмет, які мае быць зьнішчаны — гэта жалезны штых, знойдзены ў кватэры Трублінскіх. Штых ня тычыцца экстрэмісцкай дзейнасьці, але захоўваўся незаконна, лічаць міліцыянты.

Навошта суд зрабілі закрытым?

Ні Пётар Трублінскі, ні ягоны адвакат ня маюць права разгалошваць падрабязнасьці працэсу, які праходзіў у закрытым рэжыме на хадайніцтва пракурора Натальлі Гаўрылюк.

На думку сваякоў, прыхаванай ад грамадзкасьці засталася нязначнасьць віны Пятра. Яны кажуць, што ён ня ўдзельнічаў у экстрэмісцкіх групоўках, не займаўся прапагандай пэўных поглядаў. Сваякі таксама лічаць, што суд варта было б зрабіць як мага больш публічным — каб моладзь ведала, што нават за гэта можна чакаць карных наступстваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG