Беларусь будзе настойваць на захаваньні аб’ёмаў паставак расейскіх нафтапрадуктаў, сказаў журналістам 10 верасьня ў Менску віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ігар Ляшэнка.
«Мы настойваем на традыцыйна ўсталяваных аб’ёмах. Ніякіх рэзкасьцяў, нам патрэбная стабільнасьць», — прыводзіць словы віцэ-прэм’ера расейскае агенцтва ТАСС.
Паводле Ляшэнкі, перамовы з расейскім калегам па пастаўках нафты і нафтапрадуктаў з Расеі ў Беларусь заплянаваныя на бягучым тыдні.
«Расейскі бок прапануе ўдакладніць аб’ёмы па нафтапрадуктах, а па нафце пад сумнеў аб’ёмы ніхто ня ставіць», — сказаў Ляшэнка.
На мінулым тыдні дырэктар дэпартамэнту падатковай і мытнай палітыкі Міністэрства фінансаў Расеі Аляксей Сазанаў заявіў, што пры пастаўках нафтапрадуктаў у Беларусь расейскі бюджэт недаатрымлівае экспартныя пошліны, але больш такога схаванага субсыдаваньня беларускай эканомікі ня будзе.
У сваю чаргу, міністар энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак падкрэсьліў, што пастаўляць нафтапрадукты ў Беларусь эканамічна немэтазгодна.
Міністэрства фінансаў Расеі мяркуе, што пастаўкі нафтапрадуктаў з Расеі ў Беларусь могуць зьменшыцца больш як у 10 разоў і з 2019 году будуць складаць 100–300 тысяч тон у год.
У першым паўгодзьдзі Беларусь істотна павялічыла імпарт нафтапрадуктаў з Расеі. Аднак з ініцыятывы расейскага боку ўжо падрыхтавана рашэньне аб тым, што з чацьвёртага кварталу 2018 году Расея абмяжоўвае пастаўкі Менску нафтапрадуктаў і гатовая пастаўляць іх выключна дзеля задавальненьня ўнутраных патрэбаў Беларусі.
Акрамя гэтага, праект міждзяржаўнага рашэньня прадугледжвае, што на патрабаваньне расейскіх уладаў беларускія прадпрыемствы і дзяржаўныя органы павінны будуць абгрунтоўваць гэтыя ўнутраныя патрэбы.
Пра страты Менску ад развароту Масквы
У ліпені 2018 году Дзяржаўная Дума Расеі прыняла законапраект аб паступовым скасаваньні мыта на вываз нафты — так званым падатковым манэўры. Гэта азначае, што беларуская эканоміка страціць вуглевадародную «іголку», на якой сядзела больш за 20 гадоў. Расейская нафта для Беларусі будзе каштаваць столькі ж, колькі і для іншых краінаў.
Згодна з дакумэнтам, цягам 2019–2025 гадоў Расея паступова зьнізіць экспартнае мыта на сваю нафту зь цяперашніх 30% да нуля. Адначасова павялічыцца падатак на здабычу гэтай сыравіны. У выніку, адзначаюць экспэрты, Беларусь ня зможа перапрадаваць расейскія вуглевадароды.
Нават пры цяперашніх ваганьнях нафтавых цэнаў Беларусь выйграе да 2,5 мільярда даляраў за год, закупляючы яе ў Расеі — гэта прыкладна 5% ад валавога ўнутранага прадукту.
З 24 мільёнаў тон расейскай нафты прыкладна 6 мільёнаў рээкспартуецца з нацэнкай у краіны Эўразьвязу. Большая частка з астатніх 18 мільёнаў тон пасьля перапрацоўкі ў Мазыры і Наваполацку таксама ідзе на замежны рынак. Усё гэта прыносіла значныя даходы. Але ад наступнага году нафтавыя субсыдыі пачнуць істотна «абразацца».