Ад 29 сакавіка ў краінах Эўразійскага эканамічнага саюзу і ў тым ліку ў Беларусі зьмяніўся парадак налічэньня мытных збораў за ўвоз «непадзельных» тавараў.
«Непадзельным» таварам называецца рэч для асабістага карыстаньня, вагой большая за 35 кг, у сабраным ці разабраным выглядзе, разьдзяленьне якой прывядзе да зьмены прызначэньня. Цяпер за ўвоз такіх тавараў трэба плаціць 30% ад іх кошту, ня менш за 4 эўра на 1 кг вагі. Раней мыта залежала ад тыпу тавару.
Як адзначае Tut.by, тарыфы на тавары, якія перавышаюць ліміты, вырасьлі. Калі раней за лядоўню вагой 58 кг за 350 эўра трэба было плаціць 112 эўра мыта, то цяпер — 232 эўра, удвая больш. За ўвоз пральнай машыны вагой у 40 кг за 300 эўра раней трэба было бы заплаціць 114 эўра, цяпер — 160 эўра.
Паводле таго ж рашэньня Эўразійскай эканамічнай камісіі, да канца 2018 году без дадатковых збораў грамадзяне могуць правозіць тавараў максымум на 1500 эўра вагой да 50 кг, з 2019 году — ня больш як на 1000 эўра, з 2020-га — да 35 кг на 750 эўра, у 2021-м — да 25 кг на 500 эўра. Калі тавар перавышае норму, давядзецца плаціць 30% ад цаны і ня менш за 4 эўра на 1 кг. У Беларусі гэтыя нормы могуць удакладніць, прыняць уласныя.
Цяпер у Беларусь можна правозіць тавары да 50 кг на 1500 эўра, калі езьдзяць за мяжу не часьцей, чым раз на тры месяцы. Калі часьцей — да 20 кг і 300 эўра. Таксама дзейнічаюць ліміты на пасылкі з-за мяжы.