12 верасьня пачынаецца афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ва Ўзбэкістан. Увосень 2016 году беларускі кіраўнік спыняўся ў Самаркандзе на зваротным шляху з Пакістану, каб адведаць магілу былога ўзбэцкага прэзыдэнта Іслама Карымава.
Сёлета з нагоды прыезду кіраўніка Беларусі ўздоўж шашы з аэрапорту зьявіліся вітальныя бігборды на ўзбэцкай і беларускай мовах. Плянуецца заехаць на колішні Ташкенцкі трактарны завод, а таксама да нядаўна адкрытага ў сталіцы бюсту Якуба Коласа на аднайменнай вуліцы — тут беларускі клясык жыў у эвакуацыі.
У верасьні 2016 году 30 мільёнаў жыхароў гэтай постсавецкай сярэднеазіяцкай краіны атрымалі шанец на «перазагрузку»: дыктатар Іслам Карымаў памёр, правёўшы ва ўладзе амаль 30 гадоў. Яго сьмерць некалькі дзён хавалася, а па выніках датэрміновых выбараў у сьнежні таго ж году вакантнае месца заняў дыплямаваны мэліяратар Шаўкат Мірзіёеў.
Нягледзячы на тое, што дагэтуль Мірзіёеў амаль 15 гадоў кіраваў урадам, бальшыня выбарцаў даведаліся, як ён выглядае, толькі пасьля сыходу Карымава — культ асобы не спрыяў, каб на тэлебачаньні ці ў газэтах зьяўляўся нехта яшчэ, апроч прэзыдэнта.
Уяўная «адліга» і выдаткі эўфарыі
Уражаньнямі пра жыцьцё ў абноўленай краіне падзяліўся са Свабодай Саід Янышаў — адзін зь нешматлікіх незалежных журналістаў Узбэкістану. Яго ня раз прыцягвалі да адказнасьці за спробы «замаху на канстытуцыйны лад», але, нягледзячы на перасьлед, ён ня зьехаў з краіны і да канца працаваў ва ўмовах карымаўскай дыктатуры, якая небеспадстаўна лічылася адной з самых жорсткіх у сьвеце.
— Саід, акурат два гады ўзбэкі жывуць пры новай уладзе. Удалося крыху разьняволіцца?
— Вось менавіта — хіба што «крыху разьняволіцца». Спачатку сапраўды былі абвешчаныя рэформы, якія на фоне без малога трох дзесяцігодзьдзяў дыктатуры Карымава нават былі названыя «адлігай» — на ўзор пачатку кадэнцыі савецкага партыйнага лідэра Мікіты Хрушчова. Але неўзабаве эўфарыя зьмянілася пэсымістычнымі настроямі — нібыта крок наперад, але пры гэтым два назад. Вось недзе паміж небам і зямлёй і боўтаемся.
— Дагэтуль Узбэкістан сумна славіўся рэпрэсіўным апаратам, які не цярпеў іншадумства. Як цяпер?
— Па-першае, Службу нацыянальнай бясьпекі істотна перафарматавалі, цяпер гэта Служба дзяржаўнай бясьпекі. Па-другое, прыбралі непатапляльнага, здавалася б, старшыню СНБ Рустама Інаятава, які заставаўся на гэтай пасадзе ад пачатку незалежнасьці і лічыцца адказным за стварэньне ў нетрах службы «катавальнага канвэера».
Дык вось, калі раней астатнія сілавікі іх баяліся, не рызыкавалі свавольнічаць на сваіх месцах, дык цяпер, як наракаў былы эсэнбэшнік, спэцслужбы сёньня ні ўва што ня ставіць нават міліцыя. Ужо праваахоўнікі адчуваюць сябе каралямі жыцьця. Таму, з аднаго боку, гавораць пра нейкія рэформы ў краіне, а зь іншага — правабааронцы рэгулярна канстатуюць парушаныя правы грамадзянаў. Кожны дзень людзей за нешта затрымліваюць, выпісваюць неадэкватныя штрафы і г.д. Вось такія паралельныя прасторы.
Журналісцкая вольніца і самаадукацыя
— У апошнія гады кіраваньня Карымава незалежным журналістам месца ў краіне практычна не засталося. Пры Мірзіёеву стала прасьцей?
— Журналістам сапраўды стала прасьцей. За два гады адбыўся рэальны прарыў, і мясцовыя онлайн-мэдыі выдаюць крытычныя артыкулы, што яшчэ нядаўна немагчыма было нават уявіць. Існуюць табуяваныя тэмы, але ж людзей пераважна цікавіць соцыюм, надзённыя праблемы. Таму СМІ досыць спакойна пішуць, дакопваюцца да праўды.
У гэтым сэнсе да прэсы вярнулася ня тое што павага, а як было гадоў 20 таму — пэўны страх перад ёй. Калі дастаткова было паказаць «корачку» — і калі ты журналіст, з табой будуць лічыцца. Вось і сёньня ў нейкім сэнсе зьявілася такое паслужлівае стаўленьне. Ну, і народ самаадукоўваецца. У нас тыдзень не працаваў Facebook. Дык уся краіна дружна авалодала навыкамі абыходу блякаваньня. Раней ніхто ня ўмеў, толькі скардзіліся. А цяпер ніхто ня плачацца, бо ўсе ўмеюць карыстацца альтэрнатыўнымі інструмэнтамі.
— Даходзяць зьвесткі, што зьявілася неафіцыйнае распараджэньне адмовіцца ад любога ўсхваленьня на афіцыйных імпрэзах Іслама Карымава. Гэта праўда?
— Так, былі такія паведамленьні, якія грунтаваліся на крыніцах з калідораў улады. Маўляў, напярэдадні Дня незалежнасьці, які адзначаецца 1 верасьня, было рэкамэндавана адмовіцца ад любых згадак пра памерлага прэзыдэнта. Але дзякуючы таму, што ўсе ўзбэцкія электронныя СМІ пра гэта напісалі, улады асадзілі назад і адмовіліся ад сваёй ідэі. Тут жа пачалі шукаць вінаватых, праз каго пратачылася службовая інфармацыя. Нібыта так і не знайшлі.
У цэлым агульнае адчуваньне «па палаце» такое: новы кіраўнік краіны намагаецца нешта рабіць у лепшы бок, а чыноўнікі на месцах сабатуюць ягоныя рашэньні, каб запаволіць заплянаваныя рэформы. Хоць асабіста я — як журналіст і чалавек досыць вопытны — не выключаю, што гэта толькі гульні. Зьверху нібыта ідзе паказная рэфармацыя, а зьнізу прагрэсу пярэчаць. Усё ў адной зьвязцы — агульнавядома, адкуль гніе рыба.
Зь ценю падышаха да «прасьвятленьня»
— І ўсё ж ці выпадае параўноўваць рэжымы — дыктатар-цяжкавагавік Карымаў і адносны лібэрал Мірзіёеў?
— Несумненна, можна казаць, што яны розныя, але, зноў жа, ня трэба забывацца: Мірзіёеў паўтара дзясятка гадоў быў прэм’ерам пры Карымаву. Адпаведна, цудоўна бачыў, ведаў, што адбываецца ў кулюарах улады. Цяпер гучаць апраўданьні — маўляў, а што ён мог зрабіць пры такім падышаху? А вось як падышаха ня стала, то ўжо і рукі разьвязаныя, і ўсё, пра што марыў, цяпер можа спакойна ўвасабляць у жыцьцё.
Паколькі гэта толькі домыслы, шчыра кажучы, ня ўпэўнены ў іх праўдзівасьці. Пэрсанальна ў мяне няма веры, што заўтра гэтая гульня ў дэмакратыю працягнецца і народу будзе лепш. Я ўжо казаў пра адчуваньні кроку наперад і двух назад. Хоць, бясспрэчна, у гэтым сэнсе ў нас лепш, чым у Туркмэністане. Там гэта ўжо на ўзроўні параноі.
— Саід, што з узбэцкай прэсы вядома пра візыт Аляксандра Лукашэнкі, чым зьбіраюцца яго зьдзівіць?
— Як і астатнія калегі, ведаю пра візыт у агульных рысах. Пішуць традыцыйна суха, толькі тое, што плянуюцца двухбаковыя перамовы на найвышэйшым узроўні. Карацей, ні пра што. Адзінае, празь сябра-журналіста, які працуе ў часопісе, зьвязаным з машынабудаваньнем, дазнаўся, што наводзяць капітальны марафет на тэрыторыі былога Ташкенцкага трактарнага заводу.
Апошні тыдзень суткамі драяць, чысьцяць, рамантуюць — напярэдадні прыезду туды Мірзіёева і Лукашэнкі. Верагодна, будуць абмяркоўваць зборачную вытворчасьць ці саміх трактароў, ці камбайнаў зьбіраць бавоўну. Прынамсі, раней такія пляны агучваліся. Зразумела, што суправаджаць прэзыдэнтаў будуць толькі ляяльныя, правераныя журналісты. Таму ня думаю, што ўдасца нават падысьці да помніка Якубу Коласу, усё будзе ачэплена.
Саід Янышаў нарадзіўся ў 1972 годзе ў Ташкенце. Паэт, празаік, журналіст, кампазытар, кінарэжысэр. Атрымаў мовазнаўчую і акторскую адукацыю — скончыў Узбэцкі дзяржаўны ўнівэрсытэт сусьветных моваў, а таксама акторскае аддзяленьне Інстытуту мастацтваў імя Уйгура. Аўтар кніг прозы і паэзіі, рэжысэр больш як 10 фільмаў, якія адносяцца да так званага «паралельнага кіно», ажыцьцявіў шэраг тэатральных пастановак. Супрацоўнічае з замежнымі і ўзбэцкімі СМІ. Жыве ў Ташкенце.