Паводле зьвестак Дзяржаўнага мытнага камітэту, беларусы ў 2016 годзе атрымалі 12,7 млн міжнародных пасылак. Але даражэйшымі за 22 эўра быў толькі 1% замежных пасылак, атрыманых фізычнымі асобамі, перадае Tut.by.
Статыстыкі пра тое, якая частка пасылак прыйшла з інтэрнэт-крамаў, няма. Але ў мытным камітэце кажуць, што колкасьць міжнародных пасылак наўпрост залежыць ад таго, колькі тавараў грамадзяне купляюць праз інтэрнэт.
Год таму Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога за пасылкі з таварамі, даражэйшымі за 22 эўра (цану самастойна вызначае мытня) і цяжэйшымі за 10 кг, трэба плаціць дадатковы мытны збор.
«Часьцей за ўсё перавышэньне нормы адбываецца за кошт паступленьня некалькіх пасылак на іхны адрас цягам каляндарнага месяца, — тлумачаць Tut.by у Дзяржаўным мытным камітэце. — У асноўным налічэньне сумаў мыта і падаткаў рабілася мытнымі органамі на падставе зьвестак пра цану тавараў, названую адпраўнікам у дакумэнтах, што суправаджаюць міжнародныя паштовыя адпраўленьні».
Беларускія ўлады летась выказвалі жаданьне прасоўваць беларускія тавары на найбольш папулярнай гандлёвай пляцоўцы ў інтэрнэце — AliExpress. Але не падобна, каб да гэтага прыкладаліся вялікія высілкі. Знайсьці беларускія тавары на AliExpress ці аналягічных пляцоўках праблематычна. Нягледзячы на абмежаваньні, AliExpress застаецца самай папулярнай гандлёвай пляцоўкай у Байнэце, сайт займае 9-е месца паводле папулярнасьці сярод усіх сайтаў Беларусі, абганяе Mail.ru, «Вікіпэдыю» і Instagram.