Прадстаўніца Сьледчага камітэту па Омскай вобласьці Расеі Ларыса Болдзінава пацьвердзіла, што на фэміністку Любоў Калугіну завялі крымінальную справу па артыкуле 282 расейскага Крымінальнага кодэксу («Распальваньне нянавісьці альбо варожасьці, а роўна зьнявага чалавечай годнасьці») за яе публікацыі ў сацыяльнай сетцы «УКантакце». Паводле гэтага артыкулу актывістцы пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі.
22 жніўня сама Калугіна распавяла Радыё Свабода, што 12 яе публікацый у сацыяльнай сетцы правяраюць на наяўнасьць экстрэмізму. Паводле актывісткі, заяву з нагоды яе пастоў, якія нібыта распальваюць нянавісьць да мужчын (яны былі апублікаваныя ў 2013-2016 гадах), напісаў жыхар Бірабіджану вясной 2017 году. У ліпені 2017 году Калугіну выклікалі на размову ў паліцыю і ўзялі з яе тлумачэньне. У жніўні 2018 го яе выклікалі ўжо ў Сьледчы камітэт, паведамілі аб экспэртызе і аб тым, што справа можа быць заведзена.
Калугіна вядзе свой відэаблог пра фэмінізм на Youtube і зьяўляецца адной з адміністратарак радыкальна-фемінісцкай суполкі «Proud of Being a Womyn» у сацыяльнай сетцы «УКантакце».
«Я лічу, што ніякіх падстаў мяне прыцягваць па артыкуле аб распальваньні нянавісьці або варожасьці ў адносінах да каго б там ні было няма», — падкрэсьліла Калугіна ў інтэрвію Радыё Свабода.
«Жанчын немагчыма заклікаць да гвалту супраць мужчын. Яны значна слабейшыя і яны любяць мужчын, эмацыйна моцна да іх прывязаныя. Ніводная жонка не памчыцца біць мужа патэльняй, паглядзеўшы на мае жартачкі і мэмы. 90% матэрыялаў — жарты альбо разборкі зь іншымі фэміністкамі, у якіх мужчыны згадваюцца паколькі-пастолькі. Чалавек, які пісаў данос, відавочна проста не зразумеў, пра каго і пра што ідзе гаворка».